Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: «Такіх рэпрэсій у Беларусі не было з часоў Сталіна»


Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі ў судовай залі. Архіўнае фота.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» заявіў, ўлады Беларусі размаўляюць з народам на мове гвалту.

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, камэнтуючы сытуацыю з крымінальным перасьледам удзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, заявіў у інтэрв’ю DW, што ўзровень рэпрэсій у краіне зашкальвае. Закранулі яны і сам цэнтар. Бяляцкі раней сам быў палітвязьнем, ён правёў амаль тры гады ў СІЗА і ў калёніі.

Генпракуратура Беларусі накіравала ў суды 468 крымінальных спраў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцый пратэсту. Алесь Бяляцкі мяркуе, што насамрэч колькасьць гэтых спраў ніхто дакладна не палічыў.

«Думаю, што іх нашмат больш, таму што заведзена было прыкладна дзьве з паловай тысячы крымінальных спраў. Частка іх яшчэ не дайшла да завяршэньня. Ёсьць справы, па якіх праходзіць адразу па 10-12 чалавек, ёсьць — па адным.

З нашага цэнтру чатыры чалавекі знаходзяцца ў СІЗА. Крымінальная справа супраць „Вясны“ раскручваецца. Маіх калегаў выклікалі цяпер у Сьледчы камітэт на допыт па гэтай справе — нас абвінавачваюць у фінансаваньні дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Гэта за тое, што мы дапамагаем людзям пісаць скаргі, даем парады, як сябе паводзіць падчас мірных акцый.

Па гэтым артыкуле КК пакараньне — да двух гадоў калёніі. Акрамя таго, могуць і яшчэ нейкія артыкулы ўсплыць. У нас часта так бывае — пачынаюць з адной, потым другі і трэці выскокваюць. Я сам праходжу пакуль што сьведкам па двух крымінальных справах, але мой статус таксама ў любы момант можа зьмяніцца.

Наогул у студзені і лютым праходзіла прыкладна па 100 судоў. Усё гэта сьведчыць аб тым, што маштаб рэпрэсій у краіне незвычайна высокі, такога не было з часоў Сталіна. Гэта нават нельга ні з чым параўнаць. Калі ўзгадаць гісторыю Беларусі часоў СССР, то ў нас па антысавецкім артыкулах у 1960-80-я гады судзілі звычайна ад аднаго да трох чалавек штогод. Цяпер сотні людзей штомесяц адпраўляюць за краты, сотні сядзяць, і літаральна кожны дзень заводзяцца новыя крымінальныя справы. Узровень рэпрэсій проста зашкальвае.

Улады размаўляюць з народам на мове гвалту. Так званая судовая ўлада абсалютна залежная, яе выкарыстоўвае на поўную моц супраць палітычных апанэнтаў, якія прадстаўляюць самыя розныя слаі грамадзтва — гэта і студэнты, журналісты, палітычныя актывісты, прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты, шараговыя рабочыя. Усе яны летам і восеньню 2020 года выказвалі як маглі пратэст супраць парушэньняў падчас выбараў. І вось зараз ідзе сапраўдны вал судоў і рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG