Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Беларусь пачынаюць выкрэсьліваць з кантэксту Эўропы


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ўзяў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе «Платы, муры і равы: свабода перасоўваньня як права чалавека».

Яе ў межах праваабарончай Прэміі імя Вацлава Гаўла праводзіла Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы сумесна зь Бібліятэкай імя Вацлава Гаўла і фондам «Хартыя-77». Сёньня Алесь Бяляцкі — госьць Радыё Свабода.

Аўтарытарныя рэжымы ўмацоўваюцца на слабасьці Эўразьвязу

Бяляцкі: Канфэрэнцыя была прысьвечаная міграцыйнаму крызысу, які накрыў ня толькі Эўразьвяз, але хай і ўскосна, і суседнія краіны, у тым ліку і Беларусь. Мы гэта таксама адчуваем. За апошнія два гады гэта 160 тысяч уцекачоў з Украіны, з данбаскага рэгіёну пераважна, якія прынесьлі адтуль пэўныя погляды, пэўную ідэалёгію. Гэта сур’ёзны выклік для ўсяго беларускага грамадзтва, які мы яшчэ да канца не асэнсавалі.

Што кажуць гэтыя людзі беларусам? Зь якімі думкамі яны прыехалі? Што яны прынесьлі беларускаму грамадзтву? Гэта патрабуе дасьледаваньня, і пэўнай рэакцыі з боку беларускага грамадзтва. Беларусь, як транзытная краіна, сутыкнулася з хваляй чачэнскіх уцекачоў (інакш іх цяжка назваць). Яны цяпер атакуюць мяжу з Польшчай. У Берасьці, па падліках маіх калегаў-праваабаронцаў, знаходзіцца да трох тысячаў чалавек. Гэта таксама пра пра штосьці гаворыць. Для мяне асабіста гэта гаворыць пра катастрафічную сытуацыю ў Чачні, якая зьяўляецца такой «чорнай дзіркай», палігонам выпрабаваньня паўвайсковага таталітарнага рэжыму, які сёньня існуе ў Чачні, дзе няма ні правоў, ні свабодаў, дзе насельніцтва знаходзіцца ў абсалютна «забітым», падпарадкаваным стане. Нават вынікі галасаваньня — больш за 90 працэнтаў падтрымкі — сьведчаць, што сытуацыя страшная. І вось гэтыя некалькі тысяч уцекачоў з Чачні, зьяўляюцца, мне падаецца, баромэтрам таго, што там адбываецца.

І мы глядзім, якая рэакцыя на ўцекачоў у Беларусі, і канешне, гэта патрабуе вывучэньня і агучваньня. І адпаведна, пазыцыя Эўразьвязу, бо што тут хаваць, міграцыйны крызыс быў выкліканы іншымі праблемамі, палітычнымі і геапалітычнымі, войнамі і пэўнай млявасьцю замежнай міжнароднай палітыкі ЭЗ, які не рэагуе адэкватна на выклікі, якія прыводзяць вось да такіх нечаканых наступстваў. І мне падаецца, гэта вельмі сур’ёзны выклік для ЭЗ. Мы абмяркоўвалі таксама выхад Вялікабрытаніі зь Эўразьвязу, які вельмі моцна аслабляе ЭЗ, казалі пра правыя і левыя рухі ў Эўропе, якія фінансава падтрымліваюцца Расеяй.

Расея выступае як правакатар і разбуральнік эўрапейскіх каштоўнасьцяў, Эўрапейскага Зьвязу. І канешне ж, гэта ўсё адбіваецца на грамадзянскіх супольнасьцях у постсавецкіх краінах. Аўтарытарныя рэжымы ўмацоўваюцца на слабасьці Эўразьвязу. Гэта выклік таксама беларускаму грамадзтву, таму што мы зараз знаходзімся не ў «чорна-белым» стане, які быў гадоў 5-7 таму і ўсё было выразна зразумела, калі Лукашэнка праводзіў выразна рэпрэсіўную палітыку ў адносінах да грамадзкіх актывістаў, да грамадзянскай супольнасьці, дык зараз гэты ціск мае іншыя формы. Ён робіцца больш мяккім. Прэсінг застаецца, але формы гэтага прэсінгу мяняюцца, і мы бачым, што яны робяцца больш хітрымі, больш вычварнымі, але ў той жа час улады працягваюць стратэгію падаўленьня свабодаў і правоў чалавека ў Беларусі.

Уцекачы з Данбасу — не прыхільнікі беларускай незалежнасьці

Навумчык: Вы лічыце, што Беларусь апынулася ў кантэксьце міграцыйнай праблемы. Як краіна, якая далучылася да пэўных пагадненьняў, Беларусь абавязаная даваць прытулак тым, хто ў бядзе, хто ўцякае ад вайны, ад палітычнага перасьледу, тут няма ніякіх сумневаў. З другога боку, 160 тысяч чалавек з Данбасу, якіх вы прыгадалі, калі яны праз некалькі гадоў атрымаюць беларускае грамадзянства і, адпаведна, права галасаваць і быць абранымі — гэта ўжо электаральны фактар. Калі ўявіць, што Беларусь была б дэмакратычнай краінай і што выбары праводзіліся б па прапарцыйнай сыстэме (па партыйных сьпісах) — дык гэтая колькасьць эквівалентная 2-3 працэнтам галасуючых. Іншымі словамі, іх можа быць дастаткова, каб нейкая партыя не пераадолела традыцыйны 4-х ці 5-ці працэнтны бар’ер і не патрапіла ў парлямэнт. Альбо, наадварот, патрапіла ў яго. Ці існуюць нейкія дадзеныя пра настроі гэтых людзей?

Бяляцкі: Рабіць нейкія абагульняючыя высновы не даводзіцца, бо, падкрэсьліваю, нармальных дасьледаваньняў у гэтай групе ўцекачоў ніхто не праводзіў, але па тых кантактах, якія маюць нашыя праваабаронцы ў рэгіёнах (а гэтыя людзі рассыпаныя па ўсёй Беларусі), дык калі казаць пра настроі, якія прыносяць гэтыя людзі, яны нават больш істотныя, чым іхняя колькасьць. Дык вось, настроі там для дэмакратычнай Беларусі, для незалежнай Беларусі — не станоўчыя. Бо людзі прыехалі з «саўковай» псыхалёгіяй, пэўным постваенным шокам, і многія зь іх вінавацяць Украіну і тыя падзеі, якія адбыліся ў Кіеве два гады таму. Антыўкраінскія настроі яны з сабой прынесьлі. І тое, што яны кантактуюць зь іншымі беларусамі, якія ня маюць аб’ектыўнай інфармацыі, — гэта зьяўляецца адмоўным фактарам. І ніхто зь імі ў гэтым накірунку не працуе.

Навумчык: Мы бачым, што праваабарончы рух ва ўсім сьвеце закранае ўсё больш і больш шырокія сфэры жыцьця — а ў якой ступені ідэі праваабаронцаў улічваюць палітыкі, тыя, хто прымае рашэньні?

Бяляцкі: Моцна залежыць уплыў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і праваабаронцаў, ад таго ладу, які існуе ў краіне. Калі гэта дэмакратычная краіна, роля праваабаронцаў высокая, як у Заходняй Эўропе, дзе праваабаронцы зьяўляюцца і крытыкамі ўлады, і партнэрамі ўлады, бо ніхто іх не ўспрымае як ворагаў. У краінах з таталітарнымі рэжымамі адносіны да праваабаронцаў варожыя — як у Казахстане ці Беларусі, дзе дзесяцігодзьдзямі кіруюць адны і тыя ж людзі і дзе выбудаваныя схемы постсавецкіх таталітарных рэжымаў. Да праваабаронцаў прымяняюць рэпрэсіўныя мэтады — праз суды, праз пракуратуру, праз падатковыя органы. Мы знаходзімся ў стане пастаяннай барацьбы і пэрманэнтнага недаверу з боку ўлады. Але ёсьць і яшчэ горшыя варыянты — Узбэкістан, Туркмэністан, краіны з абсалютысцкімі рэжымамі, дзе праваабаронцам не даюць магчымасьці працаваць, іх ці выціскаюць з краіны. Таму мы знаходзімся недзе пасярэдзіне паміж вельмі дрэнным і нармальным. Тым ня менш, дзеяньнямі беларускіх праваабаронцаў я задаволены, таму што нават ня маючы прамых кантактаў з уладамі, мы аказваем уплыў на нейкія грубыя парушэньні правоў у Беларусі, ці наўпрост, ці праз міжнародныя арганізацыі даводзім сваю думку да ўладаў і часам дамагаемся някепскіх вынікаў.

У адносінах Захаду зь Беларусьсю на першы плян выходзіць бізнэс

Навумчык: І паколькі мы закранулі ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі — як вашыя партнэры-праваабаронцы, увогуле заходнія палітыкі, зь якімі вы сутыкаецеся, рэагуюць на вось гэтае зьмякчэньне стаўленьня ўладаў да палітычных апанэнтаў, да грамадзянскай супольнасьці? Успрымаюць гэта як бутафорыю ці як нейкія рэальныя крокі?

Бяляцкі: Па-рознаму ацэньваюць. Часам бывае, што сябры, якія падтрымлівалі дэмакратычны рух яшчэ некалькі гадоў таму, сёньня выбіраюць іншую тактыку кажучы, што імкнуцца дасягнуць ранейшай мэты — дэмакратызацыі Беларусі, але цяпер пачынаюць актыўна супрацоўнічаць з рэжымам, зь нелегітымнымі органамі. Тым часам як выбары ў цяперашнюю «палату» фактычна нічым не адрозьніваліся ад папярэдніх выбараў, і казаць пра яе легітымнасьць не выпадае.

Мяне насьцярожвае, што інтэнсыфікацыя кантактаў паміж кіраўніцтвам як ЭЗ, так і асобных эўрапейскіх краінаў з рэжымам у Беларусі, прыводзіць да таго, што каштоўнасныя праблемы, праблемы дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі — сыходзяць на трэці плян. На першы плян выходзяць бізнэс, эканамічныя адносіны, тактыка «дробных крокаў», якая можа цягнуцца бясконца і ўрэшце рэшт прыводзіць да таго, што ўсё ідзе па коле: крок наперад, два крокі назад, потым ізноў тое самае, а па вялікім рахунку — нічога не мяняецца. І мяне насьцярожвае, што ацэнка падзеяў у Беларусі, ацэнка рэжыму, ацэнка ўзроўню падаўленьня свабодаў у Беларусі — робіцца іншай. І гаворыцца пра гэта адкрытым тэкстам, нядаўна пра гэта ў час візыту заявіла нямецкая дэпутатка — маўляў, ну а мы ж кантактуем з парлямэнтам Азэрбайджану, ці Кітаю, чым Беларусь адрозьніваецца ад Азэрбайджану і Кітаю, чаму мы не павінны зь імі мець афіцыйныя кантакты?

Такім чынам нас, упершыню за дваццаць гадоў, адсоўваюць у шэраг краінаў, якія ці зусім ня маюць ніякага дачыненьня да Эўропы, ці маюць меншае дачыненьне да яе, чым Беларусь. Вельмі важна для нас было, што Беларусь ацэньвалі як эўрапейскую краіну, і мерылі тымі самымі меркамі, як любую іншую эўрапейскую краіну: так, з праблемамі, так, зь вялізнымі праблемамі, як напрыклад балканскія краіны зь іх вялізнымі праблемамі, але, тым ня менш, да нас ставіліся як да эўрапейскай краіны. Зараз нас адсоўваюць у гэты «другі гатунак», нас адсоўваюць у краіны «трэцяга сьвету», і Беларусь фактычна выкрэсьліваецца, мэнтальна, з разуменьня, што гэта эўрапейская краіна. І гэта, мабыць, самае небясьпечнае, што адбываецца ў выніку гэтага «паляпшэньня» адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG