Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Алесь Бяляцкі для беларускай барацьбы — міталягічная фігура

абноўлена

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Уганараваньне Нобэлеўскай прэміяй міру праваабаронцаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны мы папрасілі пракамэнтаваць пісьменьніцу, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлану Алексіевіч.

— Я вельмі рада за Алеся Бяляцкага, бо ён — міталягічная фігура для беларускай барацьбы. Усё, што мы ведаем пра сябе падчас барацьбы, мы ведалі ў асноўным дзякуючы арганізацыі «Вясна», якою кіруе Бяляцкі, дзякуючы тым мужным людзям, якія там працуюць.

Ён здолеў стварыць гэты калектыў аднадумцаў, і яны рабілі гэтую вялікую працу.

Я рада і за «Мэмарыял», які так ненавідзіць расейская ўлада: зараз у яго вельмі шмат складанасьцяў. Гэта таксама важная ўзнагарода сёньня.

А тое, што робяць украінскія праваабаронцы, — пра гэта і гаварыць цяжка. Людзі працуюць у неймаверных умовах.

Учора мы ўручалі прэмію імя Ганны Паліткоўскай украінскай акушэрцы Тацяне Сакаловай, якая прымала роды пад бамбаваньнем у Марыюпалі, і расейскай праваабаронцы Сьвятлане Ганнушкінай.

Я чула ад сваіх украінскіх сяброў, што гэта неадназначна ўспрымаецца ў іх грамадзтве, яны не разумеюць гэтага жаданьня паставіць расейскіх, беларускіх і ўкраінскіх барацьбітоў побач, на адну дошку.

Яны лічаць, што расейскі і беларускі народы вінаватыя ў гэтай вайне, бо яны маўчаць.

Будзе шмат спрэчак, але я вітаю ўсіх уганараваных сёньняшняй прэміяй. Гэтая прэмія кажа пра тое (і хай гэта ведаюць украінскія сябры), што сярод і расейцаў, і беларусаў шмат тых, хто змагаецца, рызыкуючы сваім здароўем і жыцьцём.

Алесь Бяляцкі хворы, ён шмат гадоў праседзеў у турме.

— На ваш погляд, як улада Беларусі адрэагуе на гэтую прэмію? Ці можа Лукашэнка вызваліць Бяляцкага? Хаця б яго аднаго?

— Гэта ўладзе варта было б зрабіць, але ня веру, што яна гэта зробіць. Каб гэта зрабіць, трэба паважаць праціўніка, мець іншы сьветапогляд.

— А мо проста быць хітрым?

— Якраз хітрасьць Лукашэнка мае. Але я мяркую, што ён занадта ненавідзіць тых, хто супраць яго. А тое, што Бяляцкі застанецца ў турме, — гэта прыніжае народ, прыніжае ўсіх нас.

— У 2020 годзе ў грамадзтве быў кансэнсус: пратэсты павінны быць мірнымі. Зараз, скажам вельмі мякка, гучаць і іншыя галасы — што трэба дзейнічаць больш рашуча і ня толькі мірнымі сродкамі. Бяляцкі заўсёды быў за мірныя сродкі, і ён сам дзейнічаў менавіта так. Тое, што прэмію атрымалі праваабаронцы, а не, напрыклад, палітыкі, — якое значэньне гэта будзе мець, у прыватнасьці, для беларускага грамадзтва?

— Я мяркую, што грамадзтва застанецца расколатым. Застануцца людзі, якія вераць, што, як пісаў Някрасаў, «дело прочно, когда под ним струится кровь».

Скажу за сябе — я заўсёды была супраць крыві і застаюся супраць крыві. Мне здаецца, што гонар нашай рэвалюцыі і яе маральная вага ў сьвеце былі менавіта таму, што ніхто ня браў «пошту і тэлеграф» і што не было крыві. Дый як яе было праліць, калі на кожным скрыжаваньні стаяла вайсковая тэхніка і ўвесь Менск быў повен салдатаў?

Калі б беларусы дзейнічалі інакш, было б горш, чым на плошчы Т'яньаньмэнь у Пэкіне ў 1989 годзе.

Можа, гэта ідэалізм з майго боку і з боку Бяляцкага. Але дзіўна было б, калі б мастак заклікаў да крыві.

Я разумею, што мяне ў адказ спытаюць: а як нам тады перамагчы, прыйсьці да ўлады? Гэтае пытаньне — без адказу ад мяне.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
XS
SM
MD
LG