Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У школах усе дзеці і настаўнікі ходзяць басанож, а зімой у цёплых шкарпэтках». Як беларусы вучацца ў эўрапейскіх школах


Ілюстрацыйнае фота, школа ў Польшчы
Ілюстрацыйнае фота, школа ў Польшчы

Паразмаўлялі зь беларускамі пра тое, як яны ўладкавалі сваіх дзяцей у школы Нямеччыны, Фінляндыі і Польшчы. Даведаліся, чым адрозьніваецца эўрапейская адукацыя ад беларускай, што падабаецца дзецям і найбольш уражвае бацькоў.

«Былі мілыя пытаньні, кшталту — як лепш суцешыць вашае дзіця»

Беларуска Паліна разам зь сям’ёй пераехалі пасьля пачатку вайны ў невялікае мястэчка ў Фінляндыі. Дзевяцігадовая дачка і васьмігадовы сын адразу пайшлі ў школу.

«Напрыканцы году ў траўні была такая вучоба расслабленая, яны рэпэтавалі нейкія песьні, конкурсы былі, вучыліся празь дзень. Дзецям яшчэ прапанавалі тры дні пахадзіць як на экскурсію, пазнаёміцца са школай. І ўсё, потым школа скончылася, а вярнуліся яны туды толькі 10 жніўня, бо ў Фінляндыі летам пачынаецца навучальны год».

У Фінляндыі не існуе такога паняцьця, як падрыхтоўка да школы, кажа Паліна.

У навучальных установах падтрымліваецца прынцып роўнасьці, і дзецям выдаюць усе матэрыялы ў школе: аднолькавыя сшыткі, алоўкі і іншае.

«Акрамя заплечніка, з дому больш нічога ня трэба. Дакумэнтаў мы таксама ніякіх не рыхтавалі, ніякіх даведак і заяваў ня трэба было. Мы проста запоўнілі анкеты празь некалькі дзён, дзе была неабходная інфармацыя, кантакты бацькоў, але яшчэ і мілыя пытаньні, кшталту — як лепш суцешыць вашае дзіця, — усьміхаецца Паліна. — То бок анкета была разьлічаная на тое, каб дзіцяці ў школе было добра і камфортна».

Уся адукацыя ў Фінляндыі бясплатная для дзяцей і дарослых. Для замежнікаў таксама, калі яны вучацца на фінскай мове.

«Спачатку дзеці пайшлі ў фінскія клясы з асыстэнтамі, якія размаўлялі на расейскай мове. А потым, калі дзяцей стала вельмі шмат, прыехала ўкраінская сям’я да нас, школа зрабіла асобную расейска-фінскую клясу для падрыхтоўкі, каб малыя засвоілі асновы на фінскай мове і потым перайшлі ў фінскія клясы».

Усе дзеці ў школе займаюцца на фінскай мове, але гэта ня страшна, кажа Паліна, бо адукацыйная праграма нашмат прасьцейшая, чым у Беларусі.

«Тут дзяцей ніхто не перагружае, даюць досыць лёгкія заданьні, асабліва хатнія. Пры гэтым фінская адукацыя лічыцца адной з найлепшых, можа акурат таму, што дзяцей не нагружаюць, яны пасьпяваюць хоць нешта запомніць. Бо калі мы ў Беларусі вучыліся, гэта было проста мора інфармацыі, якую дзеці забываліся адразу пасьля таго, як прайшла кантрольная».

Паліна дадае, што ў Фінляндыі ўсе людзі пастаянна займаюцца самаадукацыяй, атрымліваюць новыя прафэсіі і разьвіваюцца.

«Настаўнік — адна з самых прэстыжных прафэсій у Фінляндыі, ён атрымлівае высокі заробак. Конкурс на пасаду настаўніка — 10 чалавек на месца. То бок, нават адвучыўшыся на пэдагога, трапіць настаўнікам у школу ня так і лёгка. І гэта вельмі моцна ўплывае на ўвесь адукацыйны працэс, ён першапачаткова зусім на іншых падставах пабудаваны. Настаўнікі тут усе вельмі добрыя, ад іх пішчаць і дзеці, і бацькі, нават у нашай маленькай вёсачцы».

У фінскай школьнай адукацыі вельмі важны моцны сацыяльны складнік, заўважае Паліна. Дзяцей вучаць жыць у грамадзтве, добра і роўна ставіцца да ўсіх, паказваюць, што заўжды можна зьвярнуцца па дапамогу і атрымаць яе.

«Тут у кожнага настаўніка абавязкова ёсьць вельмі добрая адукацыя ў пляне прадухіленьня цкаваньня, наладжваньня адносін у дзіцячым калектыве. Дзеці ў школе адчуваюць сябе вельмі камфортна, яны не пакутуюць ад нейкага дыскамфорту, іх ніхто ня крыўдзіць. Я спакойна адпраўляю малых у школу, ведаючы, што зь імі там будзе ўсё добра, пра іх паклапоцяцца, іх абароняць. Дзеці могуць спакойна вучыцца, а не займацца нейкай барацьбой з хуліганамі-аднаклясьнікамі ці з настаўнікамі, якія самі цкуюць дзяцей. Гэта, вядома, спрыяе засваеньню прадметаў, бо калі дзіцяці спакойна, калі яму псыхалягічна камфортна, яно нашмат лепш вучыцца, усё запамінае».

Таксама ў школах Фінляндыі дзецям выкладаюць рэлігіязнаўства.

«Гэты ўрок больш вучыць талерантнасьці і знаёміць з рознымі культурамі, чым рэлігіі. Галоўная задача ўсіх настаўнікаў — каб дзіцяці было добра ў сацыяльным пляне, каб ён нікога ня крыўдзіў і правільна сябе паводзіў, умеў камунікаваць зь іншымі. Для настаўнікаў нармальна палову ўроку абмяркоўваць зь дзецьмі, калі хтосьці кагосьці штурхнуў. Для іх гэта настолькі важна, што ўсё астатняе можа пачакаць. Таксама ў школе, акрамя пэдагога, ёсьць асыстэнт-памочнік, куратар, псыхоляг, да якіх можна зьвяртацца па дапамогу».

Ёсьць у фінскіх школах яшчэ адна вельмі яскравая асаблівасьць:

«У школах усе дзеці і настаўнікі ходзяць басанож, а зімой у цёплых шкарпэтках. І гэта спосаб эканоміць на прыбіраньні! Фінскія школы вельмі чыстыя, прыгожыя, хоць на вуліцы можа быць мароз, золь, і дзеці кожны перапынак выходзяць на вуліцу ў любое надворʼе, можа калі толькі ня лівень. І застаецца супэр-чыста, бо ўсе ў шкарпэтках. Гэта вельмі клясна, таму што дзеці адчуваюць сябе свабодна, спакойна, яны могуць сядзець як хочуць, задзіраць ногі. Тут няма такога, што ўсе селі роўненька за партамі, тут фізычна разьняволеныя дзеці».

Кормяць у школе вельмі смачна, кажа Паліна.

«Калі прыходзіла ў школу, мяне запрасілі ў сталовую, сказалі: „Нікуды не сыходзьце, давайце мы вас накормім“. Гэта было вельмі смачна, быў нейкі рыс, курыца ў соўсе, а можна было ўзяць рыбную катлету. У іх заўсёды ёсьць варыянт для тых, хто ня есьць мяса. А п’юць дзеці тут малако або ваду. Малым падабаецца».

«Тут усе адзін аднаго „закладваюць“»

Беларуска Тацяна зь сям’ёй жыве ў невялікай вёсцы ў Нямеччыне. Школа, дзе вучыцца сын Тацяны, — за чатыры кілямэтры ад дому, возіць туды школьны аўтобус.

«Мой сын цяпер у 3-й клясе. Ходзіць у школу яшчэ зусім мала: месяц да летніх вакацый і вось цяпер зь верасьня. Дарэчы, у кожнай частцы краіны вучоба пачынаецца ў розны час».

Цяпер сын Тацяны вывучае нямецкую і ангельскую мовы, матэматыку, музыку, мастацтва, грамадазнаўства, спорт.

«Таксама ёсьць „Рэлігія“, але сын туды ня ходзіць, яго забіраюць на дадатковыя заняткі па нямецкай мове. Тут у школе ёсьць толькі першая зьмена: пачатак заняткаў у 7:45 і канец у 13:00. Але сын застаецца на „прадлёнцы“ да 15-й, там яму дапамагаюць рабіць хатнія заданьні».

Адмысловай формы ў нямецкіх школах няма, падручнікі даюць вучням бясплатна, кажа Тацяна, а вось за ежу трэба плаціць.

«Абед каштуе 3,70 эўра. Сын кажа, што кормяць смачна, даюць лазаньню, піцу, спагеці з рознымі соўсамі, і можна ўзяць дабаўкі. Улетку, дарэчы, быў басэйн, а цяпер сын гуляе ў вялікі тэніс. Яшчэ ў клясе працуюць на пляншэтах, чаму сын быў вельмі рады. А вось мабільныя тэлефоны ў школу нельга, як і розныя прысмакі. Тут нібыта клапоцяцца пра здароўе дзяцей, але, калі шчыра, у Нямеччыне вельмі шмат поўных дзяцей, дый у горадзе асноўны перакус у кавярні — булачкі, бутэрброды з каўбасой ці сасіскамі».

Дзяцей пэрыядычна выводзяць у паходы, на прыроду ці фэрму з хатнімі жывёламі.

Тацяна кажа, што малы запамінае нямецкую даволі добра, але пакуль яшчэ не размаўляе свабодна, бо прайшло замала часу.

«Спачатку былі невялікія канфлікты ў школе зь дзецьмі празь няведаньне нямецкай мовы. У клясе ён адзін размаўляе па-расейску, але цяпер крыху лепей. Дарэчы, тут усе адзін аднаго „закладваюць“. Зрабіла адно дзіця нешта, а іншае абавязкова раскажа пра гэта настаўніку. У нас гэта называецца „шасьцярыць“, а ў іх — праява пільнасьці. Агулам, уражаньні добрыя. І тут няма пабораў, як у Беларусі!»

«Спакойна, мама, усё будзе добра»

Анастасія пераехала зь сям’ёй з Гомля ў Польшчу яшчэ падчас пратэстаў у Беларусі. Сыну Леаніду 14 гадоў, ён ходзіць у 7-ю клясу.

«Калі мы ўладкоўваліся ў польскую школу, ніякіх складанасьцяў не было. У сына ўвогуле не было ніякіх дакумэнтаў зь беларускай школы, акрамя дзёньніка, але нават гэта не было праблемай. Спачатку мы хацелі аддаць яго ў інтэграцыйную клясу зь дзеткамі-іншаземцамі, але не было месца, таму ён пайшоў у школу па месцы жыхарства».

Анастасія кажа, што настаўнікі і адміністрацыя ў школе цудоўныя.

«Калі мы толькі прыйшлі, мы вельмі нэрваваліся, але настаўнікі сказалі: „Спакойна, мама, усё будзе добра, адаптацыя будзе праходзіць недзе з год“. Усяляк настаўнікі ішлі насустрач, дапамагалі мне і Лёні. Нам прапанавалі дадатковыя ўрокі польскай, але сын мой на іх пахадзіў недзе з паўгода, а потым нармальна ў яго мова пайшла, бо ён вучыцца ў клясе з польскімі дзецьмі».

У клясе, акрамя настаўніка, ёсьць яшчэ куратар, які знаходзіцца на ўроках разам зь дзецьмі.

«Настаўнік менавіта вучыць дзяцей, а калі трэба кагосьці супакоіць ці паназіраць за паводзінамі, то гэтым займаецца куратар. Увогуле мы камунікуем са школай праз сыстэму „Лібрус“ — гэта адмысловы партал, дзе можна напісаць паведамленьне кожнаму настаўніку, адміністрацыі, убачыць хатнія заданьні, заўвагі і даведацца, чым займалася тваё дзіця ў школе».

Нейкіх адмысловых ільготаў школа не давала, кажа жанчына.

«Але ў нас падручнікі бясплатныя для ўсіх вучняў. Таксама сёлета дзеці езьдзілі на экскурсію на 4 дні, і клясная кіраўніца прапанавала напісаць заяву на імя дырэктара, каб мне школа зрабіла дадатковае фінансаваньне. Палову сумы школа аплаціла, гэта было вельмі прыемна».

«Адзнакі зараз ня важныя, а самае галоўнае, каб сын ачуняў»

Вучыцца сыну Анастасіі вельмі падабаецца, бо настаўнікі ўсе лагодныя і дэмакратычныя.

«Праз пару месяцаў навучаньня сын сказаў, што тут адчувае адрозьненьне ад беларускай школы. У Польшчы настаўнікі слухаюць дзяцей і даюць ім магчымасьць выказацца, у той час калі ў беларускай школе не давалі выказаць свае думкі, асабліва калі яны не супадаюць з думкамі настаўніка».

У польскай школе, дзе вучыцца Леанід, у настаўнікаў ёсьць дадатковыя гадзіны, у якія любое дзіця можа прыйсьці і пазаймацца, разабраць нейкую незасвоеную тэму.

«Таксама ў нашай школе працуюць валянтэры, якія могуць на ўкраінскай ці беларускай мове патлумачыць нейкі матэрыял. Мінулы год быў у сына вельмі эмацыйны, ён не хацеў вучыцца, але школа рабіла ўсё магчымае для таго, каб ён уцягнуўся ў клясу, пачаў камунікаваць зь дзецьмі і настаўнікамі. Вельмі ўразіла, што адміністрацыя школы рабіла акцэнт на тым, што адзнакі зараз ня важныя, самае галоўнае, каб сын ачуняў і зноў пачаў адчуваць сябе як нармальныя падлеткі».

У польскіх школах адукацыйная сыстэма пабудаваная на тым, каб дзеці асноўны матэрыял засвойвалі на ўроку, і хатнія заданьні амаль не задаюць, кажа Анастасія.

«Я нават неяк прыходзіла ў школу і пыталася: „Сын кажа, што нічога не задавалі, у „Лібрусе“ нічога няма. Што адбываецца? Можа нейкі збой?“ Мне сказалі, што гэта нармальна, прывялі такі прыклад: „Калі вы з працы прыходзіце дадому, вы ж не працягваеце працаваць, вы ж адпачываеце? Ну дык вось і дзеці нашыя павінны дома адпачываць, а вучыцца мусяць у школе“. Таксама для школы вельмі важна, каб бацькі праводзілі больш часу зь дзецьмі, таму пастаянна праводзяць розныя мерапрыемствы, спартакіяды».

Жанчына кажа, што вучняў пастаянна аб’ядноўваюць у групы, даюць праекты, каб дзеці вучыліся супрацоўнічаць.

«Штодзень дзецям даюць матэрыялы, каб праверыць, ці засвоілі яны праграму. Але гэта ня сумныя тэсты, а сапраўды цікавыя заданьні. Дзеці ўцягваюцца, ім падабаецца. Нават у старэйшых клясах зь дзецьмі гуляюць, хоць і лічаць, што яны ўжо не малыя. Вельмі падабаецца, што сёлета ў Лёні пачалася фізыка, хімія, біялёгія, дзе дзеці рэальна ставяць экспэрымэнты. Тут у школах робяць так, каб дзеці хацелі вучыцца, каб ім было цікава. І вось нават цяпер я бачу, што такі падыход працуе, бо летась Лёня не хацеў ісьці ў школу, а цяпер ён ачуняў, я бачу, што ён цягнецца да школы, што відаць і па адзнаках, і па ягоным настроі».

«Калі пачалася вайна, настаўнікі штодзень размаўлялі зь дзецьмі»

Плякат у польскай школе: «Яны ў тваёй школе, у тваёй краіне, бо ім самім патрэбная твая дапамога. Не вінаваць іх у памылках дарослых».
Плякат у польскай школе: «Яны ў тваёй школе, у тваёй краіне, бо ім самім патрэбная твая дапамога. Не вінаваць іх у памылках дарослых».

Анастасія заўважае, што ў іх школе пастаянна праводзяць мерапрыемствы супраць булінгу і дыскрымінацыі.

«У нас вучыцца шмат беларусаў, украінцаў і расейцаў. Калі пачалася вайна, настаўнікі штодзень размаўлялі зь дзецьмі, расказвалі, чаму так адбылося, тлумачылі, што дзеці, якія зараз вучацца ў школе, ня маюць дачыненьня да гэтых падзей. І гэта вельмі важна».

У школе пануе сяброўская атмасфэра, і дзеці не гнятуць адно аднаго па нацыянальнай прыкмеце.

«Аднойчы толькі хтосьці з вучняў са старэйшай клясы сказаў Лёнінай кампаніі, дзе хлопцы зь Беларусі, Расеі, Украіны, — маўляў, вымятайцеся з Польшчы. Сын кажа, што ў такім выпадку нічога не адказвае, бо ня бачыць сэнсу. Ён разумее, што так могуць казаць людзі, якія не валодаюць інфармацыяй, дурныя троху. Але тады іх аднаклясьнікі, хлопцы-палякі, хуценька закрылі рот таму, хто іх абражаў. Яны сказалі: „Слухай, ты езьдзіш адпачываць у Турэччыну, Эгіпет, і бацькі езьдзяць працаваць па ўсёй Эўропе. І ніхто там палякам ня кажа, каб яны вымяталіся дадому“. Было вельмі прыемна, сын такі ўражаны прыйшоў».

З гэтага моманту Лёня пачаў па-іншаму ставіцца да палякаў, кажа Анастасія.

Жанчына дадае, што ў беларускай сыстэме адукацыі прыйдзецца мяняць усё, каб яе палепшыць.

«Трэба зьмяніць Міністэрства адукацыі, бо ўсе тыя мэтадычкі, якімі карыстаюцца настаўнікі, ужо даўно не адпавядаюць сучаснасьці. Трэба мяняць усё — саму праграму і падыход да выкладаньня матэрыялу, падыход да дзяцей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG