Выведка Вялікай Брытаніі: Расея сур’ёзна разглядае вывад сваіх войскаў у раёне Херсону

Расейскія акупанты ў Херсоне
Расейскія акупанты ў Херсоне

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі назвала «вельмі незвычайнай» заяву новага камандуючага расейскай арміі Сяргея Суравікіна аб «складанай сытуацыі» у раёне Херсону і неабходнасьці эвакуацыі адтуль мірнага насельніцтва.

«Імаверна, гэта сьведчыць пра тое, што расейскія ўлады сур’ёзна разглядаюць маштабны вывад сваіх сілаў з раёну на захад ад Дняпра. Ключавой задачай любой расейскай апэрацыі па вывадзе войскаў і тэхнікі будзе вываз цераз раку шырынёй 1000 мэтраў», — мяркуюць брытанскія выведнікі.

У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі мяркуюць, што, паколькі ўсе стацыянарныя масты цераз раку Дняпро сур’ёзна пашкоджаныя, то Расея, хутчэй за ўсё, будзе спадзявацца на часовы мост, стварэньне якога пры дапамозе баржаў расейцы завяршылі ў апошнія дні, і вайсковыя пантонныя паромы, якія працягваюць працаваць у некалькіх месцах.

19 кастрычніка ўлады Ўкраіны паведамілі, што ў Херсонскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 29 населеных пунктаў.

Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што рашэньне расейцаў перакінуць свае войскі з правага берага Дняпра на левы ў Херсонскай вобласьці, адкуль ёсьць прамы выхад на Крым, зьвязана са зьнішчэньнем іхных базаў і складоў з боепрыпасамі ў Берыслаўскім, Кахоўскім і Таўрыйскім раёнах.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны выказалі думку, што расейцы могуць прыкрыць свае няўдачы на Херсоншчыне ўдарам па Кахоўскай ГЭС, каб прарыў дамбы прыкрыў іхнае адступленьне з правага берага Дняпра і спыніў або затрымаў наступ украінцаў.

​
XS
SM
MD
LG