Зьбітая расейская ракета ў Чаргнігаўскай вобласьці, 19 кастрычніка 2022
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што Расея працягвае назапашваць войскі і боепрыпасы ўздоўж украінскай мяжы.
«Узмацняецца агрэсіўная рыторыка вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і Беларусі, якая суправаджаецца разгортваньнем рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай саюзнай дзяржавы. Пагроза аднаўленьня Ўзброенымі сіламі Расеі наступу на паўночным фронце павялічваецца. На гэты раз кірунак наступу можа быць зьменены на захад беларуска-ўкраінскай мяжы», — заявіў Аляксей Громаў на брыфінгу 20 кастрычніка ў Кіеве.
Паводле яго слоў, зьмена кірунку паўторнага нападу зьвязана з жаданьнем Расеі перарэзаць «асноўныя лягістычныя артэрыі паставак узбраеньня і вайсковай тэхнікі Ўкраіне краінамі-партнэрамі».
Аляксей Громаў падкрэсьліў, што на тэрыторыі Беларусі працягваецца разгортваньне авіяцыйных падразьдзяленьняў і падразьдзяленьняў іншых родаў расейскіх войскаў.
«На тэрыторыі Беларусі праводзяць захады па падрыхтоўцы прыхаванай мабілізацыі. У той жа час Рэспубліка Беларусь працягвае даваць сваю тэрыторыю для запуску балістычных ракет і дронаў. Яна разьмясьціла на сваіх аэрадромах самалёты МіГ-31, якія могуць быць узброеныя крылатымі ракетамі тыпу „Калібр“. Мы таксама на гэта рэагуем», — падкрэсьліў ён.
Прадстаўнік Генштабу дадаў, што ўкраінская выведка пільна адсочвае сытуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы.
«У выпадку ўхваленьня праціўнікам адпаведнага рашэньня аб адкрыцьці так званага другога фронту, а менавіта вядзеньня наступальных дзеяньняў з Рэспублікі Беларусь, мы будзем гатовыя да адэкватнага адказу», — заявіў Аляксей Громаў.