Апошні месяц вайсковы аэрадром у Зябраўцы пад Гомлем, куды прыбываюць расейскія войскі да мяжы з Украінай, вельмі актыўна зьмяняецца. Літаральна за месяц там зьявілася некалькі пяшчаных насыпаў, будаўнічыя работы працягваюцца. Свабода прасачыла за зьменамі на лётнішчы з дапамогай спадарожнікавых здымкаў.
Чытачы Свабоды паведамляюць, што апошнім часам туды прыбыло больш расейскай тэхнікі і вайскоўцаў.
«Насамрэч у Зябраўку (Гомельскі раён) расейская вайсковая тэхніка і жывая сіла прыбылі яшчэ тыдня паўтара таму. Расейцы там заставаліся яшчэ зь вясны, але абмежаванай колькасьцю. На Зябраўку доступ, як і раней, закрыты. Як стаялі, так і стаяць войскі РФ, але цяпер там больш тэхнікі і людзей», — расказала крыніца з Гомельскага раёну.
Вось так выглядаў вайсковы аэрадром у Зябраўцы 24 жніўня 2022 году.
А вось так стаў выглядаць празь месяц, 16 кастрычніка 2022 году.
Бачым, што ў паўночнай частцы аэрадрому будуюцца насыпы зь пяску. Прычым пясок не прывозіцца звонку, а бярэцца проста ў кар'ерах на аэрадроме.
Падобныя збудаваньні ў выглядзе насыпаў можна пабачыць, напрыклад, у вайсковай частцы 1146 зэнітна-ракетнага палка, які выконвае задачы па абароне Астравецкай АЭС. Там на насыпах усталяваныя радыёлякацыйныя станцыі (глядзіце на фота ніжэй), якія служаць для вызначэньня цэляў і навядзеньня ракет.
Па спадарожнікаваму здымку відаць, што на тэрыторыі аэрадрома ў Зябраўцы павялічылася колькасьць вайсковых грузавікоў, пашырылася тэрыторыя вайсковага лягеру, відаць знаходжаньне зэнітна-ракетных комплексаў С-300 і С-400. На здымку за 16 кастрычніка бачым таксама чыгуначны састаў, які прыбыў з гаручым.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, дасылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
- Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot
- Наш нумар у Signal +380502605369
Што вядома пра аэрадром «Зябраўка»?
Пра выкарыстаньне расейскімі войскамі вайсковага аэрадрому «Зябраўка» пад Гомлем стала вядома ў першыя дні вайны. Адтуль рэгулярна выляталі самалёты і гелікоптэры, запускалі ракеты па Ўкраіне.
Расейскія вайскоўцы засталіся на тэрыторыі «Зябраўкі» і пасьля адыходу расейцаў з поўначы Ўкраіны і часткова з тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка.
Ад «Зябраўкі» да тэрыторыі Ўкраіны, якую кантралюе ўрад у Кіеве, каля 50 кілямэтраў.
Гэтага больш чым дастаткова для ракетных удараў як старой савецкай зброяй кшталту комплексаў «Точка-У», так і новымі заходнімі сыстэмамі залпавага агню накшталт амэрыканскай HIMARS.
«Зябраўка» даволі блізка ад Гомля, густанаселены Навабеліцкі раён абласнога цэнтру ўсяго за дзесяць кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому.
У ноч з 10 на 11 жніўня жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны Беларусі паспрабавала супакоіць беларусаў: «10 жніўня каля 23 гадзіны ў часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне». Аднак у вэрсію міністэрства мала хто паверыў.
Украінскае кіраўніцтва неўзабаве абвергла інфармацыю аб тым, што ўдар нанесьлі Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
У сярэдзіне жніўня праект «Беларускі Гаюн» прааналізаваў узбраеньне, якое знаходзіцца на аэрадроме Зябраўка ў Гомельскай вобласьці, і прыйшоў да высновы, што расейскія войскі рыхтуюцца нанесьці масіраваны ракетны ўдар па Ўкраіне.
Ракеты і дроны зь беларускай тэрыторыі працягвалі ляцець на Ўкраіну ў верасьні і кастрычніку 2022 году.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.