Эўракамісія папярэдзіла Лукашэнку наконт магчымага ўдзелу Беларусі ў вайне

Петэр Стана
Петэр Стана

Брусэль адрэагаваў на апошнія заявы дыктатара.

Пра гэта інфармуе агенцтва Reuters.

У Эўракамісіі заклікалі Лукашэнку ўстрымацца ад падтрымкі расейскай узброенай агрэсіі супраць Украіны. Такую заяву зрабіў 10 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Пэтэр Стана.

У Эўракамісіі, у прыватнасьці, заклікалі афіцыйны Менск неадкладна забараніць расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

«Любыя далейшыя дзеяньні — асабліва непасрэдны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне насуперак волі большасьці жыхароў Беларусі — будзе сустрэты новымі і суровымі абмежавальнымі мерамі», — сказаў Стана.

10 кастрычніка кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім заявіў, што з тэрыторыі Беларусі запушчана 10 бесьпілётных апаратаў, імаверна іранскай вытворчасьці.

«Вылецелі зь Беларусі 10 дронаў-камікадзэ, перасеклі мяжу ў Валынскай вобласьці, 4 „шагіды“ у раёне Харошаў (Жытомірская), курс на Корасьцень», — напісаў Віталь Кім у сваім тэлеграм-канале.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі, што Расея задзейнічала іранскія бесьпілётнікі з тэрыторыі Беларусі і часова акупаванага Крыму. «Паводле папярэдняй інфармацыі, дзевяць зь іх зьнішчана», — адзначаецца ў паведамленьні Генштабу Ўкраіны.

​
XS
SM
MD
LG