Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады бачаць у прыватнай адукацыі свайго апанэнта, альтэрнатыву», — пэдагог Сьвятлана Мацкевіч


Студэнцкая аўдыторыя
Студэнцкая аўдыторыя

Кандыдат пэдагагічных навук, мэтадоляг Сьвятлана Мацкевіч адказвае на пытаньне, навошта ўлады закрываюць прыватныя школы, тлумачыць, хто заменіць беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах, і прагназуе, у якім пытаньні ўлады будуць імкнуцца «не перагнуць палку»

Сьцісла:

  • Прыватную адукацыю ўлады разглядаюць як сыстэму, якая мае адрозныя ад дзяржавы мэты
  • Прыватныя школы — хочуць ці не — трапляюць у лёгіку процістаяньня
  • Прапаганда будзе ўкараняцца павольным, але сыстэмным навязваньнем пэўнай ідэалёгіі
  • На гэты момант іхны інтарэс у тым, каб «зачысьціць» усялякае іншадумства і захаваць уладу.

— Улады Беларусі пачалі разгром прыватнай адукацыі. Закрываюцца недзяржаўныя школы, у якіх вучацца тысячы дзяцей. Для чаго гэта робіцца, чым уладзе не дагадзілі прыватныя школы? Якая стратэгічная мэта такіх дзеяньняў?

— Думаю, тут ня варта шукаць прычыны ў «недахопе мэтодык, пытаньнях з кваліфікацыяй пэдагогаў» і гэтак далей. Прычына глябальная і стратэгічная. Улады заўсёды вельмі падазрона ставіліся да прыватнага сэгмэнту ў адукацыі, разглядалі яго як непатрэбную альтэрнатыву дзяржаўнай адукацыі, якая можа дэманстраваць зусім іншы падыход да арганізацыі навучальнага працэсу і стаўленьня да дзяцей.

Экспэртка у галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч
Экспэртка у галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч

Таму прыватную адукацыю разглядалі як сыстэму, якая мае адрозныя ад дзяржавы мэты і, выкарыстоўваючы рынкавыя інструмэнты, дае даволі высокую якасьць адукацыі. Улады ўвесь час ладзілі «набегі» на прыватную адукацыю, спрабавалі знайсьці інструмэнты і нагоды, каб закрыць тую ці іншую навучальную ўстанову. Міністэрства адукацыі мае даволі шмат розных стандартаў, пры ім ёсьць так званы дэпартамэнт якасьці, які ў прынцыпе павінен быць незалежным, але насамрэч па ўзгадненьні зь міністэрствам чыніў «набегі» на ўстановы прыватнай адукацыі, каб іх закрыць, як, напрыклад, гэта ў свой час адбылося з ЭГУ.

— З ЭГУ ўладам мог не спадабацца палітычны складнік — маўляў, не таму там вучаць, ня тыя каштоўнасьці прышчэпліваюць. Але чым ім не падабаюцца звычайныя непалітычныя прыватныя школы, якія, здаецца, ніяк публічна не адыходзяць ад агульнай лініі, дзе вучацца па афіцыйных падручніках?

— Сапраўды, выставіць палітычныя прэтэнзіі прыватнай адукацыі немагчыма. Але гэтая адукацыя кампэнсавала многія рэчы, якіх не рабіла дзяржаўная. І цяпер, у пэрыяд палітычных рэпрэсіяў, многія беларусы, разумеючы, што ў дзяржаўнай адукацыі будзе ўзмацняцца кантроль і ідэалягізацыя, прынялі рашэньне сваіх дзяцей аддаваць у прыватныя школы. Такім чынам, даволі шмат людзей — спажыўцоў адукацыйных паслуг перайшлі ў прыватны сэгмэнт адукацыі.

Натуральна, цяперашняя дзяржава ня можа такога дапусьціць, бо ў яе ўстаноўка — поўны кантроль, поўная «зачыстка». І нават калі ў прыватнай адукацыі вонкава не праяўляецца ніякай неляяльнасьці — зразумела, што адукацыя ёсьць інструмэнтам у палітычнай барацьбе. І прыватныя школы, хочуць ці не, трапляюць у гэтую лёгіку процістаяньня, бо ўлады бачаць у прыватнай адукацыі свайго апанэнта, які дэманструе магчымасьць альтэрнатывы.

Улада цяпер дае ўстаноўку: павінна быць аднадумтва і аднастайнасьць ва ўсім. І ўсё, што супярэчыць гэтай устаноўцы, — павінна быць вычышчана.

— Але некаторыя структуры прыватнай адукацыі, пэўным чынам зьвязаныя з людзьмі з атачэньня Лукашэнка, дагэтуль даволі добра пачуваюцца. Якім можа быць лёс такіх школ на фоне агульнай барацьбы з прыватнай адукацыяй?

— Такія школы будуць мець свой «дах». Да таго часу, пакуль адпавядаюць устаноўкам улады. Яны, акрамя ўсяго, ліквідуюць канкурэнцыю і ўскосна перанакіроўваюць спажыўцоў. Прыблізна тое самае адбываецца з прыватнай мэдыцынай.

— Апошнія гады ў сыстэме адукацыі назіраецца працэс, калі абітурыент «галасуе нагамі», выбірае замежныя ўнівэрсытэты. Няўжо ўлады не разумеюць, што, узмацняючы ідэалягічны кантроль над сыстэмай адукацыі, яны тым самым толькі паскараюць гэты працэс, і беларускія дзяржаўныя ўнівэрсытэты рызыкуюць застацца зусім без студэнтаў?

— Гэта іх хвалюе ў найменшай ступені. Гэта вы разважаеце з гледзішча інтарэсаў дзяржавы, яе будучыні. А ў іх інтарэсы дзяржавы — гэта іхныя ўласныя інтарэсы. На гэты момант іхны інтарэс у тым, каб «зачысьціць» усялякае іншадумства і захаваць уладу. Для іх калі нехта будзе зьяжджаць з краіны — дык дзякуй Богу. Гэта такі цынізм, цалкам безразважны. Нашыя заклікі да гуманнасьці, да клопату пра людзей іх не турбуюць.

— Але ад’езд з Беларусі зьмяншае падатковую базу, краіну пакідаюць людзі, якія плацілі някепскія падаткі гэтай уладзе. І кожны патэнцыйны студэнт, які зьяжджае зь Беларусі, ня будзе плаціць беларускаму ВНУ тыя самыя 2000 даляраў штогод за платнае навучаньне.

— Яны гэта будуць часткова кампэнсаваць рэгуляваньнем рынку празь міграцыйныя працэсы. Будуць нарошчваць прыём замежных студэнтаў, пераважна з усходніх краінаў.

— Спробы кантраляваць і ідэалягізаваць вышэйшую школу былі заўсёды падчас кіраваньня Лукашэнкі, але ня мелі стратэгічнага посьпеху. Піянэрыя ня стала максымальна масавай, далёка ня ўсе маладыя людзі ўступалі ў БРСМ. Цяпер, у новых умовах, ва ўмовах неабмежаванай дыктатуры, ці можа нешта зьмяніцца?

— Калі гэта будзе рабіцца доўга, упарта, настойліва — гэта можа мець пэўны посьпех сярод той часткі насельніцтва, якая імкнецца выжыць і адаптавацца да новых умоваў. Але ж улада будзе баяцца перагнуць палку. Тым болей — гэта будзе насаджацца, тым болей — гэта будзе выклікаць пратэст актыўнай часткі грамадзтва.

Таму ўлада ў гэтым пляне будзе шукаць меру, «залатую сярэдзіну». Мяркую, што задачы ідэалягізацыі і прапаганды будуць вырашацца павольным, але сыстэмным навязваньнем пэўнай ідэалёгіі. Будуць уводзіць як абавязковыя адпаведныя дысцыпліны, толькі курсам дзяржаўнай ідэалёгіі ўжо не абыдзецца. Пры гэтым працягваюцца ціхія рэпрэсіі супраць выкладчыкаў, забарона на прафэсію.

Процістаяць гэтаму ў нашых умовах даволі цяжка. Бо гэта фактычна тэхналёгія, гэта пэўны сацыяльны рэпрэсіўны інстытут, і каб процістаяць гэтаму, асобных дзеяньняў асобных людзей недастаткова. Супраць сыстэмы павінна быць пабудаваная сыстэма, адпаведная машына дэідэалягізацыі. На жаль, такая альтэрнатыўная праграма можа ўкараняцца толькі тады, калі зьменіцца агульная палітычная сытуацыя ў краіне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG