Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі


Дзеяньні ўладаў Беларусі да і пасьля выбараў, накіраваныя на абмежаваньне правоў на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне, мірных сходаў і асацыяцый, а таксама права на ўдзел у палітычным жыцьці, прывялі да беспрэцэдэнтнага па сваіх маштабах крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Сёньня Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадстаўляе на 46-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Інфармацыйная запіска ўраду ў сувязі з нашым дакладам, якую мы атрымалі 10 лютага, кажа пра тое, што „органы папярэдняга расьсьледаваньня атрымалі 4644 скаргі аб прымяненьні фізычнай сілы і спэцсродкаў прадстаўнікамі МУС, якія разганялі несанкцыянаваныя пратэсты“. Аднак там жа гаворыцца, што 1050 гэтых скаргаў было адхілена. Таксама там не даецца інфармацыя аб тым, у дачыненьні да колькіх прадстаўнікоў сілаў бясьпекі былі праведзены расьсьледаваньні або вылучаныя абвінавачваньні ў празьмерным ужываньні сілы. Паводле інфармацыі зь іншых крыніц мы прыйшлі да высновы, што ніводная з скаргаў не прывяла да адкрыцьця крымінальнай справы», — заявіла Бачэлет.

З асноўнымі палажэньнямі дакладу знаёміць tut.by.

Даклад ахоплівае пэрыяд з 1 траўня па 20 сьнежня 2020 году. У дакумэнце адзначаецца, што 5 кастрычніка Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека накіравала вэрбальную ноту ў пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі ў Жэнэве з просьбай дазволіць наведваньне краіны. У сваім адказе ад 16 кастрычніка ўрад Беларусі пацьвердзіў пазыцыю, якую ён выклаў у часе спрэчак, а менавіта: ён не прызнае рэзалюцыю 45/1 Рады па правах чалавека, дзе ішла гаворка пра шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, і не дазваляе наведваць краіну.

«У адпаведнасьці са сваёй мэтадалёгіяй маніторынгу правоў чалавека Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека выяўляла належную абачлівасьць пры ацэнцы надзейнасьці і дакладнасьці крыніц і пры перакрыжаванай праверцы сабранай інфармацыі. Яно таксама зрабіла ўсе неабходныя захады для забесьпячэньня прыватнасьці некаторых крыніц», — адзначаецца ў дакладзе.


Пра што гаворыцца ў дакладзе?

Сыстэматычнае парушэньне правоў грамадзянаў на асноўныя свабоды

  • «Камітэт па правах чалавека неаднаразова падкрэсьліваў, што ажыцьцяўленьне свабоды выказваньня меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцый зьяўляецца найважнейшай умовай ажыцьцяўленьня права голасу, якое залежыць ад свабоднага абмену інфармацыяй і ідэямі паміж грамадзянамі, кандыдатамі і выбранымі прадстаўнікамі, а таксама ад свабоднай прэсы і сродкаў масавай інфармацыі, здольных камэнтаваць грамадзкія пытаньні і інфармаваць грамадзкую думку без цэнзуры і абмежаваньняў. Свабоднае ажыцьцяўленьне права на свабоду асацыяцыяў мае вырашальнае значэньне для гарантаваньня магчымасьці стварэньня палітычных партый і забесьпячэньня плюралізму і палітычнай канкурэнцыі, а таксама свабоды мірных сходаў, якая дазваляе кандыдатам сустракацца са сваімі прыхільнікамі і ўсталёўваць кантакт з патэнцыйнымі выбаршчыкамі».
  • «У перадвыбарчы пэрыяд арыштавана больш за 1000 чалавек. Сотні чалавек былі аштрафаваныя ці асуджаныя да адміністрацыйнага затрыманьня; у дачыненьні да 23 чалавек, у тым ліку асобаў, якія мелі намер удзельнічаць у выбарах, блогераў, журналістаў, арганізатараў і ўдзельнікаў збору подпісаў, грамадзянскіх ініцыятываў і іншых мірных мерапрыемстваў, былі ўзбуджаныя крымінальныя справы».


Несувымернае прымяненьне сілы

  • «Ужываньне сілы падчас пратэстаў заўсёды павінна быць выключным, сувымерным і насіць характар крайняй меры; нават калі некаторыя ўдзельнікі нясуць адказнасьць за асобныя акты гвалту, увесь сход не павінен разглядацца як такі, што страціў свой агульны мірны характар. Незалежна ад адпаведных міжнародных нормаў і стандартаў амаль усе мірныя пратэсты, якія праводзіліся да і пасьля выбараў, разганяліся без усялякага разбору. Сілы бясьпекі ўжывалі непатрэбную або празьмерную сілу, уключаючы зьбіцьцё дубінкамі, а таксама хімічныя раздражняльнікі, вадзяную гармату, гумовыя кулі і электрашокавыя гранаты».
  • У адпаведнасьці зь Мінімальнымі стандартнымі правіламі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адносна мераў, не зьвязаных з турэмным зьняволеньнем, дасудовае ўтрыманьне пад вартай павінна выкарыстоўвацца ў якасьці крайняй меры; таму сыстэматычнае зьмяшчэньне асобаў пад варту або ўтрыманьне іх пад вартай да суду ў перапоўненых памяшканьнях з дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня выклікае асаблівую заклапочанасьць у пэрыяд, калі колькасьць выпадкаў каранавіруснай хваробы рэзка ўзрастае.
  • «Гэтая сытуацыя адлюстроўвае даўнія хранічныя парушэньні і беспакаранасьць, на якія зьвярталі ўвагу розныя міжнародныя праваабарончыя мэханізмы, у тым ліку дагаворныя органы і Спэцыяльны дакладчык па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі»

Вярхоўны камісар рэкамэндуе ўраду Беларусі:

— забясьпечыць правядзеньне незалежных, абʼектыўных, апэратыўных, дбайных, эфэктыўных, вартых даверу і транспарэнтных расьсьледаваньняў усіх сьцьвярджэньняў аб парушэньнях правоў чалавека ў кантэксьце мірных пратэстаў, уключаючы гібель і раненьні людзей, а таксама катаваньні ці жорсткае абыходжаньне, у тым ліку акты сэксуальнага гвалту, і прыцягненьне вінаватых да судовай адказнасьці і адэкватнага пакараньня;

— забясьпечыць, каб усе ахвяры парушэньняў правоў чалавека атрымлівалі кампэнсацыю і сродкі прававой абароны, уключаючы кампэнсаваньне, рэабілітацыю і права ведаць праўду; і прыняць меры для прадухіленьня паўтарэньня парушэньняў правоў чалавека, уключаючы акты рэпрэсій у адносінах да ахвяраў і сьведак;

— неадкладна і безумоўна вызваліць усіх тых, хто незаконна або адвольна затрыманы за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх свабодаў выказваньня меркаваньняў, асацыяцый і мірных сходаў ці сваіх законных функцый, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў, і спыніць і адмяніць любыя адміністрацыйныя або крымінальныя судовыя меры ў дачыненьні да людзей за ажыцьцяўленьне іх правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду выказваньня меркаваньняў і права на мірныя сходы;

— ініцыяваць усёабдымны агляд і рэформу нацыянальнай нарматыўна-прававой базы ў мэтах вырашэньня сыстэмных праблемаў і прадухіленьня паўтарэньня парушэньняў правоў чалавека.

У цэлым Вярхоўны камісар рэкамэндуе ўраду ініцыяваць у Беларусі перагляд і рэформу нацыянальнай прававой базы для вырашэньня сыстэмных праблем і прадухіленьня паўтарэньня парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку перагледзець закон аб масавых мерапрыемствах і закон аб СМІ з мэтай прывядзеньня іх у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG