У эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом паведамілі, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі з нагоды імавернасьці падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС склікаў стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Расея дыктуе ўмовы для вываду сваіх войскаў з Херсону
Экспэрты ISW мяркуюць, што расейцы рыхтуюцца падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС пасьля выхаду з захаду Херсонскай вобласьці і абвінаваціць у гэтым украінскія войскі.Дамба ўтрымлівае больш за 18 мільёнаў кубамэтраў вады, і яе падрыў прывядзе да вялікага імклівага затапленьня населеных пунктаў, што знаходзяцца ўздоўж Дняпра, у тым ліку гораду Херсону.
«Працяг расейскай падрыхтоўкі да нападу пад фальшывым сьцягам на Кахоўскую ГЭС таксама, пэўна, мае на мэце адцягнуць увагу ад паведамленьняў аб расейскіх стратах у Херсонскай вобласьці», – мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.
Паводле экспэртаў ISW, паведамленьні пра раскраданьне спэцыяльнай і цывільнай тэхнікі пажарнага дэпо ў Херсоне і яе перапраўку паромам у горад Голая Прыстань сьведчаць аб тым, што расейцы засвоілі ўрокі панічнага адступленьня з Харкаўскай вобласьці.
«Разумным з ваеннага пункту гледжаньня было б вывезьці людзей і тэхніку ў належным парадку, каб пазьбегнуць чарговага разбуральнага разгрому. Такі разгром у Херсоне можа заціснуць расейскія сілы і тэхніку на заходнім беразе Дняпра», – адзначаецца ў справаздачы ISW.
Украінскія войскі адбілі атакі расейцаў у Берыслаўскім раёне
Расея сканцэнтравала ў Берыслаўскім раёне свае склады з боепрыпасамі – раённы цэнтар знаходзіцца акурат насупраць Кахоўкі цераз раку Дняпро.Ужо зь лета ўкраінская авіяцыя і артылерыя стала атакуе пункты кіраваньня і склады з боепрыпасамі і тэхнікай у Берыслаўскім раёне.
Паводле апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень», за ўчора расейцы тройчы спрабавалі атакаваць пазыцыі ўкраінцаў у гэтым раёне армейскай і штурмавой авіяцыяй. «У выніку (вораг) атрымаў агнявы адказ і рэтыраваўся», – паведаміў сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў.Паводле інфармацыі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, на часова акупаваную тэрыторыю Херсонскай вобласьці Расея перакінула каля 2000 мабілізаваных, каб папоўніць страты і аднавіць баяздольнасьць сваіх падразьдзяленьняў.
«Разам з тым акупацыйная ўлада выдала распараджэньне аб падрыхтоўцы эвакуацыі для так званых «банкаўскіх устаноў», падрыхтавалі эвакуацыйныя сьпісы завезеных расейскіх мэдыкаў і настаўнікаў. Аб’екты гуманітарнай сфэры ў Херсоне спынілі працу», – паведаміў сьпікер украінскага Генштабу Аляксандар Штупун.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.