Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры гады калёніі за ўдары па капоце і сярэдні палец міліцыянту


Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў Аляксандра Дзеркача чатырма гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Вырак вынес судзьдзя Юрый Машкетаў, у якасьці пацярпелага выступаў інспэктар ДАІ Андрэй Дубовіч.

Як нагадвае праваабарончы цэнтар «Вясна», Аляксандра Дзеркача вінавацілі за актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК), пагрозе прымяненьня гвалту да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК) і наўмысным пашкоджаньні маёмасьці (арт. 218 КК).

Паводле «Вясны», Аляксандр Дзяркач знаходзіўся 9 жніўня на перакрыжаваньні вуліцы Заслаўскай і праспэкта Машэрава ў Менску, дзе нібыта прыняў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, гучна пляскаў у далоні, выкрыкваў лёзунгі, потым выйшаў на праезную частку дарогі, дзе спыніў аўтамабіль ДАІ, што суправаджаў аўтазак. Нанес па капоце службовага аўтамабіля не менш за 3-4 удары, нібыта нецэнзурна лаяўся ў бок супрацоўніка Андрэя Дубовіча і паказаў яму сярэдні палец.

На судовым паседжаньні прагледзелі відэа, на якім бачна, што абвінавачаны стаіць у баку, калі невядомы хлопец наносіць удары па левай бакавой дзьверцы аўтамабіля ДАІ. Абодва апранутыя ў белыя майкі. Аднак пацярпелы лічыў, што ўдары па дзьверцы наносіў менавіта Аляксандр Дзяркач, а абвінавачаны сьцьвярджаў, што гэта ня ён. Абаронца заявіла хадайніцтва аб правядзеньні камп’ютарна-тэхнічнай экспэртызы відэа для ідэнтыфікацыі знаходжаньня на ім падсуднага. Суд хадайніцтва адхіліў.

«Сваім непрыстойным жэстам выказаў непавагу, не больш за тое», — цытуе сайт «Вясны» абаронцу, якая прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі з месца працы, інваліднасьць бацькі, які фактычна знаходзіцца на ўтрыманьні Дзеркача і абраць меру пакараньня, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі.

У апошнім слове Аляксандр Дзяркач сказаў, што ва ўчыненым раскайваецца, папрасіў прабачэньня ў супрацоўніка ДАІ за тое, што напужаў яго сваімі дзеяньнямі, абяцаў у далейшым не парушаць законы.

Аднак судзьдзя Юры Машкетаў прыняў прапанову пракурора і прызначыў запатрабаванае пакараньне — 4 гады пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG