Дакладна тое ж гаварылі ўсе расейскія імпэратары сваім эўрапейскім візаві на працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя, калі заходзіла размова пра Польшчу і Фінляндыю, якія тады былі расейскімі правінцыямі. І адна, і другая ўрэшце дамагліся незалежнасьці, хоць вырываліся з-пад імпэрскага прыгнёту доўга, пакутліва і вельмі па-рознаму. Гэтак жа, як па-рознаму складваецца шлях да рэальнай незалежнасьці ў сёньняшніх Украіны і Беларусі.
Ёсьць нешта прыніжальнае ў тым, што даводзіцца трываць і чакаць, пакуль іншыя вырашаць твой лёс. Хоць часам менавіта такое цярплівае чаканьне — найбольш аптымальны шлях для нацыі, якая імкнецца захаваць сябе ў жорнах гісторыі. Праўда, зразумелым гэта становіцца толькі з дыстанцыі часу. Аказваецца, можна дзесяцігодзьдзямі самаахвярна і бясстрашна аддаваць усе сілы на змаганьне за ўласную незалежнасьць — і цярпець няспынныя страты і паразы; і можна цярпліва і пакутліва ўстрымлівацца ад узброенага супраціву, ашчаджаючы сілы, і дачакацца свайго рэальнага шанцу — амаль бяз стратаў і без ахвяраў. Гаворка пра гістарычны лёс дзьвюх колішніх правінцый Расейскай імпэрыі — Польшчы і Фінляндыі.
Сёньня, калі Ўкраіна стала на шляху заваёўніцкіх плянаў Пуціна, а Беларусь з трымценьнем чакае фіналу гэтай вайны, ад выніку якой залежыць і яе лёс, ёсьць сэнс прыгледзецца да гісторыі гэтых краін, якія падобную дарогу змаганьня з Расейскай імпэрыяй прайшлі значна раней.
Час, калі Варшава і Гэльсынгфорс былі расейскімі гарадамі
Назіраючы за тым, што адбываецца зараз ва Ўкраіне і вакол яе, цяжка ўстрымацца ад паралеляў з ХІХ стагодзьдзем. Ва ўяўленьні Пуціна тая эпоха працягваецца. Таму ёсьць шмат сьведчаньняў нават на ўзроўні сымбаляў. Менавіта пры Пуціну бронзавыя манумэнты расейскім імпэратарам-заваёўнікам з усіх бакоў атачылі сьцены маскоўскага Крамля.
Пуцін, відавочна, мае на мэце стаць у адзін шэраг зь імі. Яны ягоныя героі, прыклады для перайманьня, арыентыры. Ён яўна існуе ва ўяўленьнях і геапалітычных рэаліях ХІХ стагодзьдзя, дзе сам ён — імпэратар вялізнай краіны, якая цягнецца ад Одэра на Захадзе да Аляскі на Ўсходзе. Перад ім — мапы канца ХІХ стагодзьдзя, дзе расейскія гарады — Варшава і Гэльсынгфорс. Дзе няма ніякай Эстоніі і Латвіі (а ёсьць Эстляндская, Ліфляндзкая і Курляндзкая губэрні). Дзе на месцы сёньняшняй Беларусі — пяць расейскіх губэрняў. Дзе няма ніякай незалежнай (ці нават аўтаномнай) Украіны, а ёсьць Наваросія і дзясятак «маларасійскіх» губэрняў.
Польшча і Фінляндыя на працягу амаль усяго ХІХ стагодзьдзя ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі. Дзьве эўрапейскія нацыі, гвалтам адарваныя ад Эўропы ў выніку імпэрскіх захопаў Расеі, пэўны час мелі ў ёй асаблівы статус, шырокую аўтаномію.
Асабліва на пачатку стагодзьдзя, калі толькі былі захоплены. І Каралеўства Польскае, і Вялікае Княства Фінляндзкае на першым часе зусім не былі той прыгоньніцкай Расеяй, дзе бяспраўнымі сялянамі гандлявалі, як быдлам, а грамадзяне ня мелі ніякіх правоў. Расейская Польшча і расейская Фінляндыя працяглы час выступалі своеасаблівай эўрапейскай вітрынай імпэрыі. Каралеўства Польскае, напрыклад, стала канстытуцыйнай манархіяй з дараванай Аляксандрам І лібэральнай Канстытуцыяй. У ёй, праўда, замацоўвалася, што «Каралеўства Польскае назаўсёды злучана з Расейскай імпэрыяй», а карона Каралеўства належыць расейскаму імпэратару. Але адначасова падданым гарантаваліся шырокія правы. У самой Расеі яшчэ стагодзьдзе ня будзе парлямэнту і яшчэ паўстагодзьдзя працягне існаваць прыгоннае рабства. А тут — і Канстытуцыя, і Сэйм, і свой урад зь мясцовых чыноўнікаў, і ўласнае войска, і свая казна, і нават адносна свабодная прэса, і нацыянальныя мовы ў якасьці афіцыйных. Ня надта дасьведчаны падарожнік, які трапляў у 20-я гады ХІХ стагодзьдзя ў Варшаву ці Гэльсынгфорс, не адразу здагадваўся, што ён на тэрыторыі Расеі, настолькі адрозьніваліся тутэйшыя рэаліі ад рэалій расейскіх, якія былі ўласьцівыя для цэнтральных губэрняў.
Гэта ня значыць, што, захаваўшы для палякаў і фінаў многія элемэнты нацыянальнай дзяржаўнасьці, царызм купіў іхную ляяльнасьць. І адна, і другая нацыі імкнуліся да незалежнасьці, але кожная — па-свойму. Гэта былі дзьве мадэлі, дзьве стратэгіі паняволеных Расейскай імпэрыяй эўрапейскіх народаў, якія шукалі шляхоў да свабоды ва ўмовах, калі гэтыя шляхі выглядалі надзвычай няпэўна.
Польшча: ад паўстаньня да паўстаньня
Палякі зрабілі стаўку на сілу, на ўзброены супраціў. Два крывавыя і драматычныя паўстаньні (спачатку 1830-га, потым 1863-1864 гадоў) царскі рэжым жорстка задушыў. І за гэта была заплачана надзвычай высокая цана. Ужо пасьля першага паўстаньня Польшча страціла ўсе асноўныя інстытуты сваёй ранейшай шырокай аўтаноміі — уласныя Сэйм, урад, войска. Потым дайшла чарга і да адукацыі, і да прэсы, і да нацыянальных кадраў. А ў дадатак да гэтага — ваеннае становішча тэрмінам на 27 гадоў, масавыя палітычныя рэпрэсіі, шыбеніцы, турмы, ссылка ў Сібір соцень тысяч удзельнікаў паўстаньняў, расьцярушаная па сьвеце ў выніку эміграцыі інтэлектуальная эліта. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Польшчы праводзілася татальная русыфікацыя. Размаўляць па-польску забаранялася нават у крамах і кавярнях. Адзін час само слова «Польшча» зьнікла з расейскіх геаграфічных мапаў: захопнікі замянілі яго тэрмінам «Прывісьлінскі край».
Гэта зусім не азначае, што паўстаньні ад пачатку былі асуджаныя на паразу, што іхныя ініцыятары не шукалі, кажучы сучаснай мовай, «вокнаў магчымасьцяў». І шукалі, і ўлічвалі вонкавыя абставіны, і спадзяваліся на дапамогу іншых краін — супернікаў Расеі. Іншая справа, што меркаваныя «вокны магчымасьцяў» насамрэч аказваліся фальшывымі. Там, дзе ім здавалася, што гэта вокны, насамрэч выяўляліся «фальшпанэлі» з намаляванымі абрысамі вокнаў, за якімі — глухая сьцяна, муры казэматаў і турэмныя скляпеньні.
Стратэгія фінаў — трываць і чакаць
Асьцярожныя і памяркоўныя фіны, назіраючы за ўсім гэтым, выбралі зусім іншую стратэгію: не пярэчыць, не пратэставаць, цярпліва чакаць. І ў пэўным сэнсе выйгралі. Бо ўсе тыя атрыбуты сувэрэнітэту, якія палякі паступова страчвалі, фіны працягвалі мець у сваім распараджэньні ажно да канца стагодзьдзя. А тое стагодзьдзе было для іх надзвычай важным: працягвалася фармаваньне фінскай нацыі, разьвіваліся мова і культура, гадаваліся пакаленьні культурнай і навуковай эліты. Усё тое, што Польшча страчвала ў сваім зацятым, самаахвярным (але і бясплённым) змаганьні з імпэрыяй, Фінляндыя паступова назапашвала, рыхтуючыся да рэальнай незалежнасьці.
Што праўда, урэшце дайшла чарга і да фінаў. На пачатку ХХ стагодзьдзя імпэрыя спыніла ўсялякія заляцаньні да нацыянальных ускраін. Пасьля таго, як самадзяржаўны рэжым канчаткова разабраўся з Польшчай, Фінляндыя, якую не чапалі амаль стагодзьдзе, — самастойная амаль ва ўсім (хіба што за выключэньнем вонкавай палітыкі), не русыфікаваная, з гатовым нацыянальным дзяржаўным апаратам і, па сутнасьці, з уласным войскам — на гэтым тле стала выглядаць асабліва кантрастна. У Санкт-Пецярбургу раптам спахапіліся: край ужо амаль сто гадоў як у складзе імпэрыі, але зусім не зрусыфікаваны. Расейская мова як дзяржаўная на яе тэрыторыі амаль не выкарыстоўваецца. Бязь веданьня фінскай і швэдзкай моў уладкавацца на дзяржаўную службу амаль не рэальна. Мясцовыя фінскія хлопцы служаць у сваім войску і толькі ў сябе ў Фінляндыі. Ва ўсім краі — ніводнай прарасейскай газэты.
«Пракляты Бобрыкаў»
Шчыльным вяртаньнем Фінляндыі ва ўлоньне імпэрыі заняліся толькі пры Мікалаю ІІ. Генэрал-губэрнатарам у 1898 годзе быў прызначаны Мікалай Бобрыкаў, асноўнымі якасьцямі якога сучасьнікі называлі надзвычайнае ўменьне падабацца начальству і выключная стараннасьць у выкананьні загадаў. Бобрыкаў стаў для Фінляндыі тым, чым для Беларусі сорак гадоў да таго быў Мураўёў-вешальнік. Тут жа пачаліся русыфікацыя, перасяленьне ў край расейскіх чыноўнікаў, пазбаўленьне Фінляндыі самастойнасьці.
У 1899–1901 гадах цар Мікалай II падпісаў шэраг маніфэстаў, якія былі накіраваны на рэалізацыю «праграмы Бобрыкава». Фінскі Сэйм адмовіўся іх зацьвярджаць, але генэрал-губэрнатар ігнараваў гэту адмову. 29 чэрвеня 1901 году імпэрскія ўлады скасавалі самастойную фінляндзкую армію. Гэта значыць, фінскія хлопцы павінны былі служыць на агульных падставах — у расейскім войску. Фінскае грамадзтва было абуранае, але пратэставаць адважылася толькі мірна. Пад пэтыцыяй, адрасаванай цару, з просьбай спыніць русыфікацыю, падпісаліся каля 500 тысяч фінаў (гэта з двухмільённага насельніцтва). Імпэратар яе праігнараваў. Бобрыкаў увёў ваенна-палявыя суды. Фінскіх чыноўнікаў, якія на знак пратэсту падавалі ў адстаўку, замянялі ляяльнымі. Апазыцыйныя газэты закрывалі. Самых незадаволеных высялялі за межы Фінляндыі, у глыб Расеі.
Скончылася ўсё тым, што 16 чэрвеня 1904 году ў Гэльсынгфорсе на сходах у будынку фінскага Сэнату на Бобрыкава быў зроблены замах. Стралок выпусьціў тры кулі з «браўнінга». Параненага генэрала адвезьлі ў шпіталь чамусьці не адразу, а толькі празь некалькі гадзін: фіны яўна не сьпяшаліся. Бобрыкаў памёр на апэрацыйным стале. Стралок скончыў жыцьцё самагубствам. Пры ім знайшлі ліст, у якім, зьвяртаючыся да Мікалая ІІ, ён пісаў, што «ў Вялікім Княстве пануе вялікая несправядлівасьць», і каб расказаць пра гэта манарху, ён прыносіць сябе ў ахвяру.
Пасьля гэтага імпэрскі рэжым працягваў жорсткую палітыку ў дачыненьні да Фінляндыі, але часу ў імпэрцаў заставалася зусім мала: на канчатковую русыфікацыю краю яго яўна не хапіла.
Прозьвішча Бобрыкава ў Фінляндыі на доўгія дзесяцігодзьдзі стала лаянкай. «Праклятым Бобрыкавым» лаялі фінскія рамізьнікі лянівых і наравістых коней. Падчас савецка-фінскай вайны 1940 году папулярнай стала патрыятычная песьня са словамі:
«Не, Молатаў! Не, Молатаў!
Хлусіш ты нават больш,
Чым калісьці Бобрыкаў»
Жалезныя абдымкі імпэрыі
Фармальна Фінляндыя стала незалежнай першай з былых нацыянальных ускраін колішняй Расейскай імпэрыі — ужо ў канцы 1917 года, адразу пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі. Праз год, у 1918-м, пра сваю незалежнасьць абвясьціла Польшча.
Аднак, як пазьней выявілася, Расейская імпэрыя так проста — лёгка і велікадушна — са сваіх жалезных абдымкаў не адпускае. Сапраўдная незалежнасьць прыйшла да іх не тады, калі яна была абвешчаная. У ХХ стагодзьдзі і палякам, і фінам ня раз давялося ваяваць з былой мэтраполіяй і потым яшчэ дзесяцігодзьдзямі заставацца ў падпарадкаваным, залежным ад Масквы стане: адна ў «сацыялістычным лягеры», другая — у стане змушанага «абмежаванага сувэрэнітэту» (хоць і тут Фінляндыя са сваёй здольнасьцю трываць і дамаўляцца апынулася ў больш выйгрышным, чым Польшча, становішчы — ёй удалося выкруціцца ад «сацлягеру»). Цалкам незалежнымі яны сталі хіба тады, калі ўвайшлі ў NATO (Польшча — у 1999-м; Фінляндыя далучаецца сёлета). Іншымі словамі, і адной, і другой спатрэбілася яшчэ амаль стагодзьдзе, каб канчаткова адбіцца ад назойлівых абдымкаў імпэрыі.
Незалежнай краіна робіцца не тады, калі абвяшчае дэклярацыю. І нават не тады, калі гэтую незалежнасьць прызнае імпэрыя, ад якой яна аддзялілася. А тады, калі набывае здольнасьць сваю незалежнасьць абараніць. У выпадку з Расеяй неабходнасьць у такой абароне наступае амаль для ўсіх былых нацыянальных ускраін імпэрыі.
Украіна сёньня ў чымсьці паўтарае шлях Польшчы — са сваім ахвярным і зацятым змаганьнем. Беларускі шлях у нечым нагадвае шлях Фінляндыі — зь яе працяглым і цярплівым чаканьнем. Падобна, як Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Фінляндзкае, толькі са спазьненьнем на стагодзьдзе, Беларусь і Ўкраіна праіснавалі ў аўтаномным статусе імпэрскіх ускраін (у якасьці БССР і УССР) больш за 70 гадоў.
Вось ужо 30 гадоў фармальна яны незалежныя, але Расейская імпэрыя, аднойчы ўпаляваўшы ахвяру, ніколі не адпускае яе са сваіх кіпцюроў да канца. Палякі і фіны, якія прайшлі праз войны з чырвонай імпэрыяй у 1920-м і 1939-1940 гадах, ведаюць гэта лепш за іншых. Украінцам і беларусам уласны шлях да сапраўднай незалежнасьці, відавочна, яшчэ належыць прайсьці ў наступныя гады і дзесяцігодзьдзі. Уласна, і Ўкраіна, і Беларусь сёньня ідуць гэтай дарогай — пакутлівай, пакручастай, зь няпэўным фіналам. І наўрад ці яна завершыцца пры жыцьці цяперашніх пакаленьняў. Прынамсі, прыклад Польшчы і Фінляндыі сьведчыць менавіта пра гэта.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.