Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За замену чырвона-зялёнага сьцяга на бел-чырвона-белы гамельчуку прысудзілі два гады «хіміі»


Георгі Васіленка падчас суду 17 лістапада
Георгі Васіленка падчас суду 17 лістапада

Гамельчука асудзілі на два 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле артыкула «злоснае хуліганства» за тое, што ён падчас акцыі пратэсту замяніў на плошчы Леніна чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы.

26 лістапада судзьдзя Цэнтральнага раёну Сяргей Салоўскі прызнаў Георгія Васіленку вінаватым у злосным хуліганстве і пакараў абмежаваньнем волі («хіміяй») на два гады.

Суд пастанавіў зьнішчыць «бел-чырвона-белае палотнішча, якое не ўяўляе каштоўнасьці», а афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг аддаць у гарвыканкам.

16 жніўня на плошчы Леніна ў Гомлі праходзіла масавая акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту. Тады некалькі маладых людзей (у тым ліку і Георгі Васіленка) спусьцілі з мачты каля помніка Леніну чырвона-зялёны сьцяг і паднялі бел-чырвона-белы. Чырвона-зялёны сьцяг яны паклалі побач. Неўзабаве яго забралі міліцыянты.

На Георгія Васіленку завялі крымінальную справу за апаганьваньне дзяржаўнай сымболікі. Але падчас сьледзтва ягоныя дзеяньні перакваліфікавалі ў «злоснае хуліганства».

Адвакатка не пагадзілася, што гэта злоснае хуліганства, і прасіла свайго падабароннага па гэтым артыкуле апраўдаць.

Яна сказала, што бел-чырвона-белы сьцяг ня ёсьць незарэгістраванай сымболікай, ён двойчы ў гісторыі Беларусі быў дзяржаўным сьцягам.

Таксама яна зазначыла, што ў дзеяньнях Васіленкі «няма цынічнага складу, не было грубага парушэньня грамадзкага парадку, а міліцыя не рабіла ніякіх дзеяньняў, каб спыніць магчымае парушэньне заканадаўства».

Міліцыянты на гэта адказалі, што бачылі замену сьцяга, далажылі пра гэта кіраўніцтву, але ім загадалі «ня ўмешвацца, каб не распальваць абстаноўку».

Пракурор прасіла пакараць Васіленку абмежаваньнем волі на два гады.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG