Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі ўдзельнікам пратэстаў 16 сакавіка: да 5 гадоў строгага рэжыму


Пратэст каля ГЦ «Рыга» ў Менску, жнівень 2020 году.

У Беларусі працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфкацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Да трох месяцаў арышту — прысуды за надпісы на сьценах

Жыхароў Воршы Аляксандра Бажкова і Міхаіла Беркаса прызналі вінаватымі ў здзяйсненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 341 Крымінальнага кодэксу. Суд прызначыў ім тры месяцы і 30 дзён арышту адпаведна, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

32-гадовага Аляксандра Бажкова абвінавацілі ў тым, што ён наўмысна ў стане алькагольнага ап’яненьня нанёс надпісы на будынкі калёніі ў Воршы. У якасьці «сродкаў злачынства» ён выкарыстаў «пэндзаль нявызначанага ўзору, пальчаткі, а таксама фарбу чырвонага колеру». Яго дзеяньні нанесьлі шкоду ў 77 рублёў 50 капеек.

24 лютага Міхаіл Беркас быў прыгавораны да 30 дзён зьняволеньня за нанясеньне пратэстных графіці ў раёне Заходняй. Пасьля суда ў яго было 10 дзён на абскарджваньне прысуду, але гэта й магчымасьцю Міхаіл не скарыстаўся. У выніку сёньня ён паехаў у Віцебскае СІЗА № 2. Правесьці ў зьняволеньні ён мусіць менш за 30 дзён, бо частку часу адседзеў падчас сьледства.

Пачаўся суд над хлопцам, якога 9 жніўня зьбіў аўтазак

У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы пачалі разгляд крымінальнай справы аб масавых беспарадках, у якой абвінавачаным праходзіць Ягор Сугойдзь, якога 9 жніўня ў раёне стэлы зьбіў аўтазак і якога спачатку лічылі загінулым. Аказалася, пасьля здарэньня ён трапіў з траўмамі ў шпіталь, а затым яго зьмясьцілі пад варту, піша Tut.by.

Справу разглядае судзьдзя Вікторыя Шабуня. Абараняе абвінавачанага адвакат Дзьмітры Лазавік.

У абвінавачаньні напісана, што 9 жніўня мінулага году каля 20.00−23.00 Сугойдзь у стане алькагольнага ап’яненьня ўзяў актыўны ўдзел у групавых несанкцыянаваных масавых дзеяньнях. Удзельнікі групы былі не задаволеныя падзеямі грамадзка-палітычнага жыцьця краіны, прыцягвалі да сябе ўвагу тым, што рухаліся па пешаходнай і праезнай частках дарогі. Пры сабе мелі плякаты, транспаранты, сьцягі.

Ягор Сугойдзь выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ. Яго дзеяньні пацягнулі «парушэньне грамадзкага парадку, а таксама перашкодзілі руху грамадзкага транспарту». Дзеяньні абвінавачанага кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі. Максымальная санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Абвінавачаны, якому ў турме споўніўся 31 год, віну прызнаў толькі ў тым, што прысутнічаў на мітынгу.

Падзеі, празь якія Сугойдзь стаў абвінавачаным, адбыліся 9 жніўня. Як потым расказаў адзін зь відавочцаў, аўтазак пад’ехаў да пратэстоўцаў са сьпіны, калі тыя стаялі тварам да стэлы, насупраць сілавікоў са шчытамі. Спэцаўтамабіль спачатку ледзь прытармазіў, а потым рэзка рушыў на людзей без папераджальных сыгналаў. Момант здарэньня зафіксавалі на відэакамэру.

Справу аб перашкодах працы ЦВК перадалі ў Менскі абласны суд

Вярхоўны суд паведаміў, што абвінавачаным паводле арт. 191 Крымінальнага кодэксу зьяўляецца палітзьняволены актывіст партыі «Народная Грамада» Сяргей Спарыш.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 (перашкода працы Цэнтрвыбаркаму), а таксама па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Паведамляецца, што ягоная справа і справа яшчэ чатырох чалавек будзе разглядацца ў Менскім абласным судзе. Дата суду невядомыя. Гаворка ідзе пра палітзьняволеных адміністратара телеграм-канала «Армія з народам» Сяргея Ярашэвіча і даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Антаніны Канавалавай, палітзьняволенага блогера тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргея Коршуна і Я. Прывалава.

Чатырох чалавек абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Менчука, які прапанаваў АМАПу скласьці шчыты, пакаралі 5 гадамі калёніі строгага рэжыму

У судзе Заводзкага раёну Менску 16 сакавіка асудзілі палітвязьня Аляксея Мельнікава.

Працэс вяла судзьдзя Ганна Хвайніцкая. Дзяржабвінаваўца — Качанава. Мужчыну абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу РБ — «масавыя беспарадкі». Мельнікава затрымалі 4 сьнежня ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску, піша «Вясна».

10 жніўня 2020 году Аляксей Мельнікаў выйшаў у горад у раёне ўнівэрсаму «Рыга» па справах. Пры гэтым ён хацеў асабіста даведацца, што адбываецца ў краіне і ў Менску ў прыватнасьці. Удзелу ў блякаваньні вуліц у той вечар ня браў. Аднак, па ягоных словах, зьявіліся людзі, якія заклікалі рабіць гэта. Мельнікаў паспрабаваў драбіць камяні, але ў яго не атрымалася.

Затым, па ягоных сьведчаньнях, на людзей выйшла «сьцяна АМАПу». Тады Мельнікаў зьняў маску і прапанаваў ім скласьці шчыты, каб «вырашыць справу мірным шляхам».

Сьведка Сяргей Яхновіч, кіроўца тралейбуса 92-га маршруту, расказаў, што 10 жніўня ў яго была працоўная зьмена з 15:30. Каля ўнівэрсаму «Рыга» было шмат людзей на пешаходным пераходзе, там ён бачыў камяні. Але настрой быў «сьвяточны», агрэсіі ён не адчуваў, ня бачыў зброі ў руках людзей. Адзін з камянёў трапіў у кіроўцу, адскочыўшы ад сьцяны.

Судзьдзя Хвайніцкая вынесла прысуд: 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў прызнаць права на задавальненьне матэрыяльнага пазову.

Праваабаронцы лічаць крымінальную справу супраць Аляксея Мельнікава палітычна матываванай, а яго самога 11 студзеня назвалі палітвязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG