Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу начальніка менскага АМАПу Балабы студэнта асудзілі на паўтара года «хіміі»


Ільля Тананка

Суд Фрунзенскага раёна Менску пакараў 19-гадовага студэнта МДЛУ Ільлю Тананку паўтара гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу начальніка АМАПу Менску Дзьмітрыя Балабы, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Таксама суд абавязаў студэнта выплаціць тысячу рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду.

Разглядаў крымінальную справу паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса судзьдзя Андрэй Млечка. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сьцяне дома па вуліцы Скрыпнікава, дзе пражывае пацярпелы, «Балаба — забойца», чым «публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Што здарылася

Па матэрыялах справы, студэнт «публічна абразіў супрацоўніка АМАПу, прычыніў шкоду гонару і годнасьці, апусьціў аўтарытэт супрацоўніка ў вачах навакольных, падарваў прэстыж кіраўніцкай дзейнасьці ў дзяржаве, якая ажыцьцяўляецца супрацоўнікамі АУС, нанёсшы шэраг надпісаў зь нэгатыўнай ацэнкай на адрас палкоўніка міліцыі Дзьмітрыя Балабы».

Хлопец пакінуў надпісы на аб’явах, якія разьмешчаны на інфармацыйных стэндах каля падʼездаў. Па яго словах, ён разумеў, што гэта абраза, але хацеў выказаць сваё меркаваньне.

Трох студэнтаў, у тым ліку Ільлю, затрымалі 26 верасьня.

«Трое студэнтаў прыйшлі „паглядзець“ на дом па вуліцы Скрыпнікава, даведаўшыся з інтэрнэту, што машына і фасад дома міліцыянта размаляваныя пагрозьлівымі і абразьлівымі надпісамі. Потым яны захацелі пакінуць свае надпісы на стэндзе падʼезда», — паведамляла ГУУС Менгарвыканкама.

З затрыманымі хлопцамі зьнялі традыцыйнае пакаяльнае відэа, дзе зь імі, у тым ліку, размаўляў Дзьмітрый Балаба.

Ільля распавёў на судзе, што паказаньні ў РУУС Фрунзенскага раёна яны давалі 27 верасьня пасьля таго, як правялі ноч у камэрах, дзе немагчыма было спаць.

Калі трох хлопцаў затрымалі, у службовым аўто Балаба правёў з імі тлумачальную гутарку, потым маладых людзей адвезьлі ў РУУС, а Ільля публічна папрасіў прабачэньня перад Балабам і іншымі супрацоўнікамі міліцыі. У той жа дзень яны атрымалі па 15 сутак па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў».

Што студэнт казаў на судзе

Ільля Тананка сваю віну прызнаў і заявіў у судзе, што ўсьведамляў, што рабіў абразу Балабы. Ён сказаў, што публічныя прабачэньні Балабу ён прынёс на наступны дзень.

Абвінавачаны распавёў, што 26 верасьня сустрэўся з сябрамі, яны абмяркоўвалі навіны, што на фасадзе дома, дзе жыве Дзьмітрый Балаба, зьявіліся абразьлівыя надпісы, а яшчэ хтосьці пашкодзіў яго машыну.

Адрас хлопцы знайшлі ў адным тэлеграм-канале. Калі яны пайшлі паглядзець, то аднаму з хлопцаў у кампаніі прыйшла ідэя таксама «пакінуць пасланьне».

«Я быў абураны дзеяньнямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку зьбіваньнем пратэстоўцаў, быў абураны перакрыцьцем працы мэтро. Ён зьяўляецца кіраўніком АМАПа, дзеяньні адбываюцца пад яго кіраўніцтвам. Астатнія надпісы былі хутчэй воплескам эмоцый», — патлумачыў свае дзеяньні Ільля.

Дзьмітры Балаба
Дзьмітры Балаба

Якая пазыцыя Балабы

У пачатку судовага працэсу было зачытана хадайніцтва пацярпелага Дзьмітрыя Балабы разглядаць справу ў судзе ў яго адсутнасьці праз хваробу. Камандзір АМАПу папрасіў спагнаць з абвінавачанага 1000 рублёў за нанясеньне яму маральнай шкоды.

У сувязі з тым, што пацярпелы адсутнічаў на судовым паседжаньні, былі зачытаныя яго паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва.

«26.09.2020 каля 21 гадзіны я прыехаў дадому, пры гэтым, заходзячы ў падʼезд, я не зьвяртаў увагі на інфармацыйны стэнд, разьмешчаны на падʼезьдзе майго дома. Дома знаходзіўся са сваімі роднымі. Каля 22:50 гадзін 26.09.2020 мне на мабільны тэлефон патэлефанавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Хто менавіта, цяпер назваць не магу, бо ня памятаю. Супрацоўнік растлумачыў, што ўнізе майго дома нарадам міліцыі затрыманыя трое маладых людзей, якія наносілі абразьлівыя надпісы на інфармацыйным стэндзе майго падʼезда».

Пасьля гэтага Балаба спусьціўся, вырашыў пагаварыць са студэнтамі, даведацца, чым выкліканы іх паводзіны і іншае. Тады ж ён убачыў надпісы на абʼявах — ён палічыў іх абразьлівымі для сябе і праваахоўнай сыстэмы ў цэлым.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG