Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвярым горадзенцам прысудзілі па «справе аб счэпцы» 3 і 3,5 года «хіміі». ВІДЭА


Уладзімер і Юры Седзянеўскія, Надзея Сьцепанцова і Жанна Захаркевіч у судзе 10 сакавіка
Уладзімер і Юры Седзянеўскія, Надзея Сьцепанцова і Жанна Захаркевіч у судзе 10 сакавіка

Чацьвярых гарадзенцаў асудзілі за счэпку на пратэставым мітынгу. Прысуд абвясьціў суд Ленінскага раёну Горадні 10 сакавіка.

Уладзімера і Юрыя Седзянеўскіх, а таксама Жанну Захаркевіч пакаралі 3 гадамі абмежаваньня волі (так званай «хіміі»), Надзею Сьцепанцову —3,5 года «хіміі». Пад варту асуджаных ня бралі.


У справе аб счэпцы пяцёра фігурантаў:

  • Родныя сёстры Надзея Сьцепанцова (49 гадоў) і Жанна Захаркевіч (47 гадоў)
  • Родныя браты Ўладзь Седзянеўскі (36 гадоў) і Юры Седзянеўскі (39 гадоў)
  • Аляксандар Якубоўскі, які пасярод суду зьнік, ён у вышуку.

Усе маюць вышэйшую адукацыю, раней не судзімыя. Падчас працэсу яны заставаліся на волі.

Чацьвярых, акрамя Аляксандра Якубоўскага, які ў вышуку, прызналі вінаватымі ў парушэньні двух артыкулаў: «Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 КК) і «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (артыкул 364 КК).

Фігуранты справы аб счэпцы
Фігуранты справы аб счэпцы

Пацярпелі 11 міліцыянтаў. Падчас судовага працэсу яны давалі паказаньні зь іншага пакоя, не паказвалі сваіх твараў і не называлі сваіх сапраўдных імёнаў. Некаторыя называлі сваімі хатнімі адрасы горадзенскіх актывістаў.

Паводле абвінавачаньня, пяцёра фігурантаў справы ўдзельнічалі ў пратэставым шэсьці па вуліцы Гарнавых у Горадні 6 верасьня. Яны нібыта пагражалі пацярпелым міліцыянтам гвалтам.

У віну ім паставілі тое, што яны ішлі шэрагам, узяўшыся за рукі, і «целамі выпіхвалі супрацоўнікаў са свайго шляху». У выніку шэсьця, па афіцыйнай вэрсіі, аўтапарк і тралейбуснае дэпо панесьлі шкоду на 71 рубель 69 капеек.

6 верасьня 2020 году горадзенцы спрабавалі прайсьці па цэнтры гораду некалькі разоў. Першую калёну разагналі ў раёне вуліцы Гарнавых з жорсткімі затрыманьнямі. Другая калёна, прыкладна з 5 тысяч чалавек, здолела прайсьці некалькі кілямэтраў, пакуль не наткнулася на сьцяну АМАПу. Шэсьце таксама скончылася жорсткімі затрыманьнямі.

На суд сабралася поўная заля
На суд сабралася поўная заля

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG