Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніку прэзыдэнцкай кампаніі пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі за «пагрозу» пракурору


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

З 23 сьнежня ў гомельскім СІЗА трымаюць пад вартай пэнсіянэра МУС, маёра міліцыі ў адстаўцы Ўладзімера Няпомняшчых, які зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне на выбарах прэзыдэнта летась.

На яго завялі крымінальную справу за «гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненьні службовай асобы» (артыкул 366 Крымінальнага кодэксу). Пакараньне паводле гэтага артыкулу — да 5 гадоў зьняволеньня.

Мінулай восеньню ён прысутнічаў на судзе над Георгіем Васіленкам, які замяніў на цэнтральнай плошчы чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы. У выніку тады Васіленку пакаралі «хіміяй».

У чым абвінавачваюць актывіста АГП

Паводле абвінавачаньня, нібыта пасьля вынясеньня гэтага прысуду Няпомняшчых выказаў нейкую пагрозу ў бок пракуроркі Алесі Жураўлёвай, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачаньне.

«Сам Уладзімер Міхайлавіч кажа, што ня памятае таго моманту і ня памятае, каб выказваў пагрозы. Адзінае, што ён сказаў, гэта была агульная фраза кшталту „Арганізаваная злачынная групоўка“ ці „Вы за ўсё адкажаце“, і тое не адрасна ў бок пракурора. Нават у абвінавачаньні не напісана, якая менавіта фраза была прамоўлена, толькі што выказаў пагрозу гвалту», — удакладніў адвакат Сяргей Красноў.

Адвакат наведваў Уладзімера Няпомняшчых у СІЗА і гаворыць, што трымаецца актывіст бадзёра. Абаронца зьбіраецца падаваць скаргу на зьмяненьне меры стрыманьня.

Хто такі Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых быў незалежным назіральнікам на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах
Уладзімер Няпомняшчых быў незалежным назіральнікам на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах

Уладзімеру Няпомняшчых 68 гадоў, маёр міліцыі ў адстаўцы, усё працоўнае жыцьцё працаваў у гомельскай міліцыі на розных пасадах. На пэнсіі далучыўся да апазыцыі, стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Няпомняшчых браў удзел у многіх палітычных кампаніях, якія праходзілі ў Беларусі. Улетку ён удзельнічаў у выбарчай кампаніі і зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты (яго не зарэгістравалі).

Увосень ён неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт. У тым ліку за тое, што насіў калектыўную заяву пра гвалт у міліцыю і Сьледчы камітэт. Участковы расцаніў гэта як «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Чарговы арышт актывіст атрымаў за плякат у сваім акне «М...ра хуже г...на». Пасьля адбыцьця пакараньня Няпомняшчых павесіў на вакно новы плякат: «М...ра лучше г...на, но не намного».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG