Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазроныя каталікі. Чым уладам перашкодзіў Чырвоны касьцёл?


Шэсьце ля Чырвонага касьцёла, 2020
Шэсьце ля Чырвонага касьцёла, 2020

Пасьля кожнага звыклага ў сёньняшняй Беларусі «наезду» ўладаў на нейкую сацыяльную групу ці ўстанову заўсёды ўзьнікае пытаньне: хто наступны? Сёньня выявілася, што наступнымі сталі каталікі.

У іх забіраюць Чырвоны касьцёл і закрываюць школу пры каталіцкім цэнтры. Дзеля чаго гэта зроблена і якімі могуць быць наступствы?

Сьцісла:

  • Ляяльнасьць беларускіх каталікоў існаму рэжыму заўсёды была пад падазрэньнем.
  • Каталіцкі касьцёл — гэта рэлігія Захаду. А калектыўны Захад сёньня — экзыстэнцыйны вораг для ўладаў Беларусі і Расеі.
  • Улады лічаць, што на беларускіх каталікоў вялікі ўплыў аказвае Польшча, якая абвешчана галоўным ворагам Беларусі.
  • Тая грамада, якая гуртавалася вакол гэтага храму, была ў пэўным сэнсе асяродкам беларушчыны. І кактэйль каталіцызму і беларушчыны выглядаў для ўладаў небясьпечным.

Пасьля загадкавага пажару ў менскім Чырвоным касьцёле ў ноч на 26 верасьня сёньня высьветлілася, што храм у каталікоў увогуле забіраюць. Таксама ўлады закрылі школу Хрысьціянскага сацыяльнага цэнтру «Місія добрага самараніна» ў Менску.

Відавочная палітычная падаплёка гэтых рэпрэсіўных дзеяньняў. Ляяльнасьць католікаў існаму рэжыму заўсёды была пад падазрэньнем. Асабліва недавер да іх узмацніўся з пачаткам пратэстаў 2020 году. Кіраўнік беларускага каталіцкага касьцёла мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў тады з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады. І яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Потым перасьлед зазналі некалькі ксяндзоў.

Недавер да каталікоў грунтуецца на некалькіх чыньніках. Найперш, каталіцкі касьцёл — гэта рэлігія Захаду. А калектыўны Захад сёньня — экзыстэнцыйны вораг для ўладаў Беларусі і Расеі. Дзяржаўныя мэдыя актыўна бэсьцяць усе заходнія каштоўнасьці. Мусіць, улады баяцца, што гэтыя каштоўнасьці могуць пранікнуць у Беларусь. Таму зачынілі школу пры каталіцкім цэнтры. Ідэалёгія «русского мира», якая пакрысе становіцца дамінуючай, амаль афіцыйнай у Беларусі, непазьбежна павінна была ўступіць у супярэчнасьць з каталіцызмам.

Другі чыньнік важнейшы. Улады лічаць, што на беларускіх каталікоў вялікі ўплыў аказвае Польшча. Сярод малаадукаванай публікі каталіцтва ўвогуле лічыцца «польскай верай». А Польшча абвешчана галоўным ворагам Беларусі. Антыпольскую кампанію ініцыюе сам Лукашэнка. Бясконцыя аповеды пра тое, што Польшча хоча захапіць заходнюю Беларусь і рыхтуецца да вайны, увесь час гучаць зь ягоных вуснаў. Устанаўленьне новага сьвята Дня народнага адзінства 17 верасьня мае відавочны антыпольскі ўхіл. Мусіць, невыпадкова менавіта сёньня зьявілася паведамленьне, што вядомы журналіст, адзін з кіраўнікоў Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут трапіў у сьпіс тэрарыстаў. Пачаўся перасьлед уладальнікаў «карты паляка». Таму рана ці позна барацьба з Польшчай такім ці іншым чынам павінна была распаўсюдзіцца і на каталікоў.

І яшчэ важны момант. Ксёндз-пробашч Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк вядомы як актыўны папулярызатар беларускай мовы ў царкоўным жыцьці. Тая грамада, якая гуртавалася вакол гэтага храма, была ў пэўным сэнсе асяродкам беларушчыны. А з гэтай зьявай улады, якія патанулі ў «русском мире», вядуць вайну на вынішчэньне. Сёньня ў Беларусі беларушчына — вялікая крамола. І кактэйль каталіцызму і беларушчыны выглядаў для ўладаў небясьпечным. А Чырвоны касьцёл — у самым цэнтры сталіцы. Доўга цярпець такі ачаг неляяльнасьці ўлады не маглі.

Увогуле, у краіне руйнуецца ўсё жывое, незалежнае і не падкантрольнае ўладзе — ад прыватных установаў адукацыі да рэлігійных грамадаў. Такі палітычны час сёньня ў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG