Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справу студэнтаў і выкладчыкаў» перадалі для накіраваньня ў суд. У ёй 12 абвінавачаных


Пратэст студэнтаў 26 кастрычніка 2020 году, Менск

Сьледчы камітэт скончыў папярэдняе расьсьледаваньне справы супраць студэнтаў і выкладчыкаў менскіх ВНУ, якіх арыштавалі з удзелам КДБ з 12 па 26 лістапада. Неўзабаве стане вядомая дата суду.

Галоўнае сьледчае кіраваньне Сьледчага камітэту скончыла расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні асобаў, якія «арганізавалі акцыі пратэстаў у студэнцкім асяродзьдзі розных ВНУ Менску». У якасьці абвінавачаных у справе прыцягнулі 12 чалавек. Сярод іх студэнты, выкладчыца і сябар Каардынацыйнай рады. Пратэставыя акцыі, паводле СК, «абмяркоўваліся са Сьвятланай Ціханоўскай».

Абвінавачаныя нібыта зьяўляліся каардынатарамі на месцах, адміністравалі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтоўкай і матэрыяльным забесьпячэньнем, паведамлялі аб перасоўваньнях міліцыянтаў.

У матэрыялах справы гаворыцца пра тое, што падчас правядзеньня пратэставых акцый студэнты блякавалі калідоры і лесьвічныя маршы, ускладнялі праход студэнтаў, выкладчыкаў і наведнікаў, стваралі шум. У выніку парушалася нармальная праца ўстановы адукацыі і зрываўся адукацыйны працэс. Дзеяньні спынілі супрацоўнікі КДБ.

У межах папярэдняга расьсьледаваньня праводзіліся ператрусы, падчас якіх канфіскавалі мабільную і кампутарную тэхніку. Фігурантам прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, учыненыя групай асобаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
  • Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
  • Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
  • Ільля Трахтэнбэрг, адлічаны студэнт БДУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, адлічаная студэнтка БНТУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР (ч. 1 арт. 342 КК);
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў (ч. 1 арт. 342 КК);
  • Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ (арт.342 КК).

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд. Праводзіцца праца па выяўленьні і прыцягненьні да адказнасьці іншых удзельнікаў акцый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG