Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы назвалі яшчэ пяць новых палітзьняволеных. Агулам такіх ужо 194


Мірная акцыя ў Віцебску, жнівень 2020

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ пяць чалавек, абвінавачаных у «масавых беспарадках» і «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Агулам у Беларусі цяпер 194 палітвязьні.

У сувязі з інфармацыяй аб узяцьці пад варту і прад’яўленьні абвінавачаньняў паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) Аляксандры Патрасаевай, Аляксандру Рэзьніку, а таксама паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Міхаілу Феранцу, Віталю Шчэрбічу, Рэнаце Сьмірновай праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала:

  • перасьлед Аляксандры Патрасаевай, Аляксандра Рэзьніка, Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнаты Сьмірновай мае палітычна матываваны характар у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

На гэтай падставе прынятае рашэньне прызнаць названых асобаў палітычнымі зьняволенымі.

«Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае абмежаваньням, акрамя вызначаных законам і неабходных у дэмакратычных краінах дзеля нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва. У Беларусі выступы насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў 9 жніўня. Яны праходзілі са шматлікімі парушэньнямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя», — гаворыцца ў паведамленьні праваабаронцаў.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спэцпадразьдзяленьнямі МУС зь непрапарцыйным ужываньнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі краіны ў дачыненьні да дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты, вадамёты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG