Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта здарылася выпадкова». Судзяць «зайца», які ў канфлікце з кантралёрамі абразіў Лукашэнку


Міхаіл Рудко
Міхаіл Рудко

У Кастрычніцкім судзе Менску пачаўся працэс над грамадзянінам Расеі Міхалам Рудко. Ён ужо шмат гадоў жыве ў Менску і працуе рэгуліроўшчыкам радыёапаратуры на заводзе «Электроніка».

«Наўмысна і супрацьпраўна зьняважыў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, выказаў у слоўнай форме фразы зь ненарматыўнай лексыкай, якія ўтрымліваюць нэгатыўную ацэнку прэзыдэнта РБ», — сьцьвярджаецца ў абвінавачаньні Міхала Рудко. Акрамя гэтага, яго вінавацяць у пагрозе і гвалце супраць кантралёра Паўла Максімовіча з арганізацыі «Мінсктранс».

Паводле сьледзтва, Рудко яшчэ і пашкодзіў рэчы Максімовіча, чым нанёс яму шкоды на 15 рублёў. Расейцу пагражае вялікі штраф альбо зьняволеньне.

«Быў цьвярозы і нікога ня біў»

Ён прызнае, што абразіў Аляксандра Лукашэнку, але тлумачыць гэта стрэсавай сытуацыяй, у якой аказаўся. Што да гвалту супраць кантралёра ды нанясеньня яму шкоды, то гэта абвінавачаны адмаўляе і кажа, што сам пацярпеў. Паводле спадара Рудко, ён 4 месяцы лечыць руку, якую пашкодзілі кантралёры.

«Лукашэнку я абразіў, можна сказаць, выпадкова. У тралейбусе ўсе пра яго казалі, што падмануў на выбарах, вось і адклалася ў галаве. Еду раніцай, праглядаю мабільны, тут гэтыя кантралёры. Так, квітка не было, але я не адмовіўся плаціць штраф. Чамусьці вывелі з тралейбуса, заламалі руку, паклалі на зямлю, як злачынцу. За што? Быў цьвярозы, нікога ня біў. Буду патрабаваць паказаць відэа, але ня тое, якое склала з кавалкаў сьледзтва, а цалкам», — сказаў падчас судовага перапынку Міхал Рудко.

Кантралёр Павал Максімовіч, які прызнаны ў справе пацярпелым, ад камэнтару адмовіўся. У ягоных калегаў вэрсія іншая, чым у Рудко. Паводле кантралёраў, пасажыр без квітка быў нецьвярозы, таму яго высадзілі на прыпынку. Але ён нібыта пачаў абражаць і ўдарыў Максімовіча.

«Гэта ўсё запісалі нашы відэакамэры на вопратцы», — сказала калега пацярпелага кантралёра Максімовіча.

«Стаўлюся да вашага прэзыдэнта роўна»

Пра сябе Міхал Рудко паведаміў, што ў пратэстах ён ня ўдзельнічаў, да Лукашэнкі ставіцца «роўна», у беларускія справы стараецца ня ўмешвацца.

«Разьбірайцеся зь ім самі, а мне тут жыць падабаецца», — сказаў абвінавачаны журналісту.

Міхал Рудко — былы афіцэр, па паходжаньні беларус, але мае расейскі пашпарт.

«Тут у мяне кватэра, сям’я. Але цяпер могуць калі не пасадзіць, дык дакладна выгнаць у Расею, а ў мяне там ані жытла, ані сваякоў».

Інцыдэнт, які разглядае судзьдзя Алена Жывіца, адбыўся 23 верасьня, калі прайшла «таемная» інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі.

Працэс над Міхалам Рудко адновіцца 6 студзеня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG