Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку эўфарыя ад «імпэрскай велічы», потым — расчараваньне і апатыя. Калі настае стомленасьць ад вайны


Уладзімір Ленін, Мікалай ІІ
Уладзімір Ленін, Мікалай ІІ

Вайна хутка мяняе грамадзкія настроі. Не імгненна, не за некалькі тыдняў, але гэты працэс адбываецца значна хутчэй, чым у звычайных, мірных умовах.

Былых куміраў зрынаюць з п’едэсталаў; мілітарысцкія лёзунгі і заклікі, якія натхнялі на змаганьне зь ненавісным ворагам, пачынаюць успрымацца са скепсісам і насьмешкай; яшчэ нядаўна апанаваныя эўфарыяй людзі ўпадаюць у апатыю і расчараваньне. Выяўляецца, што немагчыма цягам многіх месяцаў падтрымліваць высокі градус грамадзкага напружаньня, мабілізацыі, утрапеньня і захапленьня бясстрашным правадыром. Час ад эўфарыі і татальнага мілітарызму да стомленасьці і апатыі бывае вельмі кароткім. У гісторыі так здаралася ня раз.

Калі 20 ліпеня 1914 году расейскі імпэратар Мікалай ІІ выйшаў на балькон на Палацавай плошчы Санкт-Пецярбургу і ўрачыста паведаміў пра абвяшчэньне вайны Нямеччыне, шматтысячны натоўп, які з захапленьнем і замілаваньнем лавіў кожнае ягонае слова, у адзіным парыве вернападданіцтва апусьціўся на калені. Сучасьнікі апісваюць: гэта сапраўды быў усенародны патрыятычны ўздым, яднаньне народу і самадзяржаўнага рэжыму.

Атмасфэра першых тыдняў вайны — гэта шматлікія патрыятычныя маніфэстацыі, шэсьці з партрэтамі цара, малебны, запіс у добраахвотнікі і масавы збор ахвяраваньняў «на вайну». А яшчэ — рэзкі попыт на патрыятычную пэрыёдыку. Прапаганда падагравала гэтыя настроі, але грамадзтва і само было гатовае да ачмурэньня мілітарысцкім чадам. Людзі верылі: магутная Расея за некалькі тыдняў малой крывёю разаб’е ворагаў, абароніць пакрыўджаных сэрбаў, ажыцьцявіць сваю спрадвечную мару — захопіць чарнаморскія пралівы і нарэшце ўздыме свой сьцяг над Канстантынопалем.

Напэўна, гэта было прыблізна тое ж, што ў сучаснай Расеі адбывалася ў лютым-сакавіку 2022-га, калі лібэральная інтэлігенцыя са зьдзіўленьнем і расчараваньнем назірала, што яе антываенныя заклікі большасьць не ўспрымае, а тых, хто іх агучвае, называюць «нацыянал-здраднікамі», абвяшчаюць «замежнымі агентамі» і выпіхваюць за мяжу. Тых жа, хто адважыўся застацца, арыштоўваюць за «дыскрэдытацыю расейскай арміі».

«Параза царызму як найменшае зло»

Адметна, што гэтак жа сама ў Расеі ўзору лета-восені 1914 году антываенныя галасы і разумныя засьцярогі не ўспрымалі і адрыналі і ўлада, і большасьць грамадзтва. А палітыкаў, якія наважваліся агучваць такія лёзунгі, жорстка перасьледавалі. Прадбачлівы лідэр бальшавікоў Уладзімір Ленін ідэю «паразы свайго ўраду ў вайне» і «паразы царызму як найменшага зла» вылучыў яшчэ 6 верасьня 1914-га — адразу пасьля таго, як яго вызвалілі з-пад аўстрыйскага арышту і ён уцёк у Бэрн. Гэты лёзунг на тле агульнай мілітарысцкай эўфарыі зь неразуменьнем і недаверам успрымалі нават паплечнікі Леніна.

Цікава, што менавіта пры абмеркаваньні гэтага пытаньня на кансьпірацыйнай кватэры ў Азярках пад Піцерам 5 лістапада 1914 года ў выніку даносу правакатара многія чальцы ЦК бальшавіцкай партыі і дэпутаты-бальшавікі Думы былі арыштаваныя. А неўзабаве, не зважаючы на дэпутацкі статус, іх асудзілі на пажыцьцёвую ссылку ў Сібір — як здраднікаў і калябарантаў. Параўнайце з тым, што адбываецца ў сёньняшняй Расеі з тымі палітыкамі, якія наважваюцца ўзвысіць голас супраць вайны, у падтрымку Ўкраіны.

Зьдзіўляючыся мілітарысцкім прапуцінскім грамадзкім настроям у сёньняшняй Расеі, лібэральныя палітыкі і экспэрты звычайна спасылаюцца на нейкую надзвычайную эфэктыўнасьць, усемагутнасьць і прафэсійныя здольнасьці сучаснай прапаганды. Маўляў, усё гэта — плён шматгадовага ідэалягічнага атручваньня грамадзтва з дапамогай тэлевізара.

Але прапаганда дае плённыя вынікі толькі тады, калі яе атрутнае насеньне падае на добра ўзараную і ўгноеную глебу. Улетку і ўвосень 1914-га людзі ў Расеі масава куплялі і самі распаўсюджвалі патрыятычныя газэты, часопісы, маляўнічыя агітацыйныя плякаты — не таму, што іх прымушалі гэта рабіць. Грамадзтва сапраўды ў масе сваёй было апанавана гэтым шавіністычна-імпэрскім чадам. Але ён дастаткова хутка разьвеяўся.

Працьверазеньне праз год пасьля пачатку вайны

Калі зыходзіць з «графіку» Першай сусьветнай вайны, на календары ў Расеі цяпер прыблізна студзень-люты 1915 году. Што гэта быў за час? Спакваля сьціхлі трыюмфальныя маршы і зьнікла чаканьне хуткай бліскучай перамогі — бліцкрыгу. Ужо захлынуўся пераможны наступ на Кёнігсбэрг, а генэрал Самсонаў, чыя армія трапіла ў акружэньне і палон ува Ўсходняй Прусіі, застрэліўся. Немцы наблізіліся да Варшавы і Лодзі, і вось-вось пачнецца іхны прарыў пад Аўгустовам і Сувалкамі, у выніку якога на берагах мазурскіх азёраў застануцца больш за 50 000 загінулых расейскіх салдатаў...

Выявілася, што вайна хутка мяняе грамадзкія настроі. Не імгненна, не за некалькі тыдняў, але гэты працэс адбываецца значна хутчэй, чым у мірных умовах. Былых куміраў зрынаюць з п’едэсталаў; лёзунгі і заклікі, якія натхнялі на змаганьне зь ненавісным ворагам, пачынаюць успрымацца са скепсісам і насьмешкай; апанаваныя эўфарыяй народныя масы ўпадаюць у апатыю і расчараваньне. Выяўляецца, што немагчыма цягам многіх месяцаў падтрымліваць высокі градус грамадзкага напружаньня, мабілізацыі, утрапеньня і захапленьня мудрым правадыром.

Падчас Першай сусьветнай вайны ў Расеі гэтае працьверазеньне адбылося прыблізна ўвесну-ўлетку 1915 году. Гэта быў час вялікіх паразаў і вялікага адступленьня той арміі, якую расейская імпэрская нацыя яшчэ нядаўна лічыла непераможнай. Менавіта ў гэты пэрыяд расейцы вымушаныя былі пакінуць усе свае ўладаньні ў Польшчы, страцілі палову сучаснай Латвіі, Літву, палову Беларусі, захад Украіны... Лінія фронту перарэзала Беларусь надвое — ад Дзьвінску на поўначы да Пінску на поўдні, усталёўваючыся тут надоўга — амаль на тры наступныя гады.

За пяць месяцаў вялікага адступленьня Расея агулам страціла каля паўтара мільёна сваіх салдатаў (у тым ліку паўмільёна забітымі). Гэта ўтрая болей, чым нямецкія страты. Гора прыйшло ў вельмі многія расейскія сем’і. Падала эканоміка, абясцэньваўся рубель. Сотні тысяч сем’яў перад пагрозай акупацыі рушылі ў бежанства на ўсход Расеі.

Прыблізна ў канцы першага году вайны масавы расейскі абываталь пачаў усьведамляць і адчуваць на ўласнай скуры сапраўдную цану гэтай авантуры. У сакавіку 1915-га, падчас пэўных ваенных посьпехаў Расеі (захоп Пярэмышлю на паўднёва-заходнім фронце) тагачасная прапаганда спрабавала ўзьняць паўторную хвалю масавага патрыятызму, аднак — без асаблівага посьпеху.

Раптам выявілася, што пад лёзунгам «Вайна да пераможнага канца!» ужо цяжка сабраць мітынг ці шэсьце — калі не падключаць «адміністрацыйны рэсурс». Патрыятычныя і манархісцкія газэты пачалі страчваць былыя наклады (а вось пацыфісцкая «левая» прэса, наадварот, усё больш пашыралася — нягледзячы на забароны). Схлынула хваля добраахвотнікаў, і ўсё больш было тых, хто любымі шляхамі імкнуўся адкупіцца ад абавязковай мабілізацыі (асабліва сярод заможных сялян).

Міне яшчэ пэўны час — і апранутыя ў шэрыя салдацкія шынялі ўчарашнія сяляне, раззлаваныя няўдалай крывавай вайной, бясконцым сядзеньнем у акопах і адсутнасьцю хлеба, будуць братацца зь немцамі, уступаць у партыю бальшавікоў, а ўрэшце павернуць зброю супраць таго рэжыму, які гэту вайну распачаў.

Ад тых самых людзей, якія ўсяго год таму, стоячы на каленях, сьпявалі «Боже, царя храни», цяпер часьцей можна было пачуць што-небудзь накшталт тагачаснай папулярнай прыпеўкі: «Как у нас на троне чучело в короне...». Выявілася, што шлях ад узьнёслага захапленьня і вернападданасьці — да адкрытай варожасьці, зьневажаньня імпэратара і ягонай сям’і — вельмі кароткі.

«...Інакш нас хутка падпаляць»

Цяпер у Крамля застаецца ўсё менш часу для хоць колькі-небудзь пасьпяховага для сябе завяршэньня ці згортваньня «спэцапэрацыі». Пуцін бадзёра заяўляе «Гэта мы па вялікім рахунку ўсур’ёз яшчэ не пачыналі....» — і нібыта гатовы гадамі працягваць гэтую вайну на вычарпаньне.

Насамрэч мілітарысцка-імпэрскі чад — прадукт абмежаванага тэрміну прыдатнасьці. Калі ў бліжэйшы час ня будзе пераможнага грому літаўраў, калі ўкраінцы выстаяць і пяройдуць у наступ, калі расейцы не ўтрымаюць Херсон — грамадзкія настроі ў Расеі ўсё больш будуць мяняцца на супрацьлеглыя. І тады Салаўёў і Кісялёў (гэтак жа, як іхныя паменшаныя копіі Азаронак і Мукавозчык) могуць колькі заўгодна лемантаваць у мікрафон пра «неабходнасьць вайны з украфашыстамі да пераможнага канца» — слухаць будуць ня іх, а іншых. Гэтаму вучыць гісторыя.

Сёньняшняя беларуская прапаганда, якая пэўны час паслухмяна і пасьлядоўна капіявала расейскую, захаплялася посьпехамі «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ды «дэнацыфікацыяй» і «дэмілітарызацыяй» Украіны, апошнім часам заўважна астыла да гэтай тэмы. Натуральна — усьлед за тым, хто гэтай прапагандай кіруе.

Падчас апошняга паседжаньня ўраду (9 жніўня сёлета) Лукашэнка ані разу наўпрост не згадаў «спэцапэрацыю» — нібы і не саўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны. Заклікаў толькі ўмацоўваць унутраную стабільнасьць, інакш «нас хутка падпаляць. Цалкам. І будзе горш, чым ва Ўкраіне. Я гэта нутром чую. Вельмі сур’ёзная абстаноўка, вельмі сур’ёзная сытуацыя». І яшчэ нечакана і невядома на якой падставе заклікаў умацоўваць сувязі з Эўропай: «Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Эўразьвязу. Гэта наш найбліжэйшы сусед. Мы палову там, па-мойму, працавалі па экспарце...»; «Шаленства палітыкаў ужо адыходзіць на задні плян»; «Палякі, іншыя ўносяць нам ужо прапановы: „Давайце размаўляць“. Добра, давайце. Але пакуль у МЗС яшчэ ў нас так — з нагі на нагу пераступаюць»...."

Няўжо гэта тыя самыя палякі, якія, як казаў той жа Лукашэнка ўсяго некалькі дзён перад тым, наведваючы Мёры, «цалкам гатовыя праглынуць Беларусь», і тая самая Польшча, у якой «няма з кім сёньня размаўляць»?... Выяўляецца, вайна хутка мяняе настроі ня толькі ў тых, на каго накіраваная прапаганда, але і ў тых, хто гэтай прапагандай камандуе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG