Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жузэп Бурэль: Эўразьвяз вітае прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

Эўразьвяз вітае рашэньне прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, а таксама праваабарончым арганізацыям «Мемориал» (Расея) і «Цэнтар грамадзянскіх свабод» (Украіна).

Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля.

Паводле яго слоў, ЭЗ «сардэчна віншуе ляўрэатаў з такім аўтарытэтным прызнаньнем іх нястомнай і бясцэннай працы».

Бурэль нагадаў, што Бяляцкі заснаваў праваабарончы цэнтар «Вясна», які «апошнія 30 гадоў змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, абараняе палітвязьняў». «Алесь Бяляцкі цяжка хворы, ён знаходзіцца ў зьняволеньні з 14 ліпеня 2021 году, яму пагражае 12 гадоў пазбаўленьня волі. Ён зьяўляецца адным з больш як 1.300 палітвязьняў у Беларусі, што пазбаўленыя волі рэжымам Лукашэнкі», — адзначыў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ.

«Мемориал», паводле яго слоў, супрацьстаіць спробам «маніпуляваць гістарычнай памяцьцю пра палітычныя рэпрэсіі» у РФ, адыгрываючы «унікальную ролю для расейцаў і ўсёй Эўропы».

У сваю чаргу ўкраінскі Цэнтар грамадзянскіх свабод, адзначыў Бурэль, ад пачатку вайны разам зь міжнароднымі партнэрамі дакумэнтуе і выяўляе вінаватых у злачынствах Расеі ва Ўкраіне. «Гэтая праца будзе мець ключавое значэньне для таго, каб Расея, яе палітычнае кіраўніцтва і ўсе, хто мае дачыненьне да няспыненых парушэньняў міжнароднага права, былі прыцягнутыя да адказнасьці», — перакананы Бурэль.

«Рашэньне прысудзіць сёлета Нобэлеўскую прэмію міру гэтым абаронцам дэмакратыі і правоў чалавека — знак надзеі і сьвятла сярод цемры ўнутраных рэпрэсій у Расеі і Беларусі і незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», — дадаў ён.

7 кастрычніка нобэлеўскі камітэт абвясьціў пра прысуджэньне прэміі з наступнай фармулёўкай: «Ляўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасьць у сваіх краінах. Яны на працягу многіх гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганьні для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў, парушэньняў. правоў чалавека і злоўжываньняў ўладай. Разам яны дэманструюць значэньне грамадзянскай супольнасьці для міру і дэмакратыі».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG