Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пратэстаў пацярпелі 113 выкладчыкаў і навукоўцаў. Палове зь іх дапамаглі ў працаўладкаваньні


Пратэст каля БДУ
Пратэст каля БДУ

За апошнія паўгода ў Беларусі ад ціску ўладаў пацярпелі 113 выкладчыкаў ВНУ і навукоўцаў. 30 зь іх звольнілі з працы, 17 навукоўцаў звольненыя альбо сышлі з Акадэміі навук на знак салідарнасьці са звольненымі калегамі. Такую статыстыку прыводзіць Офіс адукацыі Кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай.

Якую дапамогу могуць атрымаць выкладчыкі і дзе яны працаўладкоўваюцца?

Выкладчыкам не працягвалі кантрактаў, прымушалі звольніцца «са згодай бакоў»

Пасьля выбараў па Беларусі пракацілася хваля рэпрэсій у дачыненьні да выкладчыкаў, студэнтаў, навукоўцаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту, запісвалі відэазвароты, выказвалі нязгоду. Адміністрацыя ВНУ, Нацыянальнай акадэміі навук выкарыстоўвала самыя розныя формы ціску: з навукоўцамі не працягвалі кантракты, прымушалі пісаць заявы «са згодай бакоў».

Сышлі знакавыя асобы: дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, дэкан факультэту кампутарных сыстэм і сетак БДУІР Марына Лукашэвіч, намесьнік дэкана прыродазнаўчага факультэту БДПУ Мікалай Страха, дацэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна, дацэнт філязофскага факультэту БДУ Павал Баркоўскі, выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў, Менскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту, іншых ВНУ, і ня толькі сталічных.

Калі з працаўладкаваньнем навукоўцаў-гуманітарыяў праблема паступова вырашаецца, то з мэдыкамі, адмыслоўцамі ў тэхнічных, прыродазнаўчых спэцыяльнасьцях ёсьць пытаньні.

«Галоўная задача — каб навукоўцы не пакінулі прафэсіі», — кіраўніца Офісу адукацыі ў Кабінэце Сьвятланы Ціханоўскай

Існуе некалькі праграм дапамогі рэпрэсаваным выкладчыкам і навукоўцам. У студзені 2021 году Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, што месьціцца ў Вільні, прыняў на працу 12 выкладчыкаў, звольненых зь Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Акадэміі МУС і Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Значная частка зь іх — гісторыкі, расказвала кіраўніца Офісу адукацыі Вольга Шпарага.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

«У нас ёсьць шмат партнэраў: „Сумленны ўнівэрсытэт“, Асацыяцыя дыяспар BeSSa, група адукацыі ў Каардынацыйнай радзе, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (якое нядаўна ўключыла у свой склад страйкамы ўнівэрсытэтаў).

Задума каардынатараў — дапамагчы адмыслоўцам (а сярод іх ёсьць унікальныя спэцыялісты), каб тыя працягвалі займацца навуковай дзейнасьцю. Гэтыя людзі атрымаюць матэрыяльную дапамогу. А галоўная задача — каб была магчымасьць працаваць навуковымі супрацоўнікамі, працягваць пісаць свае манаграфіі, праводзіць дасьледаваньні. Таму на ЭГУ мы вельмі спадзяёмся», — кажа Вольга Шпарага.

Ня толькі ЭГУ: дапамагаюць немцы, беларусы ў Польшчы

Кіраўніца адукацыйнага офіса расказвае і пра іншыя праграмы дапамогі беларусам — супольны праект Асацыяцыі дыяспар BeSSa, «Сумленнага ўнівэрсытэту» і Нямецкай асацыяцыі дасьледаваньняў Усходняй Эўропы DGO.

«У канцы сьнежня яны прапанавалі цікавую праграму для беларускіх выкладчыкаў і дасьледчыкаў. Першыя 3 месяцы беларускія навукоўцы атрымліваюць стыпэндыю для распрацоўкі сваіх уласных курсаў, у іх ёсьць мэнтары з боку нямецкіх калегаў, якія дапамагаюць адаптаваць гэтыя курсы для пэўнай краіны. На гэты праект ужо набралі больш за 20 чалавек. І што важна — ня толькі гуманітарыяў, а адмыслоўцаў рознага профілю. І яны ўжо атрымліваюць дапамогу», — кажа Вольга Шпарага.

Яшчэ адзін праект — Беларуская Акадэмія ў Беластоку. Гэта дыстанцыйная плятформа, асацыяваная з шэрагам ВНУ ў Польшчы.

«Вельмі важна: пасьля навучаньня студэнты атрымаюць польскія дыплёмы, якія прызнаюцца ў Эўразьвязе. На гэтай праграме працуюць беларусы — 80 чалавек. Пакуль гэта валянтэрская праца. Але спадзяёмся на фінансавую падтрымку. Студэнты (ужо набралі 2 групы) будуць плаціць за вучобу», — тлумачыць Вольга Шпарага.

Ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне таксама ёсьць адмысловая праграма, там працуюць 4 выкладчыкі зь Беларусі.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

«Часта гэта адны і тыя ж людзі, задзейнічаныя ў розных праектах»

На пытаньне, колькі ж з 113 пацярпелых выкладчыкаў атрымалі дапамогу, колькі працаўладкавалі, Вольга Шпарага адказала, што 80 чалавек будуць задзейнічаныя ў «Беларускай акадэміі» ў Беластоку, 20 — у сумеснай праграме зь нямецкімі ўстановамі, 12 працаўладкаваліся ў ЭГУ.

«Часта гэта адны і тыя ж людзі, задзейнічаныя ў розных праектах. Але калі скласьці, прыкладна палове рэпрэсаваных аказана падтрымка. Галоўнае, каб людзі засталіся ў прафэсіі», — кажа Вольга Шпарага.

Ёсьць і праблемы. Па-першае, няпростыя ўмовы: частка выкладчыкаў, дасьледчыкаў фізычна не знаходзіцца ў ВНУ, няма звыклага акадэмічнага калектыву.

Па-другое, гэта моўныя цяжкасьці. У «Беларускай акадэміі» ў Беластоку асноўныя мовы — беларуская і расейская. У праекце, куратар якога Нямецкая асацыяцыя дасьледаваньняў Ўсходняй Эўропы, асноўныя мовы — нямецкая, ангельская і расейская, — працягвае Вольга Шпарага.

«Калі ў выкладчыкаў няма дасканалага веданьня ангельскай мовы, ім можа быць прапанаваны курс выкладаньня ва Ўкраіне.

Прычым для студэнтаў адмысловая моўная праграма ў нас ёсьць. А для выкладчыкаў — пакуль пытаньне», — кажа Вольга Шпарага.

Як атрымаць дапамогу

На сайце «Сумленнага ўнівэрсытэту» ёсьць асобны разьдзел «Дапамога выкладчыкам».

Нават калі дапамога не патрэбна і людзі, якіх звольнілі альбо якія самі сышлі з ВНУ ці акадэмічных інстытутаў, самі вырашаюць свае пытаньні з працаўладкаваньнем, Вольга Шпарага просіць іх паведамляць пра сваю сытуацыю ў Офіс адукацыі.​

Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі займаецца «комплексным аналізам наступстваў лічбафікацыі»

Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў задзейнічаны ў некалькіх праектах — у ЭГУ, «Беларускай акадэміі» ў Беластоку і ў «Беларускім калегіюме».

Генадзь Коршунаў пакінуў пасаду дырэктара Інстытуту ў верасьні 2020 году. Незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў навуковец пацьвердзіў, што, паводле красавіцкіх апытаньняў, узровень даверу Аляксандру Лукашэнку ў сталіцы быў усяго 24%. Яго тады выправілі ў адпачынак, потым у інстытут ён ужо не вярнуўся. Шанцаў атрымаць працу сацыёлягам у Беларусі ў яго амаль не было — сацыялягічнымі дасьледаваньнямі тут можа займацца абмежаванае кола акрэдытаваных устаноў.

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Генадзь Коршунаў будзе займацца праектам, які сам прапанаваў: «Комплексны аналіз наступстваў лічбафікацыі ва ўмовах пандэміі на прыкладзе Рэспублікі Беларусь».

«Мне здаецца, гэта будзе цікава і нам, беларусам, — дзеля асэнсаваньня, што ў нас адбываецца, і сусьветнай навуковай супольнасьці. Бо ў нас вельмі яскрава і відавочна адбываюцца на такіх пікавых паказьніках тыя ж супярэчнасьці, якія эўрапейская цывілізацыя адчувала гадоў 20–30, а то і 40 таму. Гэта тое, што ў Мішэля Фуко праходзіць пад назвай «біяпалітыкі», або ў італьянскага філёзафа Джорджа Агамбэна ідзе як «голае жыцьцё», — расказвае пра сваё будучае дасьледаваньне Генадзь Коршунаў.

Праект разьлічаны на 9 месяцаў.

У «Беларускай акадэміі» ў Беластоку Генадзь Коршунаў будзе выкладаць сацыялёгію і мэтады сацыялягічных дасьледаваньняў.

«Партнэры праекту — уплывовыя польскія ВНУ. Туды запрашаюць студэнтаў ня толькі зь Беларусі, але і з Чэхіі, Літвы, Польшчы, будуць 3 спэцыяльнасьці. Я буду выкладаць сваю асноўную — сацыялёгію».

Таксама Генадзю Коршунаву паступіла прапанова зь «Беларускага калегіюму» — прачытаць курс лекцый па беларускай сацыялёгіі.

Былы намесьнік дэкана БДПУ ўладкаваўся ў недзяржаўную ВНУ

Мікалай Страха да сярэдзіны кастрычніка 2020 году быў намесьнікам дэкана прыродазнаўчага факультэту БДПУ. Працаваў там з 1998 году, выкладаў геаграфію сусьветнай гаспадаркі і насельніцтва. Ён аўтар больш як 180 навуковых прац, распрацоўшчык дзясятка вучэбных праграм, ягоныя падручнікі зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі.

20 кастрычніка быў звольнены з БДПУ. Афіцыйна — «са згодай бакоў», паводле звольненага намесьніка дэкана — за актыўную грамадзянскую пазыцыю ў сацсетках.

«Умовы былі такія: «альбо ты спыняесься, нідзе ня пішаш, прыбіраеш пасты — ты ж пры пасадзе, цябе студэнты чытаюць у сацыяльных сетках. Калі ня спынісься — працаваць ня будзеш», — расказваў тады Мікалай Страха.

На такія ўмовы ён не пагадзіўся і вымушаны быў звольніцца, хоць студэнты ладзілі пікеты ў яго падтрымку.

Мікалай Страха
Мікалай Страха

Цяпер спадар Страха працуе ў Менскім інавацыйным унівэрсытэце — начальнікам навукова-мэтадычнага аддзелу. На працу ўладкаваўся самастойна.

«Я ўжо ня ў тым узросьце, каб бянтэжыцца. Гэта аналягічная праца, якая была ў мяне ў БДПУ. Калектыў нармальны, адэкватны.

Пакуль у МІУ не выкладаю, бо гадзіны разьмяркоўваюцца на пачатку навучальнага году, а я прыйшоў пазьней. Каб выкладаць самому, трэба ў некага забраць. Так што ёсьць стымул для новых пошукаў, праца цікавая.

Што да перасьледу, паколькі я сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, пэрыядычна нас выклікаюць на гутаркі», — падзяліўся сваімі навінамі Мікалай Страха.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG