Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не паеду зь Беларусі, бо хто тады будзе сустракаць наша войска?» Што думаюць актыўныя беларусы, якія застаюцца на радзіме


Літва і Польшча ўжо дзясяткамі тысяч лічаць беларусаў, якія знайшлі там прытулак. Беларусы ў сваіх уцёках ад перасьледу дабраліся да ЗША, Канады і Партугаліі. Але многія актыўныя людзі застаюцца на радзіме. У што яны вераць, на што спадзяюцца — даведаемся ў матэрыяле Свабоды.

«Ад пачатку вайны ва Ўкраіне стала размаўляць на беларускай мове»

Людміла (імёны герояў зьмененыя ў мэтах бясьпекі. — РС) кажа, што да 2020 году ўвогуле не цікавілася палітыкай. Але і прыхільніцай улады не была. У 2020-м яна вельмі спадзявалася, што нарэшце наступяць перамены. Таму з мужам актыўна ўдзельнічала ў пратэстах.

«Цяпер я думаю, што, можа быць, варта тады было браць зброю. Але, па-першае, яе ў нас няма. Па-другое — тады б нас прыйшлі забіваць расейцы, я так думаю», — разважае Людміла.

Яе муж трапляў на «суткі». Пасьля гэтага сям’я думала пра магчымасьць зьехаць. Сябры нават знайшлі ім працу і жытло ў Кіеве. Але сужэнцы перадумалі. І Людміла, і ейны муж маюць пажылых і хворых бацькоў, якім патрэбны дапамога і дагляд.

«Мы вырашылі заставацца. Бацькі — гэта адно. Другое — калі наша войска сюды прыйдзе (я маю на ўвазе полк Каліноўскага), трэба, каб нехта іх сустракаў, карміў, дапамагаў ім! Мы спадзяёмся вельмі, што яны будуць тут», — кажа беларуска.

Пасьля 24 лютага яна пачала размаўляць на беларускай мове дома і на працы.

«Я спалохалася, што мяне залічаць суайчыньніцай Пуціна, таму перайшла на родную мову. Блізкія мяне падтрымалі. На працы ня ўсе ставяцца добра. Мне часам страшна, што на мяне данясуць ці паскардзяцца кліенты. Але я працягваю размаўляць. Былі сутычкі невялікія, калі кліенты казалі, што не разумеюць беларускай мовы. Але, паўтаруся, большасьць разумее», — кажа Людміла.

Жанчына кажа, што і цяпер ёй страшна бачыць міліцыянтаў на вуліцы. Яна працягвае «чысьціць» перапіскі ў Telegram, стараецца нічога не пісаць у сацыяльных сетках.

«На пачатку вайны мне патэлефанавала знаёмая з Кіева, сказала, што „ня трэба нас вызваляць ад нацыстаў!“. Мне было жудасна гэта чуць. Яна не разумела нашай рэчаіснасьці, што мы жывём у двайной акупацыі. Але потым я ёй патлумачыла пра нас. Мы знайшлі паразуменьне», — кажа Людміла.

Ёй непрыемна, што ў горадзе ёсьць людзі, яе суседзі, якія падтрымліваюць «спэцапэрацыю».

«Але яны дакладна нікуды ня дзенуцца і ня зьедуць. Адзін мяне абражаў, называў „бандэраўкай“. Ён ня мае адукацыі, нармальнай працы, падтрымлівае Лукашэнку — ну куды ён зьедзе?» — кажа Людміла.

У маральным пляне ёй цяжка ад таго, што кіраўніцтва падтрымлівае ўладу. Але яна разумее, што іншых на такія пасады і ня ставяць.

«Яны ходзяць на ўсе мітынгі, махаюць там сьцягамі чырвона-зялёнымі і хочуць, каб мы таксама такое рабілі. Пакуль яшчэ гвалтам не прымушаюць», — кажа беларуска.

«Празаічная прычына ў мяне такая: дом, агарод, сабака і кот»

Ганна кажа, што не была прыхільніцай улады да 2020-га, але актыўнага ўдзелу ў пратэстах ня брала. Яна неаднаразова працавала на выбарах (не ў камісіі. — РС) і ведала пра фальсыфікацыі. Таму веры ўладзе не было. У 2020 годзе пачала актыўна хадзіць на акцыі, на нядзельныя і жаночыя маршы.

«Не магла застацца ў баку, калі бачыла гэты гвалт і зьдзекі. Уяўляла, што на месцы пабітых людзей маглі быць мае дзеці ці я. Я проста не магла маўчаць. Хадзіла на маршы. Але дома былі малыя дзеці, таму доўга, да канца і хапуну, не затрымлівалася. Можа быць, таму я ня трапіла пад затрыманьні. Пазьней удзельнічала ў „партызанскім“ руху. Потым ужо ні ў чым. Таму што не было магчымасьці аб’ектыўна: некага затрымалі, іншыя выехалі з краіны», — кажа Ганна.

Яна ўспамінае, што ёй пашэнціла. Была «аблава» на групу, якая арганізавалася ў закрытым чаце. У той вечар Ганна не змагла прыйсьці на сустрэчу і пазьбегла затрыманьня.

«З мужам мы абмяркоўвалі, і ня раз, магчымасьць зьехаць. Тым больш нам было б прасьцей, чым многім. Муж працуе ў IT-сфэры, ім прапаноўвалі рэлякацыю. Многія ягоныя калегі паехалі. Але мы засталіся. Па-першае, я заўсёды хацела жыць у Беларусі. Калі і ехаць куды, то ці адпачыць, ці трохі папрацаваць. Я люблю сваю краіну, не хачу нікуды ехаць. Па-другое, у нас тут добры дом, агарод. Мы ў 2020 годзе завялі сабаку. Праўда, вагаліся. Думалі, а раптам давядзецца ўцякаць за мяжу. Па беларускіх мерках у мужа добры заробак. За мяжой мы выдаткавалі бы шмат грошай на арэнду жытла, прычым не такога вялікага дома, як у нас. Цяпер яшчэ ката завялі», — кажа Ганна.

Яе муж працуе ў прыватнай фірме, таму на яго ня ціснуць ідэолягі, не прымушаюць хадзіць на парады ці яшчэ куды. «Калі будзе ну зусім блага, калі раптам Беларусь уступіць у вайну — можа быць, мы па-іншаму загаворым. Ня будзем тады думаць пра свае яблыні ў садзе, агарод. Але пакуль мы маем прастору для манэўру», — лічыць беларуска.

Ганна кажа, што ёй непрыемна бачыць хлусьню і распальваньне нянавісьці, якія ліюцца з тэлевізара.

«Беспакарана сеюць нянавісьць, абражаюць людзей, хлусяць пра вайну ва Ўкраіне — вось моцна гэта мяне злуе. Зь некаторымі сваякамі мы трохі „скасавалі“ стасункі, бо яны падтрымліваюць вайну. Але наш асяродак — гэта даволі маладыя, „прасунутыя“ людзі — не падтрымлівае вайну», — кажа Ганна.

Яна ня думае, што людзі, якія застаюцца, мусяць апраўдвацца.

«За што? За тое, што я жыву на сваёй радзіме? Наогул я ня бачу расколу паміж беларусамі, якія зьехалі і якія засталіся. Наадварот, бачу, што людзі пішуць, што тыя, хто застаўся, — сапраўдныя героі. Ёсьць непаразуменьні, але я больш разуменьня бачу паміж намі», — кажа Ганна.

«Я патрэбен Радзіме, і я веру ў непазьбежнасьць пераменаў»

Алег працуе юрыстам. Удзельнічаў у 2020 годзе ў маршах пратэсту. Пад затрыманьне ня трапіў. Жартуе, што «такі лёс».

«Да 2020 году я праўда хацеў пераехаць. Пасьля — наадварот, хачу заставацца. Прынцыпова. Я вырашыў, што я патрэбен Радзіме. Калі ўсе зьедуць, то хто тут застанецца? Імавернасьць, што па мяне прыйдуць, ёсьць. Але Віктар Бабарыка ня зьехаў, Маша Калесьнікава, Максім Знак ня зьехалі. У Бабарыкі нашмат больш, чым у мяне, было магчымасьцяў выехаць і нармальна жыць. Мяне, у прынцыпе, нічога не трымае. Я магу сабрацца за пяць хвілін і паехаць. Але я веру ў непазьбежнасьць перамен. Ведаеце, калі ты стаіш на скале і яна дрыжыць, табе здаецца, што вось-вось нешта адбудзецца, — вось такое ў мяне адчуваньне цяпер», — кажа Алег.

Ён кажа, што сярод ягоных сяброў і блізкіх няма «ябацек» ці тых, хто падтрымлівае вайну.

«Тых, хто падтрымлівае вайну, я сустракаю толькі ў рэклямных публікацыях у сацыяльных сетках, яны там камэнтары пішуць. Можа быць, у мяне спэцыфічны асяродак, але як ёсьць», — кажа Алег.

«Эмацыйнае жаданьне зьехаць было ад пачатку вайны»

Ірына да 2020 году ня ўдзельнічала ў актыўнай дзейнасьці. Кажа, што не была прыхільніцай улады і ніколі не галасавала за Лукашэнку. У 2020 годзе яна адчула, што «нешта можа зьмяніць», калі ўбачыла масы людзей на вуліцах гораду. Яна хадзіла на маршы, затым удзельнічала ў «партызанскім» руху. На яе з кампаніяй зрабілі данос. Ноччу на «партызанскай» акцыі на іх напаў АМАП. Ірыне ўдалося ўцячы. Пазьней яна прачытала пра данос на «Чорнай мапе Беларусі» і даведалася, што ў міліцыю патэлефанавала суседка.

«Я застаюся ў Беларусі. Па-ранейшаму чышчу перапіскі, калі выходжу з дому. Прымаю меры бясьпекі розныя. Раней пісала шмат лістоў нашым палітычным. З пачаткам вайны лісты перасталі перадаваць. Таму стараюся дапамагаць сем’ям палітычных вязьняў, зьбіраю грошы, перадачы. Больш я ня ведаю, чым дапамагчы. Яшчэ дапамагалі ўкраінскім уцекачам, перадавалі прадукты ва ўкраінскія памежныя вёскі, калі гэта было магчыма, вясной. Калі пачалася вайна, па нашым горадзе паехалі калёны тэхнікі, танкі, паляцелі над галавой самалёты — эмацыйнае жаданьне было зьехаць. У мяне быў проста жудасны стан. Але ў мяне маці старая, сын у школе вучыцца. Я адказная за іх», — кажа Ірына.

Па яе назіраньнях, у горадзе стала больш прыхільнікаў Расеі і Пуціна.

«Нават было непрыемнае расчараваньне, што людзі, якія былі за пратэст, сталі падтрымліваць Пуціна ў гэтай вайне. Я была проста ў шоку! Зразумела, я спыніла зь імі стасункі. Але мае сябры, блізкае атачэньне — адэкватныя людзі. У мяне ёсьць надзея на перамены ў нашай краіне, безумоўна. Яны зьвязаныя з канцом вайны ва Ўкраіне», — кажа Ірына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG