Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малаімаверна, што беларускае войска ўступіць у вайну ў бліжэйшыя тыдні» — украінскі экспэрт Ігар Тышкевіч

Беларускія вайскоўцы на вучэньнях. Травень 2022
Беларускія вайскоўцы на вучэньнях. Травень 2022

Што азначаюць сёньняшнія заявы Лукашэнкі пра разгортваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама пра разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі? Наколькі сур’ёзна варта ўспрымаць пагрозы Лукашэнкі на адрас Украіны?

Свае адказы прапануе ўкраінскі палітоляг беларускага паходжаньня, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

— Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ў сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы» ён і Ўладзімір Пуцін прынялі рашэньне аб разгортваньні «рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь». Што гэта азначае? Беларускае войска і расейскія злучэньні ў Беларусі аб’ядноўваюцца ў адзіную вайсковую структуру пад адзіным камандаваньнем? Беларускае войска ўступае ў вайну?

— Парамэтры гэтай групоўкі нявызначаныя. Яе разгортваньне можа як прадугледжваць увод у Беларусь расейскіх войскаў, гэтак і не прадугледжваць яго: узаемадзеяньне можа абмяжоўвацца абменам інфармацыяй.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

На мой погляд, пакуль зарана казаць, што гэта азначае ўступленьне беларускай арміі ў баявыя дзеяньні.

Мне здаецца, што гэтае рашэньне — хутчэй гульня на ўнутраным полі.

Лукашэнка ўжывае вельмі агрэсіўную рыторыку адносна Ўкраіны. І пытаньне Крымскага моста для яго нават больш балючае, чым для Пуціна.

Лукашэнку трэба паслаць сыгнал сваёй уладнай эліце. Яго слабасьць, няздольнасьць адказваць на выклікі можа прывесьці да страты ляяльнасьці з боку эліты.

Падобнымі заявамі — хай толькі паспрабуюць, мы адабʼём любы напад і пакараем за яго — ён спрабуе забясьпечыць захаваньне вернасьці сваіх паплечнікаў. Але ён вельмі баіцца і сам.

Так паводзіць сябе асоба, загнаная ў кут. Яна пачынае агрызацца. У стане панікі, калі няма куды ўцякаць, амаль любы пачынае прынамсі пагражаць.

Лукашэнку таксама важна падаць сыгнал Маскве, што ён удзельнічае ў вайне. Зь іншага боку, Макей спрабуе весьці перамовы з Захадам.

Я мяркую, што расейскія ракетныя ўдары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі будуць працягвацца, але іншых формаў ваеннай актыўнасьці з гэтага кірунку я не чакаю.

— Лукашэнка сказаў, што некалькі тысячаў расейскіх вайскоўцаў будуць уведзеныя ў Беларусь. Ён падкрэсьліў, што няшмат. Але ў лютым, падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць», таксама гаварылася, што расейскіх войскаў на іх будзе няшмат, маўляў, усё паводле правілаў АБСЭ адносна колькасьці ўдзельнікаў вучэньняў. Гэтую адпаведнасьць «правілам АБСЭ» ўсе ўбачылі 24 лютага. Зараз гэта можа паўтарыцца?

— Трэба будзе глядзець на структуру гэтых войскаў і тэхніку, якая зь імі прыедзе. Ня выключана, што гэтыя войскі прыедуць, каб прайсьці на беларускіх палігонах «курсы маладога байца». У Расеі бракуе вайсковай інфраструктуры.

Яны абвяшчаюць, што прызвалі ў межах мабілізацыі 200 тысячаў чалавек, а ў пэрспэктыве прызавуць 1 мільён. Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны з Украінай расейскае войска налічвала 1 мільён вайскоўцаў. Такім чынам, размова ідзе аб падваеньні асабовага складу.

Большую частку яго трэба навучыць, падрыхтаваць. Расейскія вайсковыя палігоны проста ня справяцца з такой колькасьцю прызыўнікоў. І частку зь іх будуць рыхтаваць у Беларусі.

Але нават гэта запатрабуе ад Украіны трымаць войскі на мяжы зь Беларусьсю. І гэтыя войскі ня будуць удзельнічаць у баях на іншых франтах.

— Іншымі словамі, вы ня думаеце, што сёньняшнія заявы Лукашэнкі азначаюць, што беларускае войска ўступае ў вайну?

— У бліжэйшыя тыдні гэта малаімаверна. Лукашэнка паспрабуе пацягнуць час, чакаючы, у тым ліку, і вынікаў ХХ зьезду КПК. Прыклад Такаева з кітайскімі гарантыямі бясьпекі вельмі заразны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG