Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Схіляюся перад мужнасьцю Алеся Бяляцкага». Рэакцыя на прэмію ў сьвеце


Алесь Бяляцкі, сьнежань 2020
Алесь Бяляцкі, сьнежань 2020

Некаторыя палітычныя лідэры і арганізацыі адразу адрэагавалі на ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. Сабралі першыя рэакцыі.

Джо Байдэн, прэзыдэнт ЗША

Сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру нагадваюць нам, што нават у змрочныя дні вайны, перад абліччам запалохваньня і прыгнёту, агульначалавечае імкненьне да правоў і годнасьці ня можа быць задушана.

На працягу многіх гадоў яны нястомна змагаюцца за правы чалавека і фундамэнтальныя свабоды, у тым ліку за права свабодна выказвацца і адкрыта крытыкаваць. Яны выконваюць сваю місію з запалам і настойлівасьцю. Алесь Бяляцкі ніколі не адступаў ад патрабаваньня дэмакратычных свабодаў, якіх заслугоўвае беларускі народ, нават застаючыся ў зьняволеньні.

Кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Жузэп Бурэль

Эўразьвяз вітае рашэньне прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, а таксама праваабарончым арганізацыям «Мемориал» (Расея) і «Цэнтар грамадзянскіх свабод» (Украіна).

Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля.

Паводле яго слоў, ЭЗ «сардэчна віншуе ляўрэатаў з такім аўтарытэтным прызнаньнем іх нястомнай і бясцэннай працы».

Бурэль нагадаў, што Бяляцкі заснаваў праваабарончы цэнтар «Вясна», які «апошнія 30 гадоў змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, абараняе палітвязьняў». «Алесь Бяляцкі цяжка хворы, ён знаходзіцца ў зьняволеньні з 14 ліпеня 2021 году, яму пагражае 12 гадоў пазбаўленьня волі. Ён зьяўляецца адным з больш як 1.300 палітвязьняў у Беларусі, што пазбаўленыя волі рэжымам Лукашэнкі», — адзначыў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ.

Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Францыі

Алесь Бяляцкі ў Беларусі, НДА «Мэмарыял» у Расеі, Цэнтар грамадзянскіх свабод ва Ўкраіне: Нобэлеўская прэмія міру ўшаноўвае непахісных абаронцаў правоў чалавека ў Эўропе. Працаўнікі для міру, яны ведаюць, што могуць разьлічваць на падтрымку Францыі.

Эдгарс Рынкевічс, міністар замежных справаў Латвіі

Мае шчырыя віншаваньні ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру: Алесю Бяляцкаму зь Беларусі, «Мэмарыялу» з Расеі і Цэнтру грамадзянскіх свабод з Украіны. Лукашэнка пасадзіў праваабаронцу, Пуцін забараніў «Мэмарыял», але сьвет прызнае сапраўдных герояў.

Анналена Бэрбак, міністар замежных справаў Нямеччыны

Схіляюся перад мужнасьцю Алеся Бяляцкага, «Мэмарыялу» і Цэнтру грамадзянскіх свабод. Гэтая Нобэлеўская прэмія ўшаноўвае ўсіх тых, хто адважна змагаецца за свае правы і свабоды, нягледзячы на пагрозы ўласнаму жыцьцю. Яны змагаюцца зь несправядлівасьцю тых, хто нібыта мацнейшы.

Урзуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Эўракамісіі

Пляскаю ў ладкі «неверагоднай мужнасьці жанчын і мужчын, якія выступаюць супраць аўтакратыі. Яны паказваюць сапраўдную моц грамадзянскай супольнасьці ў барацьбе за дэмакратыю. Расказваюць свае гісторыі. Дзеляцца сваім вопытам. Дапамагаюць зрабіць сьвет больш свабодным».

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Віншую пераможцаў. Права казаць праўду ўладзе зьяўляецца фундамэнтальным для свабодных і адкрытых грамадзтваў.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека

Гэтая прэмія, самая прэстыжная з усіх, зьяўляецца абсалютным прызнаньнем працы, мужнасьці, мабілізацыі і нязьменнай прыхільнасьці абаронцаў, якія зьяўляюцца часткай таго ж руху: барацьбы за свабоду і правы чалавека.

«Гэтая прэмія — узнагарода супраціву. Супраціўленьня таталітарызму, спробам прымусіць замаўчаць галасы тых, хто адважваецца выступіць і асудзіць парушэньні правоў чалавека», — Эліс Могвэ, прэзыдэнт FIDH.

Сацыял-дэмакратычная фракцыя Бундэстагу

Віншуем Алеся Бяляцкага, «Мэмарыял» і Цэнтар грамадзянскіх свабод. Выдатны сыгнал у абарону правоў чалавека!

Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны

У Нобэлеўскага камітэту цікавае разуменьне слова «мір», калі прэмія прысуджаецца разам прадстаўнікам дзьвюх краін, якія напалі на трэцюю. Ні расейскія, ні беларускія арганізацыі не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне. Сёлетняя Нобэлеўская прэмія — гэта проста «супэр».

«Маладыя эўрапейскія фэдэралісты»

Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў зьняволены беларускі апазыцыйны лідэр Алесь Бяляцкі. Яго шматгадовая мірная барацьба за дэмакратычную #Беларусь была прызнаная і будзе працягваць натхняць суайчыньнікаў супрацьстаяць тыраніі Лукашэнкі.

Сьвятлана Алексіевіч

«Лічу Бяляцкага міталягічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія».

Сьвятлана Ціханоўская

«Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў. Гэтая ўзнагарода — яшчэ і прызнаньне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забесьпячэньне міру і правоў чалавека».

Амэрыканскі ПЭН-клюб адзначыў мужнасьць Алеся Бяляцкага

Амэрыканскі ПЭН-клюб (PEN America) выступіў са спэцыяльнай заявай з нагоды прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі міру 2022 беларускаму праваабаронцу і пісьменьніку Алесю Бяляцкаму, украінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод і расейскай праваабарончай групе «Мэмарыял».

Амэрыканскі ПЭН-клюб лічыць, што «Нобэлеўскі камітэт прызнаў мужнасьць беларускіх, украінскіх і расейскіх праваабаронцаў, якія працягваюць адстойваць правы чалавека і дэмакратыю перад рэпрэсіямі і спробамі прымусіць іх замаўчаць і падарваць да іх давер. Нобэлеўскі камітэт прызнаў і адзначыў важную ролю, якую грамадзянская супольнасьць павінна адыгрываць у забесьпячэньні свабоды і годнасьці, а таксама захаваньні асноўных свабод».

У заяве ПЭН-клюб кажа, што арганізацыя вітае прысуджэньне прэміі Алесю Бяляцкаму, арыштаванаму 14 ліпеня 2021 году, і адзначае: «Арышт Бяляцкага зьяўляецца часткай сыстэматычных дзеяньняў беларускага рэжыму па выкараненьні свабоды слова і іншадумства шляхам зьняволеньня ў турмы актывістаў, мастакоў, пісьменьнікаў і навукоўцаў».

«Жывучы пры ўрадзе, які вырашыў зламаць волю нават сваіх самых стойкіх крытыкаў, Бяляцкі няўхільна змагаўся за правы чалавека на працягу дзесяцігодзьдзяў, ахвяруючы сваёй свабодай, бясьпекай і дабрабытам», — лічаць амэрыканскія праваабаронцы.

«Прысудзіўшы прэмію міру-2022 Бяляцкаму, Нобэлеўскі камітэт прызнаў важную ролю, якую пісьменьнікі адыгрываюць у якасьці крыніцы праўды, натхняльнікаў ідэй, і ў якасьці апоры супраць аўтарытарызму», — гаворыцца ў заяве.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG