Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ пра «Год народнага адзінства». У краіне 169 палітвязьняў і тысячы пацярпелых ад гвалту сілавікоў


Сілавікі на вуліцах Менску. Архіўнае фота.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 1 пра абвяшчэньне 2021-га «Годам народнага адзінства».

Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце president.gov.by,
«рашэньне прынятае ў мэтах кансалідацыі грамадзтва, згуртаваньня беларускага народу на аснове ідэй сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».

Згодна ўказу, Савету міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам неабходна распрацаваць і зацьвердзіць рэспубліканскі плян мерапрыемстваў на правядзеньне году народнага адзінства, а таксама забясьпечыць каардынацыю дзейнасьці дзяржаўных органаў дзеля яго выкананьня.

Зрабіць 2021-ы Годам народнага адзінства Аляксандар Лукашэнка заклікаў у сваім навагоднім тэлевіншаваньні.

«Нам усім, хто бачыць сьвет па-рознаму, варта ўсьвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасьць — кавалак зямлі ў цэнтры Эўропы. Іншага ня дадзена. І ў імя захаваньня яго дзеля дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую частку незалежнай Беларусі», — зьвярнуўся Лукашэнка да беларусаў.

У 2020 годзе сьледам за сфальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі распачаўся беспрэцэдэнтны гвалт і палітычныя рэпрэсіі, у якія былі ўцягнутыя ўсе сілавыя і праваахоўныя структуры.

У часе пратэстаў з боку мірных дэманстрантаў былі забітыя і пакалечаныя, блізу 40 тысяч чалавек былі затрыманыя і асуджаныя, сотні застаюцца за кратамі паводле крымінальных і адміністрацыйных артыкулаў, 169 прызнаныя палітвязьнямі.

Пры гэтым ніводнай справы за гібель дэманстрантаў і гвалт сілавікоў не заведзена, хоць пададзеныя тысячы заяваў і скаргаў. 4 студзеня генэральны пракурор Андрэй Швед прыгразіў яшчэ больш адчувальнымі санкцыямі тым, хто надумае ўзьняць руку на праваахоўніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG