Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прасадка ў сямейным бюджэце капітальная — мінус тысяча эўра ў месяц». Як шматдзетная сям’я беларусаў жыве ў Коўне


Праект Свабоды «Новая зямля» расказвае пра жыцьцё людзей, якія пакінулі краіну, але не перасталі быць беларусамі.

Дзьмітрый — айцішнік. Зь Беларусі зьехаў летась у лістападзе, бо не адчуваў бясьпекі. Разам зь ім у другі па велічыні горад Літвы перабраліся жонка (яна часова не працуе) і трое непаўналетніх сыноў. У інтэрвію Свабодзе Дзьмітрый расказаў, ці даражэйшае ўсё ў Літве, на якія хітрыкі ён ідзе, каб зэканоміць, і чаму абраў менавіта Коўна.

Пажайсліскі кляштар у Коўне
Пажайсліскі кляштар у Коўне

Чаму Коўна?

Суразмоўца Свабоды шчыра кажа, што выбіралі ня Вільню, бо хацелі зэканоміць на арэндзе жыльля. Разглядалі варыянты з Друскенікамі і Клайпедай, але спынілі свой выбар на Коўне.

«Перавагі гораду ў тым, што ён недалёка ад Вільні, да працы ўсяго гадзіна на аўто, але мне ня трэба кожны дзень у офіс. Цэны ж на кватэры адрозьніваюцца амаль у два разы. Можна было б знайсьці яшчэ таньнейшыя варыянты — у Марыямпалі, Панявежысе ці Шаўляі, але там востра стаіць моўнае пытаньне. У Коўне ж не праблема знайсьці людзей, што разумеюць расейскую ці ангельскую мовы — дактары, паштаркі, супрацоўнікі мясцовых органаў улады. Такі кампраміс у нас атрымаўся».

Якія ўражаньні ад гораду?

Дзьмітрый кажа, што па прыезьдзе ў Коўна сям’я сядзела дома ў абавязковым двухтыднёвым карантыне. Квартал, у якім яны нанялі жыльлё, выглядаў вельмі сучасна — новыя домікі ў скандынаўскім стылі.

«Калі ж выйшлі ўпершыню ў горад і пайшлі ў міграцыю, то ўбачылі навокал шэрыя пяціпавярховікі, якія нічым не адрозьніваюцца ад Зялёнага Лугу, Сьветлагорску ці Салігорску. І было такое ўражаньне, што выехалі зь Беларусі ў Беларусь. Ды не, нават горш было. У Беларусі людзі ўжо звыклі ня ставіць машыны на газоне, а тут спакойна гэта рабілі. Карацей, першыя два тыдні ў нас былі адчуваньні „ваў-ваў, Эўропа“, потым быў такі моцны эмацыйны правал, а ўжо ўвесну я закахаўся ў гэты горад. Ён вельмі нагадвае горад майго дзяцінства — свабодны, вельмі зялёны і душэўны».

У Коўне Дзьмітрый ніводнага разу не сутыкаўся з праявамі хэйту беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, наадварот, кажа, шмат спачуваньня і разуменьня.

«Некалі гуляў зь дзіцем у парку, насустрач ідзе іншы бацька зь дзіцем. Пытаецца ў мяне: „Ты адкуль?“ Зь Беларусі, кажу. „А-а-а-а, зьбег?“ — Ну так, трэба было зьехаць. — „Правільна зрабіў, я вельмі рады, што ты ў нас жывеш“. Ён звычайны муляр на будоўлі, але добра разьбіраецца ў нашай сытуацыі».

Арэнда кватэры

Сям’я Дзьмітрыя наймае дарагую па ковенскіх мерках кватэру. За пяціпакаёўку яны плацяць 680 эўра. У кватэры ёсьць два асобныя пакоі для дзяцей, кабінэт, гасьцёўня і спальня.

«Мы глядзелі ўвосень цэны яшчэ зь Менску, то за 200–300 эўра было магчыма наняць двухпакаёўку, за 300–400 эўра гэта ўжо была неблагая двухпакаёўка ў цэнтры. Калі ўвесну беларусы, украінцы і расейцы пачалі ехаць у тым ліку ў Коўна, то цэны, безумоўна, падскочылі, я б сказаў, на 50–60%, цяпер зноў крыху ўпалі. Чакаецца, што ў верасьні, калі студэнты вернуцца ў горад, цэны зноў узьляцяць угару».

Па словах Дзьмітрыя, знайсьці ў горадзе неблагую двухпакаёўку рэальна за 400 эўра.

«Мой таварыш наняў у сакавіку студыю на 2,5 пакоя за 400 эўра. Раён, можа, ня самы лепшы, але сама кватэра проста супэр».

Камуналка

У зімовы пэрыяд даходзіць да 210 эўра, у летні — каля 110.

«Справа ў тым, што ў нас заўсёды моцны перабор з электрычнасьцю, пастаянна ўключаныя кампутары, электрапліта, мультыварка. Калі ты гатуеш ежу дома, то электрычнасьці жарэ вельмі шмат. Мы часам жартуем, што схадзіць у якую сталоўку было б нават таньней. За ацяпленьне максымум, у самыя халодныя месяцы, мы плацілі 50–60 эўра».

Коўна
Коўна

Прадукты харчаваньня

Па словах Дзьмітрыя, шоку ад цэнаў на прадукты ў Літве ў яго не было. Ён кажа, што нешта сапраўды каштуе даражэй, чым у Беларусі, а нешта таньней. Найбольш, бадай, уразілі цэны на малако, у Беларусі яны ўсё ж значна ніжэйшыя.

«Ялавічыну мы купляем на невялікім рынку побач з домам. Кіляграм звычайна каштуе каля 8 эўра. Таксама мы фанацеем ад мясцовай індычкі, яна таньнейшая за ялавічыну — каля 5,5 эўра. Сьвініны мы амаль не ямо, можа раз на пару месяцаў. Курыцу набываем, і яна даражэйшая, чым была ў Беларусі:— звычайныя ногі каштуюць 2,5 эўра, філе — каля 5 эўра, кумпячкі — 3–4 эўра».

Дзьмітрый расказвае, што літар малака бярэ за 1 эўра. Тварог, калі па зьніжках, то 4 эўра за кіляграм, бязь зьніжак — 5,5 эўра. Дзясятак яек можа каштаваць і 1 эўра, і 3. Сярэдняя цана — дзесьці 1,5 эўра.

Рынак

Сям’я Дзьмітрыя бярэ на мясцовым базарчыку вэнджанае сала, яго аддаюць за 7,5 эўра за кіляграм. Добрая хатняя каўбаса на рынку будзе каштаваць 10 эўра за кіляграм. А вось хлеб жонка суразмоўцы часта пячэ сама, часам толькі набываюць у краме.

Садавіна і гародніна

«У нас тут ёсьць вельмі клясная крама „Фрутэрыя“. Там можна браць невялікія оптавыя закупкі — па 3–5 кіляграмаў. За яблыкі аддаём 3 эўра за 5 кіляграмаў. Нэктарыны — 5 эўра за 4 кіляграмы. Бульбу маладую бралі за 60 цэнтаў. Памідоры таксама гішпанскія, выходзіць таньней, чым у крамах, але выбар мо ня самы лепшы. Памідоры — 5 эўра за 5 кіляграмаў».

Клубніцы на рынку каштуюць каля 4 эўра за кіляграм, у самы сэзон можна было набыць за 3 эўра. Чарэшні там жа аддаюць за 4 эўра.

«На кірмашы куплялі вельмі клясныя малінавыя памідоры, ня ведаю адкуль яны, раней бы сказаў, што дакладна Херсон, яны каштавалі 2,5 эўра. Нядаўна рабілі маласольныя гуркі, у сэзон яны танныя: дзесьці па 1 эўра за кіляграм».

А вось цэны на бананы могуць вельмі моцна розьніцца: ад 70 цэнтаў да 1,5 эўра за кіляграм.

Кавярні

«Зь дзецьмі ня так часта ўдаецца выбрацца. Магу дакладна назваць цэны на піцы: вялікая, 42 сантымэтры, у Коўне каштуе ад 7 да 10 эўра. У нас ёсьць такая піцэрыя для мясцовых, дык там „Маргарыта“ каштуе 8 эўра. Нечым пасыпаная будзе каштаваць 9 эўра. У сеткавых кавярнях будзе каштаваць, хутчэй, 10 эўра».

Сям’я часам замаўляе сабе цэпэліны ў службах дастаўкі, дык за дзьве штукі звычайна бяруць 4 эўра. Дзеці, вядома, просяць штосьці з фастфуду: бульба-фры будзе каштаваць каля 2 эўра, а сок — 80 цэнтаў.

Мэдыцынскія паслугі

«Мы плацім Sodra — гэта такая мясцовая сыстэма мэдычнага страхаваньня, таму ўсе паліклінікі для нас бясплатныя. Sodra — гэта прыкладна 50 эўра на месяц. За мяне плаціць мой працадаўца, а жонка ўжо сама. Мне трэба было здаць мэдагляд (праверыць ціск, сэрца, зрок) — гэта каштавала 30 эўра. А пару тыдняў таму рабілі мэддаведку для дзяцей, каб яны паехалі ў лягер. У нашага сямейнага пэдыятра не было месцаў на запіс, то пайшлі ў прыватную клініку. У выніку гэта каштавала 20 эўра за адну даведку».

Да стаматолягаў Дзьмітрый у Літве пакуль не зьвяртаўся. Кажа, калі такая патрэба ўзьнікне, то паедзе ў Вільню ў тыя клінікі, дзе працуюць беларускія спэцыялісты.

Цырульні

«Ходзім да беларускі. Мужчынская фрызура каштуе 10 эўра, а жаночая — 12,5. Дзяцей я стрыгу сам. Сэанс манікюру жонцы каштуе 25 эўра, яна ходзіць да ўкраінскай спэцыялісткі», — расказвае Дзьмітрый.

Адзеньне

Дзьмітрый кажа, што ў пытаньні адзеньня ім вельмі дапамагае інтэрнэт-крама pigu.lt, дзе можна знайсьці вялікія зьніжкі.

«За джынсы я там аддаю 15 эўра. Майкі малым мы ўвогуле куплялі на добрай зьніжцы, то яны каштавалі па 3 эўра за штуку. Што тычыцца маек дарослым, то бяром па 8–12 эўра. Мы не фанаты нейкіх стыльных штук: бяром што ёсьць, абы насіць было можна. Красоўкі браў за 20–25 эўра — гэта акцыйныя прапановы».

Мабільная сувязь і інтэрнэт

Працадаўца аплачвае Дзьмітрыю сімку, а вось ягоным сямейнікам безьлімітныя інтэрнэт і званкі каштуюць па 5 эўра ў месяц, але гэта пэрсанальны выпадак. За хатні інтэрнэт сям’я плаціць усяго 8 эўра на месяц, кажуць, што нават у Беларусі аддавалі болей.

Забавы, культурнае жыцьцё

«Хадзіў на канцэрты „Петли Пристрастия“ ў Вільні, J-mors і Бабкіна ў Вільні. Квіткі каштуюць плюс-мінус 20 эўра. Цяпер у нас шмат бясплатных забаўляльных штук, бо Коўна — культурная сталіца Эўропы, хапае розных імпрэзаў. Ведаю, што тут ёсьць батут-арэна, дык гадзіну паскакаць каштуе каля 10 эўра».

Больш сабе дазваляе ці менш?

Дзьмітрый кажа, што дазваляць сабе яны сталі заўважна меней, чым у Менску.

«У Беларусі цэны ніжэйшыя, але гэта яшчэ можна перажыць. У Менску ў нас была ўласная кватэра, за якую мы плацілі толькі крэдыт і камуналку, астатняе ішло на жыцьцё. Цяпер жа мы плацім і той жа крэдыт, з той жа камуналкай, а таксама арэнду жыльля і камуналку ў Коўне. Гэта фактычна лішнія мінус тысяча эўра на месяц. Прасадка калясальная».

Від на Коўна
Від на Коўна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG