Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забойствы, катаваньні, рэпрэсіі, — гэта не палітыка!» Беларускія мэдыкі зьвярнуліся да Рэнэ Фазэля


Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазель. Менск, 11 студзеня.

Група беларускіх мэдыкаў зьвярнулася з адкрытым лістом да сяброў Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі і яе кіраўніка Рэнэ Фазэля, які наведаў Беларусь 11 студзеня.

Як гаворыцца ў звароце, які публікуе телеграм-канал «Белыя халаты», візыт у Менск Рэнэ Фазеля «выклікае зьдзіўленьне і абурэньне».

«Няўжо спадар Фазэль лічыць магчымым разглядаць пытаньне аб правядзеньні ў цяперашні час у Беларусі значнай спартовай падзеі — чэмпіянату сьвету ў хакеі? Гаворачы аб недапушчальнасьці ўмяшаньня палітыкі ў спорт, няўжо ён ня ў стане сам падзяліць палітыку і злачынствы? Забойствы, катаваньні, рэпрэсіі, патаптаньне асноўных правоў, свабод і агульначалавечых каштоўнасьцяў — гэта не палітыка! На гэта немагчыма заплюшчваць вочы, хаваючыся за лёзунгамі аб апалітычнасьці!»

У звароце адзначаецца, што менавіта мэдыцынскія работнікі ў першую чаргу сутыкаюцца з людзьмі, якія пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў.

«Гэта мы забіраем з аддзяленьняў міліцыі і месцаў прымусовага ўтрыманьня грамадзян у цяжкім стане. Гэта мы аказваем дапамогу пабітым, параненым, зьнявечаным. Гэта мы на свае вочы бачым наступствы зьверстваў і садызму. Гэта нам даводзіцца сутыкацца з скалечанымі целамі і душамі ні ў чым не вінаватых беларусаў, — гаворыцца ў лісьце. — Калі спадар Фазэль усё ж лічыць дапушчальным ігнараваць масавыя рэпрэсіі, аж да забойстваў мірных беларусаў, то няўжо ён таксама лічыць прымальным грэбаваньне жыцьцём і здароўем заўзятараў і спартоўцаў?»

Аўтары ліста таксама зьвяртаюць таксама ўвагу на сытуацыю з COVID-19 у Беларусі і на невыкананьне належных захадаў бясьпекі:

«Калі б спадар Фазэль проста зірнуў на паўсядзённае жыцьцё звычайных беларусаў, ён зразумеў бы, што ўсе заяўленыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы зьяўляюцца ня больш чым фармальнасьцю. Карантынныя захады ў краіне адсутнічаюць. Школы і ўнівэрсытэты працуюць у штатным рэжыме безь якіх-небудзь абмежаваньняў. Фізычнае дыстанцыяваньне адсутнічае паўсюдна. Выкананьне масачнага рэжыму ніхто і не думае кантраляваць».

Па іх словах, грамадзкія імпрэзы ў краіне забараняюцца толькі тады, калі «ўлады лічаць іх небясьпечнымі для сябе».

«Ці ўпэўнены спадар Фазэль, што менавіта такія ўмовы найбольш прыдатныя для правядзеньня сусьветнага хакейнага першынства? Спорт па-за палітыкай? Ці спорт таксама па-за маральнасьцю?» — пытаюцца ў канцы аўтары ліста да кіраўніка МФХ.

Пасьля збору подпісаў зварот будзе накіраваны ў МФХ, спонсарам чэмпіянату, а таксама ў міжнародныя спартовыя арганізацыі.

Рэнэ Фазэль сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая правесьці чэмпіянат свету па хакеі, нават калі Латвія адмовіцца ад удзелу ў яго арганізацыі. «Калі Міжнародная фэдэрацыя хакею не справіцца з ціскам, значыць, не будзе чэмпіянату сьвету ў Беларусі. Усё залежыць зараз ад вас», — дадаў ён.

У сваю чаргу Фазэль адзначыў, што ў МФХ «выразная пазыцыя»: «Як вы сказалі, мы не хочам зьмешваць спорт і палітыку. І спорт павінен аб’ядноўваць народы, а не разьядноўваць», — заявіў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG