Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава хоча ўзьдзейнічаць на мысьленьне дзяцей, насаджаць сваю праўду і зьмяншаць уплыў сям’і». Як абараніць псыхіку дзіцяці ў школе


Школьнікі адзначаюць 32-ю гадавіну заснаваньня Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі ў Музэі Вялікай айчыннай вайны ў Менску. 13 верасьня 2022
Школьнікі адзначаюць 32-ю гадавіну заснаваньня Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі ў Музэі Вялікай айчыннай вайны ў Менску. 13 верасьня 2022

Паразмаўлялі з псыхолягам пра тое, як паклапаціцца пра псыхічнае здароўе дзіцяці ў школе, асабліва пасьля ўвядзеньня патрыятычных заняткаў. Даведаліся, як размаўляць зь дзецьмі пра вайну і рэпрэсіі, каб не нашкодзіць ім, і калі варта зьвяртацца па дапамогу да спэцыяліста.

«У дзіцяці зьяўляецца яшчэ адно асяродзьдзе, у якім яно з даверам ставіцца да таго, што кажуць»

Дзіцячы псыхоляг Марына (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) кажа, што дзеці ў школе могуць па-рознаму рэагаваць на тое, што гавораць на патрыятычных занятках.

«Гэта залежыць ад таго, якія каштоўнасьці ў сямʼі, і ад узросту дзіцяці, бо ён уплывае на ўспрыманьне інфармацыі. Напрыклад, калі дзіця толькі прыходзіць у школу, у яго ссоўваецца фокус аўтарытэтнасьці з бацькоўскага на настаўніцкі. Гэта важны этап у працэсе станаўленьня: у дзіцяці зьяўляецца яшчэ адно асяродзьдзе, у якім яно з даверам ставіцца да таго, што кажуць. Напрыклад, бацькі кажуць першаклясьніку: „Прапусьці вось столькі клетачак“. А дзіця адказвае: „А Марʼя Іванаўна кажа, што вось столькі!“. І гэта нармальна, значыць, зьяўляецца нейкая сіла, здольная пачаць канкураваць з тым, што адбываецца ў сямʼі», — кажа псыхоляг Марына.

Калі ў пачатковай школе дзіцяці нешта навязалі на ўроку патрыятызму, важна дома не спрачацца, а задаваць пытаньні.

«Бацькі могуць казаць: „Вельмі добра, што ў цябе зьяўляецца іншая думка, але давай паглядзім...“ Або задаваць пытаньні, што дзіця думае. Увогуле, трэба, каб бацькі мелі магчымасьць пазнаёміцца з настаўнікам, даведацца яго думку, як ён сам ставіцца да такога роду заняткаў, нагрузкі на дзяцей, наколькі ён гатовы самазабыўна выконваць загады адміністрацыі».

Падлеткі ж пачынаюць шукаць адказы на пытаньні ў розных крыніцах, у іх зьяўляецца ўнутраны скептыцызм, яны вучацца фармуляваць уласную думку, тлумачыць псыхоляг.

«Падлеткі больш маюць зносіны між сабой, могуць абмяркоўваць падзеі, у іх фокус аўтарытэтнасьці ссоўваецца на асяродзьдзе аднагодкаў, яны спрабуюць шукаць сваё месца ў гэтым дарослым сьвеце. І яны таксама маюць патрэбу ў размовах. Але размовы павінны быць у запытальным ключы, а не ў навязваньні думкі. А вось дзяржаўная машына жорстка насаджае свае погляды, і ў падлеткавым асяродзьдзі гэта выклікае больш напружаньня».

«Яго тата працуе ў адміністрацыі. Ён баіцца таты, таму ня можа адстаяць сваю думку»

Здараецца, дзеці канфліктуюць адно за адным праз розныя пазыцыі. Тут псыхоляг рэкамэндуе не навешваць цэтлікі, а размаўляць зь дзіцем і разам шукаць адказы.

«Трэба тлумачыць дзіцяці, што ў розных людзей можа быць розная думка. Наша задача — задаваць такія пытаньні, каб дзіця магло шукаць свае адказы на іх. Напрыклад: „Як ты думаеш, чаму аднаклясьнік можа так казаць? Якая ў яго карысьць ад такога пункту гледжаньня? Калі б ён прыняў тваю пазыцыю, як бы зьмянілася яго жыцьцё?“ Дзіця можа адказаць: „Тады ў яго былі б праблемы з бацькамі. Яго тата працуе ў адміністрацыі. Ён баіцца таты, таму ня можа адстаяць сваю думку“. Калі дзіця само адказвае, у яго зьяўляецца адчуваньне, што нездарма чалавек займае такую пазыцыю».

Нядаўна ў Беларусі зачынілі амаль усе прыватныя школы, і цяпер дзецям, якія раней там вучыліся, давядзецца сутыкнуцца зь дзяржаўнай сыстэмай. Дзецям будзе эмацыйна складана, але ў той жа час яны ў больш выйгрышным становішчы, кажа псыхоляг.

Сярэдняя школа ў менскім мікрараёне Чыжоўка
Сярэдняя школа ў менскім мікрараёне Чыжоўка

«У дзяцей, якія вучыліся ў прыватных установах, ёсьць унутры пражытае альтэрнатыўнае веданьне: як да цябе могуць ставіцца з павагай, як улічваецца твая думка, наколькі важныя ветлівасьць і падзяка настаўніку. Нядаўна пабачыла такую інфармацыю, што дзеткі, якія перайшлі з прыватных школ, пасьля ўроку кажуць дзякуй настаўнікам, і тыя ў шоку ад гэтага. Яны сваімі звычкамі, манерамі так уплываюць на пэдагогаў, якія не прывыклі да такога стаўленьня, што, я думаю, гэта ўсё ж такі будзе ўзаемны працэс».

Пры гэтым псыхоляг таксама рэкамэндуе падрыхтаваць дзіця да пераводу ў дзяржаўную школу.

«Мае сэнс не чакаць, а загадзя казаць: „Ведаеш, так здарылася, што школы зачыніліся, і ў нас цяпер няма іншага варыянту, акрамя як перавесьці цябе сюды. Мы першапачаткова аддавалі цябе ў прыватную школу, каб табе было камфортна вучыцца. Мы будзем думаць, што з гэтым рабіць“. Сапраўды, многія бацькі цяпер у нявызначанасьці, і для іх гэта вельмі вялікая страта, асабліва калі ў дзіцяці былі нейкія асаблівасьці: павольны тэмп мысьленьня, дэфіцыт увагі, аўтычны спэктар. Вядома, калі ў клясе больш за 30 вучняў, то ні пра які індывідуальны падыход ніхто не гаворыць, гэта немагчыма».

Марына заўважае, што шмат бацькоў цяпер задумваюцца пра эміграцыю, бо гэта ці не адзіны шанец даць дзіцяці неабходнае. Псыхоляг раіць выказваць падтрымку свайму дзіцяці, каб яно адчувала сябе абароненым.

«Варта казаць: „Самае галоўнае, каб ты ведаў, што ты ў гэтым не адзін, мы цябе падтрымаем. Мы хочам ведаць пра цяжкасьці, якія ў цябе ўзьнікаюць, мы гатовыя дапамагаць табе“. Цяпер тэндэнцыя такая: дзяржава хоча мець магчымасьць узьдзейнічаць на мысьленьне дзяцей, падлеткаў, хоча ўзмацніць свой уплыў, насаджаць сваю праўду і зьмяншаць уплыў сямʼі. І альтэрнатыва ў тым, каб узмацняць уплыў сямʼі і такіх каштоўнасьцяў, як павага, чалавечае жыцьцё, іншая думка, уменьне самастойна выпрацоўваць і адстойваць яе».

«Я абяцаю, што ня буду нічога рабіць без тваёй згоды і супраць тваёй волі»

Марына зьвяртае ўвагу, што калі бацькі з маленства прыслухоўваюцца да жаданьняў і думкі дзіцяці, не выкарыстоўваюць фізычнага і псыхалягічнага гвалту, то ў дзіцяці фармуецца ўяўленьне: як са мной можна, а як нельга.

«Калі бацькі дэкляруюць сваім стаўленьнем такія каштоўнасьці, то дзіця можа быць шакаваным ад таго, што адбываецца ў школе, калі, напрыклад, у яго прысутнасьці настаўнік крычыць, ці, ня дай бог, выкарыстоўвае фізычную сілу. Тут мае сэнс нагадваць: „Ты ж памятаеш, што ніхто ня мае права цябе абражаць, запалохваць, тым больш цябе нейкім чынам караць. Калі ты адчуваеш такое ў свой бок, ты абавязкова павінен нам пра гэта паведаміць“».

Многія дзеткі палохаюцца, што бацькі пойдуць у школу і, абараняючы іх, зробяць горш, кажа Марына.

«Тут мае сэнс паразмаўляць: „Я табе абяцаю, што ня буду нічога рабіць без тваёй згоды і супраць тваёй волі, не пайду ў клясу разьбірацца. Я абяцаю табе, што мы будзем разам вырашаць, як табе будзе камфортней, каб я цябе абараняла. Але я дакладна магу табе сказаць, што ня дам цябе ў крыўду“».

«Дзіця можа пачаць гуляць у вайну і такім чынам скідаць назапашанае напружаньне»

На патрыятычных занятках вучням могуць паказаць уражвальны кантэнт, фільмы пра вайну, якія не разьлічаныя на дзіцячую псыхіку і здольныя траўмаваць дзіця.

«Мы можам казаць: „Ты ведаеш, тое, што ты бачыў, — жудасна. На жаль, пэдагог не ўлічыла, што дзецям нельга глядзець такое“. Далей варта стварыць прастору і вылучыць для гэтага час, каб дзіця магло адрэагаваць на тое, што адбылося. Калі яно злуецца, плача, то гэта добра. Нас павінна насьцярожваць рэакцыя, калі дзіця ў замерлым стане, яно стала маларухомым, глядзіць у адну кропку, або пачало дрэнна спаць, зьявіліся кашмары, — гэта сыгнал, каб наведаць псыхоляга».

Можна прапанаваць дзіцяці памаляваць, дадае Марына.

«Дзіця можа пачаць гуляць у вайну і такім чынам скідаць назапашанае напружаньне. Немагчыма стварыць вакуўм вакол дзіцяці: вайна ў навінах, у нашых размовах, у тэлефонах. Дзеці так ці інакш усё чуюць, спрабуюць нейкім чынам гэтае напружаньне скідаць празь нейкія свае дзіцячыя размовы, апавяданьні. У нас павінна быць гатоўнасьць зь імі пра гэта неяк размаўляць, з клопатам, але пры гэтым заставацца сумленнымі».

Марына рэкамэндуе паказаць дзеткам украінскі мульцік, дзе ў даступнай форме тлумачаць, чаму пачалася вайна.

Можа здарыцца так, што адміністрацыя школы пачне ціснуць на бацькоў праз палітычную пазыцыю дзіцяці.

«Калі ты жывеш у краіне, дзе ўсім „не да законаў“, абараняць сябе вельмі цяжка. Улічваючы нашу рэальнасьць, трэба, на жаль, казаць дзецям, што адкрыта дэкляраваць сваю пазыцыю, абмяркоўваць яе з пэдагогам небясьпечна. Але, мне падаецца, цяпер такая тэндэнцыя, што настаўнікі настолькі зацюканыя адміністрацыяй, што становяцца на бок бацькоў. Таксама бацькі могуць выходзіць з ініцыятывай і казаць: „Мы бяром патрыятычнае выхаваньне на сябе“. Яны могуць арганізаваць экскурсію на „Лінію Сталіна“, дзе яны лепш папʼюць гарбаты і пікнік зладзяць пад выглядам патрыятычнага занятку, а настаўнікі галачку паставяць. І ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя».

Калі варта пайсьці зь дзіцем да псыхоляга?

Марына рэкамэндуе зьвяртаць увагу на любыя зьмены ў паводзінах дзіцяці.

«Напрыклад, калі дзіця было радаснае і вясёлае, а стала замкнёным, сумным. Ці наадварот, замкнёнае, сумнае дзіця стала вельмі трывожным. Гэта можа быць і вынікам адаптацыі да школы, але лепш перастрахавацца — няхай псыхоляг пракансультуе. Важна зьвяртаць увагу на сон і апэтыт, бо калі ў чалавека залішняе напружаньне, то гэтыя дзьве функцыі схільныя зьмяняцца. Дзіцяці могуць пачаць сьніцца кашмары, яно доўга ня можа заснуць, часта прачынаецца — гэта ўсё сымптомы таго, што нэрвовая сыстэма адчувае стрэс. Таксама важна зьвяртаць увагу, калі дзіця пачало гуляць у вельмі жорсткія гульні, вешае лялек, напрыклад, ці робіць самапашкоджаньні. Гэта ўсё прыкметы таго, што дзіцяці патрэбна кансультацыя псыхоляга, а магчыма, і дапамога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG