Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае за іх ахвяравацца». 10 цытатаў Алеся Бяляцкага на Свабодзе


Алесь Бяляцкі на прэзэнтацыі сваёй кнігі, 2014 год
Алесь Бяляцкі на прэзэнтацыі сваёй кнігі, 2014 год

Голас ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронцы Алеся Бяляцкага спачатку на хвалях Радыё Свабода, пазьней у сеціве і ў сацыяльных сетках нашага радыё гучыць ня першае дзесяцігодзьдзе. Вось некаторыя цытаты нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня.

«Навінаў мала». Фрагмэнт ліста з турмы, лістапад 2021

«Навінаў мала, бо дні цякуць аднастайна ад ранішняй праверкі да вячэрняй, ад пад’ёму да адбою, ад сьняданку да абеду, ад абеду да вячэры. Як бы нічога не адбываецца, але ўсё і не апішаш. Увогуле, у мяне як у назьве раману Аляксандра Дзюмы „Десять лет спустя“».

Пра мову, якой улада размаўляе з народам

«Маштаб рэпрэсіяў у краіне незвычайна высокі, такога не было з часоў Сталіна. Гэта нават нельга ні з чым параўнаць. Калі ўзгадаць гісторыю Беларусі часоў СССР, то ў нас па антысавецкіх артыкулах у 1960-80-я гады судзілі звычайна ад аднаго да трох чалавек штогод. Цяпер сотні людзей штомесяц адпраўляюць за краты, сотні сядзяць, і літаральна кожны дзень заводзяць новыя крымінальныя справы. Узровень рэпрэсіяў проста зашкальвае. Улады размаўляюць з народам мовай гвалту. Так званая судовая ўлада абсалютна залежная, яе выкарыстоўваюць на поўную моц супраць палітычных апанэнтаў».

Пра рэпрэсіі як разбурэньне сувэрэнітэту

«Тыя, хто беспадстаўна кідае за краты пісьменьнікаў, актораў, дзеячоў культуры, парушаюць правы чалавека, разбураюць беларускі народ і дзяржаўны сувэрэнітэт».

Наконт прашэньня аб памілаваньні

«Што да мяне асабіста, то я не пісаў прашэньняў, хоць такія сыгналы пачалі паступаць, калі я сядзеў яшчэ ў СІЗА, а потым паўтараліся ў розных формах, і на пачатку 2014 году начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў прыяжджаў у калёнію і прапаноўваў падпісаць просьбу аб памілаваньні. (Алесю Бяляцкаму 24 кастрычніка 2011 году прысудзілі 4 з паловай гады ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. —РС.) Я ўвесь час адмаўляўся, для мяне гэта было прынцыпова, бо я быў перакананы, што асуджаны несправядліва. А любая просьба аб памілаваньні — гэтым самым ты прызнаеш сваю віну, маўляў ты зрабіў „злачынства“...

У мяне тут няма рэцэпту, і я ніколі не асуджаю тых, хто зьбіраецца падпісаць просьбу аб памілаваньні. Цяпер сапраўды паступае шмат інфармацыі, што палітзьняволеным прапануюць падпісаць такія просьбы. Прапаноўваюць нават яшчэ не асуджаным, а тым, хто ў СІЗА. Таму гэта маральна-палітычны выбар, кожны палітвязень павінен вырашаць гэта сам. Тут комплекс рэчаў, які чалавек мусіць улічваць — стан здароўя, ці хопіць у цябе сілаў, ці падтрымліваюць цябе сябры і знаёмыя».

Пра Расею як правакатара

«Расея выступае як правакатар і разбуральнік эўрапейскіх каштоўнасьцяў, Эўрапейскага Зьвязу. І, вядома ж, гэта ўсё адбіваецца на грамадзянскіх супольнасьцях у постсавецкіх краінах. Аўтарытарныя рэжымы ўмацоўваюцца на слабасьці Эўразьвязу. Гэта выклік таксама беларускаму грамадзтву».

Пра Нобэлеўскую прэмію Алексіевіч

«Наданьне Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі я ацэньваю як адназначны прарыў і адназначнае ўваходжаньне Беларусі ў кола элітных літаратураў сьвету, якія маюць сваіх нобэлеўскіх ляўрэатаў. Па-іншаму ацаніць гэта вельмі цяжка. Натуральна, што Сьвятлана Аляксандраўна — чалавек няпросты, чалавек складаны, урэшце, як і кожны пісьменьнік.

І можна ў нечым зь ёй пагаджацца, а ў нечым — не пагаджацца, але тое, што яна ёсьць беларускай пісьменьніцай, тое, што празь яе багата хто ў сьвеце даведаўся пра існаваньне беларускай літаратуры, у якой мы жывем і выгадаваліся — але сьвет вялікі, і мы маленькая часьцінка гэтага сьвету, — і дзякуючы Сьвятлане Аляксандраўне ў нас адбыўся выхад у эліту сусьветных літаратураў. Дастаткова зараз паглядзець кнігарні эўрапейскія, усяго сьвету, ці ўбачыць, як мае калегі ў фэйсбуку выстаўляюць фота яе кніг з Італіі, з Францыі, зь Нямеччыны, зь вітрынаў кнігарняў».

Пра прэмію Гедройця

«Ляўрэаты прэміі Гедройця, як бы яна ні ацэньвалася, штогод, мне падаецца, вывераныя і падкрэсьліваюць тое, што беларуская літаратура не спынілася, не знаходзіцца ў нейкім экзыстэцыянальным крызісе, яна разьвіваецца, і ўвесь час шэрагі маладых беларускіх літаратараў, якія прыходзяць на зьмену клясыкам, паказваюць, што беларуская літаратура — гэта жывы арганізм».

Пра постмадэрн у літаратуры

«Адбываюцца працэсы пост-постмадэрнізацыі ўсёй культуры, у тым ліку і літаратуры. У тым ліку і беларускай літаратуры. Калі літаратура са сьцяга на беларускіх барыкадах, якой яна ў нас доўгі час была (як пісаў у свой час Піліп Пестрак, „Сустрэнемся на барыкадах“), — сыходзіць у штукарства, сыходзіць у неабавязковасьць, няважнасьць і ня хоча быць абавязковай, важнай. Такая эпоха пост-постмадэрну рэальна зацягнулася.

І калі ў Эўропе ўсё гэта было сто гадоў таму — росквіт постмадэрнізму, дык толькі зараз гэта зрабілася рэальным чыньнікам у беларускай літаратуры.... У той жа час існуе клясычная беларуская літаратура, і клясычная ў добрым сэнсе, якая ёсьць сучаснаю. Уладзя Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Барыс Пятровіч — сучасныя „гарадзкія“ пісьменьнікі, якія пішуць у нармальных беларускіх традыцыях, якія, я лічу, важныя для нашай беларускай літаратуры. Урэшце, сярод празаікаў — Уладзімер Някляеў. Гэта сучасны беларускі празаік. І нягледзячы на ягоныя гады, ягоная проза вельмі маладая. Гэта сучасная маладая проза».

Пра гуманітарную катастрофу

«У краіне фактычна існуе неабвешчанае ваеннае становішча. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў. Забароненая любая грамадзянская актыўнасьць... Існуе пагроза, што многія з нас бліжэйшым часам апынуцца ў турме. У Беларусі адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны дапамагчы беларускаму народу, прымусіць рэжым пачаць дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю».

Пра каштоўнасьці грамадзтва

«Няхай тыя людзі, якія гвалтоўна парушаюць правы чалавека цяпер, не спадзяюцца, што ім удасца дамагчыся сваіх мэтаў. Махровая, фактычна сталінская рэакцыя сёньня правіць баль. Новае беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае ў той ці іншай ступені за іх ахвяравацца».

XS
SM
MD
LG