Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Ціханоўская сказала ў Радзе бясьпекі ААН. Асноўнае


Сьвятлана Ціханоўская выступае на мітынгу ў Бэрліне, 5 кастрычніка 2020 году

22 студзеня Сьвятлана Ціханоўская выступіла на онлайн-пасяджэньні чальцоў Рады бясьпекі ААН паводле формулы Арыі. Тэмай пасяджэньня стала свабода СМІ ў Беларусі.

Сустрэча была ініцыяваная Эстоніяй, Францыяй, Ірляндыяй, Нарвэгіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША.

Асноўныя пункты прамовы Сьвятланы Ціханоўскай:

  • Зь верасьня сытуацыя ў Беларусі не палепшылася. Толькі пагоршылася. Пратэст супраць сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі меў выключна мірны характар. Аднак рэжым адказаў на іх гвалтам.
  • Незалежныя СМІ дапамаглі праліць сьвятло на тое, што адбываецца: незаконныя затрыманьні, катаваньні і забойствы мірных пратэстоўцаў. Гэта зрабіла СМІ мішэньню машыны рэпрэсій Лукашэнкі.
  • У 2020 годзе незалежных журналістаў затрымлівалі больш за 470 разоў, 97 журналістаў зазналі адміністрацыйны арышт, 50 сайтаў СМІ былі заблякаваныя, а 15 журналістам цяпер выстаўленыя надуманыя крымінальныя абвінавачаньні.
  • Сярод рэпрэсаваных тры бясстрашныя журналісткі — Дар’я Чульцова, Кацярына Андрэева і Кацярына Барысевіч, якія ўжо два месяцы знаходзяцца ў турме. Ім інкрымінуюць арганізацыю масавых акцый пратэсту і раскрыцьцё мэдычнай інфармацыі пра Рамана Бандарэнку, якога забілі памагатыя рэжыму.
  • Таксама за кратамі ў Беларусі члены «Прэс-клюбу» і яго заснавальніца Юлія Слуцкая.
  • Таксама пад перасьледам Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Іх віна ў тым, што яны ажыцьцяўлялі сваю работу па падтрымцы СМІ і ахвяр палітычных рэпрэсій.
  • Сярод зьняволеных журналістаў Ігар Лосік, адміністратар аднаго з самых папулярных беларускіх каналаў у сацыяльных сетках і кансультант Радыё Свабода, які абвясьціў галадоўку больш за месяц таму.
  • Таксама зьняволены Сяргей Ціханоўскі, вядомы Youtube-блогер, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых акцый пратэсту. Але яго віна толькі ў тым, што ён кажа праўду і плянаваў балятавацца ў прэзыдэнты.
  • СМІ знаходзяцца пад ціскам рэжыму, і гэта толькі частка больш шырокай карціны рэпрэсій у Беларусі: больш за 32 тысячы чалавек прайшлі праз затрыманьні, каля 900 падазраваных па палітычна матываваных крымінальных справах, 400 выпадкаў катаваньняў, пра якія паведаміла ААН, 8 актывістаў загінулі ў сувязі з гвалтам сілавікоў. Ніводзін дзяржаўны службовец ня быў прыцягнуты да адказнасьці.
  • Нягледзячы на такі гвалт, беларусы працягваюць пратэставаць кожны дзень. Яны дэманструюць мужнасьць, годнасьць і стойкасьць.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала:

  • каб ААН адкрыта казала пра неабходнасьць спыніць гвалт і беззаконьне ў Беларусі, у тым ліку цэнзуру СМІ, блякаваньне вэб-сайтаў, адключэньне інтэрнэту і адмену акрэдытацыі журналістаў;
  • каб ААН склікала пасяджэньне Рады бясьпекі і ўключыла Беларусь у парадак дня. Сьвет павінен зьвярнуць увагу на гэты крызіс, які можа перарасьці ў нешта горшае;
  • каб ААН падтрымала рэкамэндацыі дакладу Маскоўскага мэханізму АБСЭ. Гэта адкрые шлях да стварэньня ўмоў для палітычнага дыялёгу, які дапаможа правесьці свабодныя і справядлівыя выбары.

Гэта другое пасяджэньне Рады бясьпекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першае было 4 верасьня, тады яна заклікала ўвесьці санкцыі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, і прыняць меры для спыненьня гвалту.

Таксама на пасяджэньні выступіў сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, кіраўнік АНК Павал Латушка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG