Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаў


Сёньняшняя Польшча ва ўяўленьнях Лукашэнкі — варожая, злая, хцівая, агрэсіўная хоць бы таму, што яна — жывы дакор, наглядны прыклад таго, якой пасьпяховай і заможнай магла б быць Беларусь, калі б ня ён.

Як Лукашэнка стаў палёнафобам?

Польшча для Лукашэнкі сёньня — вораг нумар адзін. Яна «прытуліла беглых», «выношвае пляны агрэсіі супраць Беларусі», а самі палякі — «ачумелыя», «селі на амэрыканскую кабылу» і ім трэба «абламаць рогі» (усё гэта — выразы зь нядаўніх выступаў Лукашэнкі). Выбар галоўнага ворага, відавочна, у пэўнай ступені падсьвядомы.

Тры дзесяцігодзьдзі таму, калі і Польшча, і Беларусь толькі пачыналі выкарасквацца з посткамуністычнай багны, стартавыя магчымасьці ў іх былі прыблізна аднолькавыя. Многія памятаюць, як у канцы 80-х многія палякі, каб зарабіць лішнюю капейку, цэлымі аўтобусамі выпраўляліся на рэчавыя рынкі Беларусі. На пачатку 90-х беларусы памяняліся зь імі ролямі: дакладна гэтак жа сама гандлявалі рознай драбязой на рынках Варшавы, Беластоку, Белай Падляскі. Так што стартавалі прыблізна з аднаго пункту. Вось толькі мадэлі будучыні выбралі зусім розныя.

Дэманстрацыя прафсаюзу Салідарнасьць у Польшчы, Варшава, 1989
Дэманстрацыя прафсаюзу Салідарнасьць у Польшчы, Варшава, 1989

Шкодны і небясьпечны ўзор для беларусаў

Сёньняшняя Польшча ўспрымаецца Лукашэнкам як варожая, агідная, непрыемная хоць бы таму, што яна жывы прыклад таго, якой пасьпяховай і заможнай магла быць Беларусь, калі б ня ён. З бурным эканамічным ростам, з выразнай эўрапейскай будучыняй, з утрая вышэйшымі, чым у беларусаў, заробкамі, з эфэктыўнай сельскай гаспадаркай, якая цалкам абапіраецца на фэрмэраў і цалкам адмовілася ад камуністычнай спадчыны ў выглядзе «дзяржгасаў».

Гэтак жа, як Пуціну доўгія гады муляла Ўкраіна зь ейнай свабодай, дэмакратыяй, незалежнай прэсай і зьмяняльнасьцю ўлады, Лукашэнку ўсе тры дзесяцігодзьдзі ягонага прэзыдэнцтва муляе Польшча. Яна для яго таксама своеасаблівая «анты-Беларусь» — шкодны і небясьпечны ўзор для ўласных падданых, дзе на выбарах лічаць галасы, прэзыдэнты мяняюцца кожныя чатыры гады, а людзі могуць свабодна гаварыць пра ўладу тое, што думаюць.

Падчас саміту NATO ў Варшаве, 2016 год
Падчас саміту NATO ў Варшаве, 2016 год

Была б гэтая Польшча дзе-небудзь за акіянам, Бог бы зь ёй. Але яна тут, за Бугам. Туды штодня дзясяткамі тысяч выпраўляюцца грамадзяне Беларусі — хто па таньнейшыя, чым у Беларусі, тавары, хто на заробкі (бо плацяць утрая болей, чым на радзіме), хто на вучобу (навучаньне ў дзяржаўных унівэрсытэтах, як правіла, бясплатнае, у тым ліку і для іншаземцаў). І вяртаюцца адтуль — з назіраньнямі, параўнаньнямі, а некаторыя і з высновамі. (А. Лукашэнка, 24 жніўня 2021 году: «Яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца. Яны ўжо цяжка перавыхоўваюцца»).

Дэманстрацыя мігрантаў на беларускім баку мяжы з Польшчай, лістапад 2021
Дэманстрацыя мігрантаў на беларускім баку мяжы з Польшчай, лістапад 2021

Гэтак жа, як Пуцін назваў тыдзень таму Ўкраіну «антырасейскім анклявам», дзеля зьнішчэньня якога распачатая вайна, Лукашэнка, відавочна, мог бы назваць Польшчу «антыбеларускім анклявам». З той толькі розьніцай, што накіраваць супраць яе танкі пакуль што боязна. Даводзіцца абмяжоўвацца «гібрыднымі» атакамі: то кідаючы на штурм беларуска-польскай мяжы натоўпы блізкаўсходніх мігрантаў, то закрываючы ў Беларусі польскія школы і арыштоўваючы польскіх актывістаў, то зьнішчаючы магілы польскіх жаўнераў Другой сусьветнай вайны.

Яшчэ адна, самая сьвежая ініцыятыва, агучаная днямі прапагандыстам Гігіным — запатрабаваць ад Польшчы рэпарацый (за 20-30-я гады, калі заходнебеларускія землі былі ў складзе Польшчы і толькі дзякуючы гэтаму тысячы мясцовых жыхароў пазьбеглі долі сваіх усходнебеларускіх супляменьнікаў, асуджаных сталінскім рэжымам на голад, калектывізацыю і палітычныя рэпрэсіі).

Палякі ў імпэрыі — людзі другога гатунку

Палёнафобія Лукашэнкі і ягоных памагатых мае глыбокія гістарычныя карані.

Вугольле антыпольскіх настрояў у Расейскай імпэрыі тлела заўсёды і разьдзьмухвалася дзяржаўнай прапагандай у залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры. На тэрыторыі беларускіх губэрняў гэта адбывалася з асаблівым імпэтам: на працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя царскі рэжым вынішчаў «польскасьць», каб назаўсёды далучыць землі былога Вялікага Княства Літоўскага да «русского мира».

Антырасейскія паўстанцы з Горадні, малюнак 1863 году
Антырасейскія паўстанцы з Горадні, малюнак 1863 году

Асабліва інтэнсіўная русыфікацыя разгарнулася пасьля паўстаньня 1863-1864 гадоў. Органы ўлады, адміністрацыя, суды былі цалкам пераведзеныя на расейскую мову. Польскую мову забаранілі ў школах. Размаўляць на ёй нельга было ў публічных месцах, нават на вуліцы ці ў карчме. Палякам на тэрыторыі Беларусі забаранялася купляць маёнткі (можна было толькі атрымліваць іх у спадчыну). Землі, што заставаліся ў руках палякаў, былі абкладзены кантрыбуцыяй у 10 працэнтаў ад даходу. Нерасейцы ня мелі доступу да многіх дзяржаўных пасадаў. Паляк у Расейскай імпэрыі адчуваў сябе чалавекам другога гатунку.

Гэта ня значыць, што беларусы на тэрыторыі Беларусі адчувалі сябе ў той пэрыяд лепш. Друк і распаўсюджваньне друкаваных матэрыялаў на беларускай мове ў імпэрыі былі забаронены. Адукацыі на роднай мове не існавала. У 1859 годзе ў Вільні быў зьнішчаны ўвесь наклад беларускага выданьня міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша» ў перакладзе Дуніна-Марцінкевіча. І што меў на ўвазе Лукашэнка, калі ў сваім нядаўнім «адкрытым уроку» 1 верасьня хваліў Расейскую імпэрыю за тое, што «менавіта ў гэтай дзяржаве беларусы сфармаваліся як нацыя» і што яны былі «часткай трыадзінага дзяржаваўтваральнага народу»?

«Панской Польши нету больше...»

Разгул антыпольскай прапаганды ў сталінскім СССР — другая палова 30-х гадоў. «Панская Польшча» для чырвонай сталінскай імпэрыі — вораг нумар адзін. У БССР галоўным дзяржаўным сьвятам абвешчаны дзень 11 ліпеня («гадавіна вызваленьня Беларусі ад белапалякаў у 1920 годзе»). Дзяцей у беларускіх школах вучаць на патрыятычных прыкладах дзеда Талаша з аповесьці Якуба Коласа «Дрыгва» ці «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Першы змагаецца зь «белапалякамі» ў партызанах і супрацоўнічае з ГПУ; другія выкрываюць польскіх шпіёнаў і кантрабандыстаў.

Герб БССР 1927-1937 з надпісам на 4 мовах, у тым ліку на польскай
Герб БССР 1927-1937 з надпісам на 4 мовах, у тым ліку на польскай

Зрэшты, у 20-я і на пачатку 30-х гадоў камуністычны рэжым рабіў пэўныя рэвэрансы ў бок польскай меншасьці. Польская мова нейкі час фармальна была абвешчана адной зь дзяржаўных моў у БССР. Працавалі польскія школы, існаваў Дзяржаўны польскі тэатар (у будынку Чырвонага касьцёла). Было некалькі польскіх нацыянальных сельсаветаў і нават адзін польскі нацыянальны раён (Дзяржынскі, ён жа Койданаўскі).

У другой палове 30-х усё гэта было вынішчана. Практычна ўсіх кіраўнікоў польскіх арганізацый і ўстаноў (а гэта былі, як правіла, ідэйныя камуністы) прызналі «ворагамі народу», расстралялі ці кінулі ў ГУЛАГ. Нацыянальнасьць «паляк» амаль аўтаматычна азначала абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць панскай Польшчы. У Сібір і Казахстан палякаў ссылалі цэлымі вёскамі. Адначасова была распачатая барацьба з Каталіцкай царквой, якая асацыявалася з польскім уплывам і культурай. Напрыканцы 20-х гадоў ва ўсім СССР застаўся толькі адзін дзейны касьцёл — у Маскве.

Савецкі плякат са словамі Сталіна, які апраўдваў напад СССР на Польшчу. 1939
Савецкі плякат са словамі Сталіна, які апраўдваў напад СССР на Польшчу. 1939

Вяршыня антыпольскай кампаніі — верасень 1939-га, калі ў выніку змовы паміж гітлераўскай Нямеччынай і сталінскім СССР Польшча чарговы раз была сьцёртая з мапы сьвету. Сталінскі наркам Молатаў 31 кастрычніка 1939 хваліўся сілай нямецкай і савецкай зброі: «Выявілася, дастаткова кароткага ўдару па Польшчы з боку спачатку германскай арміі, а потым Чырвонай арміі, каб нічога не засталося ад гэтага выродлівага дзецішча Вэрсальскай дамовы».

Аўтары савенцка-нямецкага пакту аб падзеле тэрыторыі Польшчы Молатаў і Рыбентроп у Маскве, 1939
Аўтары савенцка-нямецкага пакту аб падзеле тэрыторыі Польшчы Молатаў і Рыбентроп у Маскве, 1939

У савецкіх газэтах у тыя дні друкаваліся прасякнутыя нянавісьцю да Польшчы вершыкі накшталт гэтага, аўтарства сталінскага вершаскладальніка Лебедзева-Кумача:

Панской Польши нету больше,

Хитрой ведьмы нет в живых,

Не захватит в лапы Польша

Наших братьев трудовых!

Па падручніках Абэцэдарскага

Пасьля Другой сусьветнай вайны, калі Польшча трапіла ў сфэру дамінаваньня Масквы і ўвайшла ў «сацыялістычны лягер», напал антыпольскай прапаганды ў СССР, зразумела, быў аслаблены. Праўда, час ад часу зьяўляліся кнігі ці фільмы кшталту беларускай кінастужкі 1956 года «Чырвонае лісьце» рэжысэра Корш-Сабліна, у якім гераічныя камуністы-падпольшчыкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі змагаюцца зь ненавіснымі польскімі панамі. Але гэта хутчэй было выключэньнем. Савецкая прапаганда ў той пэрыяд імкнулася не акцэнтаваць увагі на супярэчнасьцях расейска-польскай гісторыі. І нават дату 17 верасьня 1939 года, каб не дражніць палякаў, у СССР асабліва не афішавалі. Прынамсі, сьвятам гэты дзень не лічыўся.

Лукашэнка-школьнік і Лукашэнка-студэнт навучаўся «правільнай савецкай гісторыі», як і ўся беларуская моладзь у той час, па падручніках пасьлядоўнага прарасейскага гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага, многія тэзы зь якіх ён дагэтуль пераказвае ў сваіх публічных выступах. Напрыклад, пра тое, што беларусы ў складзе Рэчы Паспалітай пакутавалі ад прыгнёту польскіх фэадалаў і толькі і марылі, каб хутчэй трапіць у прыгон да расейскіх памешчыкаў. Праўда, нават Абэцэдарскі не дадумаўся да таго, каб ганьбіць памяць пра Кастуся Каліноўскага як «змагара за польскія інтарэсы» ці ўслаўляць ролю Расейскай імпэрыі ў прагрэсіўным разьвіцьці беларускай нацыі.

«Мае палякі»

У Лукашэнкі-прэзыдэнта здаўна, яшчэ з 1994 года, былі падставы зь недаверам ставіцца да Горадзеншчыны, рэгіёну з самай высокай у Беларусі канцэнтрацыяй польскага насельніцтва. На тых выбарах, калі яшчэ лічылі галасы, у Горадзенскай вобласьці ў яго была найменшая падтрымка.

Пад мурамі турмы тысячы гарадзенцаў патрабавалі вызваліць палітзьняволеных і незаконна затрыманых падчас пратэстаў. Горадня, 23 жніўня 2020
Пад мурамі турмы тысячы гарадзенцаў патрабавалі вызваліць палітзьняволеных і незаконна затрыманых падчас пратэстаў. Горадня, 23 жніўня 2020

А ў траўматычным для дыктатара 2020 годзе менавіта ў Горадні адбыліся найбольш масавыя (пасьля Менску) грамадзкія пратэсты супраць сфальшаваных ім выбараў. Тады ў нейкі момант нават здавалася, што пратэст у Горадні перамог: мясцовая ўлада пайшла на саступкі людзям, адпусьціла затрыманых, дазволіла праводзіць мітынгі на цэнтральных плошчах. Апазыцыйныя пратэсты трансьляваліся ў жывым эфіры на адным зь мясцовых тэлеканалаў (зьява нечуваная ў Беларусі пасьля 1994 года). Нічога падобнага ў іншых рэгіёнах Беларусі не было. І Лукашэнка гэта гарадзенцам яўна не дараваў.

Падчас пратэстаў 2020 году Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Горадню, 22 жніўня 2020
Падчас пратэстаў 2020 году Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Горадню, 22 жніўня 2020

Пра беларускіх палякаў Лукашэнка звычайна кажа гэтак жа, як у ХІХ стагодзьдзі гаварыў які-небудзь расейскі магнат пра сваіх прыгонных халопаў: «мае палякі» (апошні раз — у інтэрвію AFP 21 ліпеня 2022 г: «У нас ёсьць палякі этнічныя, але гэта мае палякі»).

«Мае» — гэта, відаць, павінна азначаць «паслухмяныя, бязмоўныя, прыхільнікі дыктатуры», зусім не такія, як іхныя суродзічы за Бугам. «Маім палякам» не патрэбныя нацыянальныя польскія школы (сёлета на загад рэжыму ўсе іх зьліквідавалі); яны моўчкі пагаджаюцца, калі арыштоўваюць актывістаў польскіх арганізацый (Анджэй Пачобут дагэтуль у турме, а Анжаліка Борыс — пад хатнім арыштам); нарэшце, іх не павінна хваляваць тое, што рэжым вырашыў зьнішчыць магілы іхных герояў, якія змагаліся за незалежнасьць Польшчы. Адзінае, за што можна хваліць «маіх палякаў» — за працавітасьць: за парадак на палетках і высокія ўраджаі.

«Найлепшая вобласьць у СССР»

І тут важна адзначыць адну істотную дэталь зь біяграфіі Лукашэнкі. Да свайго прэзыдэнцтва ён заўсёды зайздросьціў калегам — калгасным кіраўнікам Горадзеншчыны. Пра гэта ён і цяпер заўсёды ўспамінае, наведваючы Панямоньне. (Апошні раз — 18 жніўня 2022 году: «Гэта была найлепшая вобласьць у Савецкім Саюзе. Я захапляўся вамі, як вы працуеце. І спрабаваў перацягнуць гэта на самы ўсход. Я вучыўся тут, у Горадзенскай вобласьці»).

Аляксандр Лукашэнка з сынамі, кадр з відэа 1994 году
Аляксандр Лукашэнка з сынамі, кадр з відэа 1994 году

Ці была тады, у 70-80-я гады, гэтая зайздрасьць «белаю», пытаньне спрэчнае. На горадзенскія калгасы-мільянэры і на іхных кіраўнікоў у тыя гады сыпаўся залаты дождж — ордэнаў, прэмій, фондаў, дэфіцытных тады тэхнікі і будматэрыялаў. Магілёўшчына ж заўсёды была ў аўтсайдэрах — з адсталымі калгасамі, нізкімі ўраджаямі, занядбанымі вёскамі. Малады і амбітны дырэктар шклоўскага саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка, як ні вучыўся ў гарадзенцаў і як ні спрабаваў «перацягнуць гэта на самы ўсход», ніякіх асаблівых посьпехаў не дасягнуў. «Перацягваць» давялося б не «перадавы досьвед», не тэхналёгіі і не чыноўнікаў-кіраўнікоў, а стаўленьне саміх мясцовых жыхароў да зямлі, да працы, да сваёй будучыні.

Малады шклоўскі дырэктар ня мог ня ведаць: усе самыя перадавыя горадзенскія калгасы-мільянэры канцэнтраваліся пераважна ў паўночна-ўсходніх раёнах вобласьці, дзе доля польскага насельніцтва складала ад 35 да 80 працэнтаў. Ну і другі істотны фактар: гэтыя тэрыторыі, адрозна ад Магілёўшчыны, ня зьведалі калектывізацыі 30-х, на два дзесяцігодзьдзі пазьней перайшлі на «савецкія» рэйкі гаспадараньня. Там яшчэ памяталі, што такое свая ўласная зямля і праца на ёй.

«Сядзяць, бо палякі», – надпіс на плякаце з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Варшава, 8 верасьня 2022
«Сядзяць, бо палякі», – надпіс на плякаце з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Варшава, 8 верасьня 2022

Да Лукашэнкі доля польскага насельніцтва ў Горадзенскай вобласьці даходзіла да 30 працэнтаў — перавышала 300 000 чалавек. Пры Лукашэнку палякаў на Горадзеншчыне стала меней на 70 тысяч чалавек і іхная колькасьць працягвае зьніжацца. Усе дзесяцігодзьдзі свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка актыўна перамяшчаў на Горадзеншчыну на кіраўнічыя пасады сваіх землякоў — «вертыкальшчыкаў» з Магілёўшчыны.

Зьнішчаны помнік на магіле салдат АК у Стрыеўцы пад Горадняй, 2022
Зьнішчаны помнік на магіле салдат АК у Стрыеўцы пад Горадняй, 2022

Адно з апошніх ягоных даручэньняў, датычных беларускіх палякаў — «разабрацца» з уладальнікамі «карты паляка» (а значыць, дыскрымінаваць амаль палову польскага насельніцтва: такую карту ў Беларусі атрымалі звыш 140 000 чалавек, і, мяркуючы па апошніх камэнтарах міністра Кубракова, усе яны павінны стаць на ўлік у «кампэтэнтных органах» і будуць абмежаваныя ў правах).

Няма сумневу, што «дэпалянізацыі» Беларусі гэта моцна паспрыяе. Працэс перасяленьня беларускіх палякаў у Польшчу (і без таго актыўны) толькі ўзмацніцца. Тады, відавочна, і ажыцьцявіцца старая мара шклоўскага дырэктара: Магілёўшчына нічым ня будзе адрозьнівацца ад Горадзеншчыны. Ад Горадні да Шклова спрэс будзе адна вялікая Магілёўшчына.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG