Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch у Сусьветнай справаздачы заявіла пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі. Асноўныя тэзісы


Катаваньні ў турме на Акрэсьціна.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году беларускія ўлады ўчынілі шырокамаштабныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і тых, хто спачувае ім.

Пра гэта заявіла праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, публікуючы сёньня сваю Сусьветную справаздачу.

Пераклад разьдзелу, прысьвечанага Беларусі, прыводзіць на сваім сайце Праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Масавыя і пераважна мірныя пратэсты ахапілі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, па выніках якіх пераможцам, нягледзячы на важкія абвінавачаньні ў масавых фальсыфікацыях, быў абвешчаны Аляксандар Лукашэнка, які нязьменна кіруе краінай з 1994 году.

Улада адказала адвольнымі затрыманьнямі тысяч дэманстрантаў, сотні зазналі катаваньні і жорсткае, зьневажальнае для чалавечай годнасьці абыходжаньне з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У перадвыбарчы пэрыяд і пасьля галасаваньня былі кінутыя за краты дзясяткі журналістаў, блогераў, прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, а таксама кандыдаты ў прэзыдэнты,

«Летась беларускія ўлады пабілі ўласны рэкорд жорсткасьці і рэпрэсіяў, — кажа Х’ю Уільямсан, дырэктар Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі. — Яны не спыняліся ні перад чым у сваім імкненьні раздушыць нязгодных практычна ва ўсіх пластах грамадзтва».

Сілавікі жорстка спынялі масавыя мірныя пратэсты 9-12 жніўня ў Менску і іншых буйных гарадах, ужываючы супраць дэманстрантаў залішнюю сілу, гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ і халастыя патроны. За чатыры дні было затрымана амаль 7 тысяч дэманстрантаў і выпадковых мінакоў. Іх утрымлівалі ў бесчалавечных і прыніжальных для годнасьці ўмовах. Сотні зазналі катаваньні і іншае недазволенае абыходжаньне. У жніўні сама меней тры чалавекі памерлі ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

Людзі, якія выйшлі на свабоду пасьля затрыманьня, апавядалі пра зьбіваньне, прымус да працяглага знаходжаньні ў стрэсавых позах, электрашок; мінімум адзін чалавек заявіў аб згвалтаваньні. Некаторыя атрымалі сурʼёзныя цялесныя пашкоджаньні. Людзей па некалькі дзён трымалі ў перапоўненых камэрах, часьцяком не давалі вады і не кармілі, а таксама адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе і не выпускалі ў туалет.

Нягледзячы на ўсё гэта, дзясяткі тысяч чалавек працягнулі выходзіць на мірныя дэманстрацыі, патрабуючы сумленных выбараў і правасудзьдзя за свавольства сілавікоў. Да сярэдзіны лістапада агульная колькасьць затрыманых у сувязі з пратэстамі з пачатку жніўня дасягнула 25 тысяч чалавек, у тым ліку звыш тысячы — толькі за адны з выходных у пачатку лістапада. У лістападзе ў Менску нявызначанымі асобамі ў масках быў пабіты мірны пратэстовец, які пасьля памёр у шпіталі.

Улады пачалі некалькі праверак па фактах недазволенага абыходжаньня з дэманстрантамі, аднак па іх выніках не было заведзена ніводнай крымінальнай справы.

Пры гэтым улады распачалі сотні палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненьні да апазыцыянэраў, дэманстрантаў і тых, хто ім спачувае, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», у сьледчым ізалятары ў чаканьні суду знаходзіцца 121 чалавек.

Мелі месца шматлікія выпадкі, калі журналісты, якія асьвятлялі пратэсты, былі затрыманыя, пабітыя, аштрафаваныя, дэпартаваныя або пазбаўленыя акрэдытацыі. Улады часова блякавалі дзясяткі сайтаў і на некалькі дзён рэзка зьніжалі хуткасьць інтэрнэт-доступу.

У пэрыяд пасьля выбараў Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 336 выпадкаў затрыманьня і 60 эпізодаў, зьвязаных з гвалтам у дачыненьні да журналістаў.

За ўдзел дзяцей у пратэстах бацькам пагражалі штрафам і пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў, а студэнтам — адлічэньнем з вышэйшых навучальных установаў. Улады таксама публічна абмяркоўвалі магчымасьць выкарыстаньня баявых патронаў супраць дэманстрантаў.

Эўразьвяз не прызнаў афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, назваўшы іх несвабоднымі і несправядлівымі, і ўвёў пэрсанальныя санкцыі ў сувязі з пасьлявыбарчымі рэпрэсіямі. Аналягічным чынам адрэагавалі ЗША і Вялікая Брытанія, якія асудзілі гвалт над дэманстрантамі, затрыманьні і адключэньне інтэрнэту.

У верасьні Рада правоў чалавека ААН правяла пазачарговае абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі і прыняла рэзалюцыю, у якой Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека было прапанавана ўважліва адсочваць сытуацыю ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году і інфармаваць Раду.

У 761-старонкавай, 31-й па ліку, Сусьветнай справаздачы Human Rights Watch прыводзіцца агляд сытуацыі з правамі чалавека ў больш як 100 краінах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG