Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 18 сакавіка: 4 гады калёніі строгага рэжыму студэнту БДУ, 3 гады «хіміі» за допісы ў Telegram

абноўлена

Іван Дацышын, архіўнае фота.
Іван Дацышын, архіўнае фота.

Працягваюцца суды над палітвязьнямі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

Пракурор просіць 5,5 года для аднаго з чатырох мужчын за гвалт над амапаўцамі

У судзе Ленінскага раёну Горадні пачаліся спрэчкі бакоў у справе чатырох чалавек, якіх абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікамі АМАП на акцыі пратэсту 27 верасьня (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). На лаве падсудных — гарадзенцы Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў і Сяргей Яфімовіч, а таксама Андрэй Севяртока з Мастоў. Севяртоку таксама абвінавачваюць па ч. 1 арт. 413 КК (уцёкі з-пад варты).

Севяртоку вінавацяць у тым, што на прыпынку ён ударыў амапаўку Заяц. У гэты час Яфімовіч наўмысна кінуў у яе неўсталяваны прадмет, які трапіў у вобласьць грудзей. Пасьля чаго Юдзін пачаў біць амапаўца Башко, а Хіжнякоў кінуў у Башко неўсталяваны прадмет.

Віну трое абвінавачаных горадзенцаў не прызналі, а Севяртока прызнаў часткова. Абвінавачаныя пад вартай. Пацярпелыя амапаўцы заявілі грамадзянскія пазовы аб кампэнсацыі кожнаму па 2000 рублёў.

Пракурор Сяргей Пятрашка для Міхаіла Яфімовіча і Вадзіма Хіжнякова прапанаваў 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, Міхаіла Юдзіна — 4 гады, Андрэя Севяртокі — 5,5 года.

Адвакат Яфімовіча адзначыў працэсуальныя парушэньні — як на этапе сьледзтва, так і ў судовым дасьледаваньні, незаконнасьць крымінальнай справы і ўсіх дзеяньняў адносна Яфімовіча ў статусе падазраванага. Ён казаў пра недапушчальнасьць пісьмовых доказаў і недакладнасьць паказаньняў пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу і сьведак зь міліцыі. Адвакат прасіў апраўдаць падабароннага.

Судовыя спрэчкі з удзелам адвакатаў астатніх абвінавачаных адбудуцца 24 сакавіка ў 10.30.

Студэнта-радыёфізыка адправілі ў калёнію на 4 гады

Суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд студэнту 4 курсу БДУ Івану Дацышыну. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках») і асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму: якраз такога пакараньня прасіў пракурор, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Справу разгледзела судзьдзя Тацяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляў пракурор Валер Гадуноў. Адвакат Дацышына ў часе паседжаньня прасіў судзьдзю быць бесстароньняй — яму здалося, што пытаньні да сьведкі Дзьмітрыя Тарасава былі некарэктнымі і задаваліся адмыслова, каб скарыстаць іх у якасьці доказу віны падсуднага.

Сьведка, кіроўца аўтобуса, сказаў, што людзі каля парку Паўлава не паводзілі сябе агрэсіўна, але міліцыянты адразу пачалі іх перасьледаваць і біць.

21-гадовы хлопец вучыўся на факультэце радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій БДУ, ён цалкам прызнаў віну. Намесьнік дэкана катэдры яго ўнівэрсытэту запэўніў, што ВНУ дапаможа Дацышыну вучыцца дыстанцыйна.

Кампэнсацыю ў 340 рублёў 84 капейкі аўтапарку ўжо сплацілі. Таксама Дацышын мусіць пакрыць судовыя выдаткі.

Пракурор запрасіў два гады пазбаўленьня волі для мужчыны, якога зьбіў аўтазак

У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы працягваецца разгляд справы палітвязьня Ягора Сугойдзя, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. 9 жніўня, паводле абвінавачваньня, Сугойдзь выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ. Яго дзеяньні пацягнулі за сабой «парушэньне грамадзкага парадку, а таксама перашкодзілі руху грамадзкага транспарту».

Дзеяньні абвінавачанага кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі. Максымальная санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў. Справу разглядае судзьдзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачваньне падтрымлівае памочнік пракурора Арцём Цьвяткоў. Ён просіць прызнаць Сугойдзя вінаватым і прызначыць пакараньне — два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Абвінавачваньне настойвае, што Сугойдзь мог атрымаць траўмы праз падзеньне на аўтазак, дакладна вызначыць гэта немагчыма. Цьвяткоў хадайнічаў, каб да справы далучылі заключэньне судмэдэкспэрта. Пракурор кажа, што для апазнаньня сьведкам далі некалькі кофтаў — яны паказалі на кофту падсуднага.

Адвакат адзначыў, што за вінаватасьць Сугойдзя няма ніякіх аргумэнтаў: незразумела, хто знаходзіўся з абвінавачаным у групе і ў чым выяўлялася непадпарадкаваньне, удзельнікаў групы не ўстанавілі. Довады абвінавачаньня аб наяўнасьці сыгналаў з аўтазаку абвергла відэа, якое паказалі ў судзе. Сьведка прызнаўся, што ў іх не было гукавой апаратуры, таму яны не маглі апавясьціць людзей.

Толькі сьведка Шанько пазнаў падсуднага ў твар, прычым нібыта «па разрэзе вачэй», што адвакат лічыць немагчымым. Таксама адвакат настойвае, што прызнаньне сілавікі атрымалі пад ціскам, а падабаронны адмовіўся ад дачы паказаньняў.

Тры гады «хіміі» за заклікі ў Telegram

Суд Заводзкага раёну Менску асудзіў 26-гадовага сьлесара з Барысава Сяргея Брыля на 3 гады «хіміі». Судзьдзя Генадзь Янкоўскі прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за заклікі ў тэлеграм-чаце «Водители 97%», а таксама за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту.

Палітвязьня ўтрымлівалі пад вартай з 23 верасьня, а 17 сакавіка пасьля абвяшчэньня прысуду вызвалілі ў залі суду. «Менсктранс» заявіў пазоў на суму 38 000 рублёў — у такую суму арганізацыя ацаніла шкоду, якую Сяргей нібыта прычыніў сваімі дзеяньнямі падчас пратэставых акцый. Яго пастанавілі разгледзець у асобным грамадзянскім працэсе.

Сяргей Брыль
Сяргей Брыль

Дзяржаўнае абвінавачаньне ў гэтай справе падтрымлівала пракурорка Качанава. На судзе віну Брыля абгрунтоўвалі скрыншотамі перапісак у тэлеграм-чаце «Водители 97%». Сярод заклікаў — «Пара перакульваць аўтазакі!»

Пасьля затрыманьня ў канцы верасьня ў мужчыны правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Першы допыт адбыўся без прысутнасьці адваката.

Зьняволеных журналістак этапавалі з «Валадаркі» ў СІЗА Жодзіна

Як піша «Белсат», пра гэта мужу Кацярыны Андрэевай Ігару Ільяшу паведамілі, калі ён спрабаваў зрабіць для яе перадачу ў турму на Валадарскага. Таксама ў СІЗА Жодзіна перавялі і Дар’ю Чульцову.

Нагадваем адрас жодзінскай турмы, на які Кацярыне і Дар’і можна пісаць лісты: Менская вобласьць, Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, СІЗА № 8.

23 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд апэляцыйнай скаргі на прысуд Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай. Іх пакаралі 2 гадамі зьняволеньня за рэпартаж, які яны вялі з акцыі пратэсту ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG