Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзьве ўвагнутасьці на міліцэйскай машыне і супраціў мужчыну прысудзілі 2 гады «хіміі»

Суд Савецкага раёну Менску
Суд Савецкага раёну Менску

Сьведчаньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі падсуднага, зафіксавалі больш чым празь месяц, аднак гэта не дало суду падставы спыніць разгляд.

У судзе Савецкага раёну Менску скончыўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачаньні Валера Богдана ў «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак» (арт. 363 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Воўк. Дзяржабвінаваўцам выступіў пракурор Рабаў.

У матэрыялах сьледзтва Валер Богдан фігураваў як удзельнік масавага мерапрыемства. 6 сьнежня 2020 году яго затрымалі на вуліцы Якуба Коласа ў Менску. У той самы дзень хтосьці пашкодзіў міліцэйскі спэцтранспарт — на бакавіне выявілі дзьве ўвагнутасьці. Сьледчыя вырашылі, што гэта зрабіў Богдан.

У судовую залю сьведкі-міліцыянты прыйшлі ў балаклавах. На мінулае пасяджэньне яны не зьявіліся, матывуючы тым, што былі ў адпачынку. Адзін зь іх на судзе заявіў, што заўважыў трох чалавек, якія ішлі асобна, пры затрыманьні адзін зь іх паводзіў сябе спакойна, другі стаў уцякаць, а трэці — Богдан — пачаў супраціўляцца, штурхаць супрацоўніка, упірацца нагамі.

Затым старшына Базілевіч убачыў на аўтамабілі «Форд-Транзыт» увагнутасьці. Абодва сьведкі сказалі, што ня бачылі, хто наносіў удар па машыне, а іх паказаньні з нагоды пашкоджаньня транспарту запісалі больш як празь месяц пасьля падзей.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу — «хімію». Судзьдзя падтрымаў пракурора.

У сваім апошнім слове Богдан цалкам прызнаў віну, выбачыўся і паведаміў, што гатовы задаволіць матэрыяльныя прэтэнзіі. Аднак пры абвяшчэньні прысуду судзьдзя сказаў, што той віны не прызнаў.

Валер Богдан зьбіраецца абскардзіць прысуд.

XS
SM
MD
LG