Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў палітвязень Юры Савіцкі, суд пастанавіў адправіць яго на «хімію»


Юры Савіцкі (у цэнтры) пасьля суду. 21 студзеня 2021 году

Тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прысудзіў Кастрычніцкі раённы суд Менску Юрыю Савіцкаму — дырэктару шынамантажнай станцыі на Даўгабродзкай вуліцы. Бізнэс Савіцкага ўвосень падтрымалі сваімі замовамі дзясяткі новых кліентаў.

У судовай залі вызваленьня Юрыя Савіцкага чакалі жонка Кацярына, сябры і актывісты, а таксама журналісты. Юры выйшаў у калідор са словамі: «Гэта крок да перамогі», а тых, хто яго сустракаў, прывітаў фразай: «Наша возьме».

Але ад камэнтароў адносна прысуду і працэсу палітвязень адмовіўся, спаслаўшыся на стому. «Некалькі гадзін, як раніцай прывезьлі з «Валадаркі», правёў у «стакане», — сказаў Юры.

Юры Савіцкі падчас агучваньня прысуду
Юры Савіцкі падчас агучваньня прысуду

Паводле Юрыя Савіцкага, умовы ўтрыманьня на «Валадарцы» збольшага былі нармальныя, у камэры глядзеў тэлевізар, сядзеў у «добрай кампаніі, зь якой час мінае хутка», пазнаёміўся і з тымі, чые імёны на слыху ў палітычным жыцьці. Але з кім дакладна, былы вязень СІЗА № 1 не ўдакладніў:. «Каб ім не зрабілі горш».

Чаму справу не камэнтуюць?

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна сказала, што прысуд Юрыю Савіцкаму будзе абскарджаны.

«Ёсьць праца, сям’я, малое дзіця — чаму „хімія“ з накіраваньнем?» — зьдзіўлялася адвакатка. Але саму справу і працэс камэнтаваць адмовілася, спаслаўшыся на падпіску.

Юры Савіцкі пасьля вызваленьня
Юры Савіцкі пасьля вызваленьня

Абаронца толькі згадала, што цягам трох дзён пасьля затрыманьня Юрыя Савіцкага пра яго не было ніякай інфармацыі. У крымінальнай справе, якую разглядаў суд, затрыманьне пазначана 13 жніўня, хоць фактычна яно адбылося 10 жніўня. Абарона спрабавала дамагчыся, каб суд у гэтым разабраўся, але марна.

Як затрымалі Юрыя Савіцкага?

«Забралі на працы, і нікому нічога. Добра, што калега Юрыя ўсё бачыў і расказаў. А праз тры дні пад Жодзінскім ізалятарам знайшла чалавека, які адтуль выйшаў і пазнаў мужа на фатаздымку. Але на волю Юра выйшаў вось толькі цяпер», — расказала перад прысудам жонка Юрыя Савіцкага Кацярына.

Калі яна заклікала ў сацсетках падтрымаць бізнэс арыштаванага мужа, спагадлівыя менчукі «пераабувалі» свае аўтамабілі на станцыі шынамантажу, якая належыць Юрыю. Муж і жонка Савіцкія за гэтую падтрымку людзям вельмі ўдзячныя. «Гэта ж так цяжка, калі бізнэс застаўся без гаспадара. І вось — пратрымаліся», — кажа Кацярына.

Пасьля суду
Пасьля суду

33-гадовы Юры Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, зьбіраў за яго подпісы. Увечары 9 жніўня пайшоў зь сябрамі на мітынг пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.

Затрымалі Юрыя Савіцкага 10 жніўня на працы. «Прыехалі шасьцёра ў цывільным на танаваным бусе і павезьлі ў невядомым кірунку», — казала Кацярына Савіцкая пра зьнікненьне мужа.

Спачатку Юрыя Савіцкага абвінавацілі паводле 2 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу аб удзеле ў масавых беспарадках, пазьней перакваліфікавалі абвінавачаньне на 342 артыкул — аб актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Віну Юры Савіцкі прызнаў.

Працэс па справе Юрыя Савіцкага праходзіў 4 дні.

«Гэта яшчэ нармальна, іншых судзяць за дзень-два», — казалі назіральнікі за працэсамі над удзельнікамі пасьлявыбарчых падзей.

Прысуд Юрыю Савіцкаму вынес судзьдзя Аляксандар Рудэнка.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG