Дэпутаты Дзяржаўнай Думы на пазаплянавым пленарным пасяджэньні 3 кастрычніка ратыфікавалі дакумэнты аб анэксіі Расеяй Данецкай, Запароскай, Луганскай, Херсонскай і часткі Мікалаеўскай абласьцей Украіны.
Для гэтага былі прынятыя чатыры канстытуцыйныя законы, цяпер іх мае ўхваліць Савет Фэдэрацыі і падпісаць прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Дэпутаты Дзярждумы сустрэлі падпісаньне дакумэнтаў бурнай авацыяй, перадаюць расейскія дзяржаўныя каналы. Тым ня менш 41 дэпутат, амаль 10 працэнтаў палаты, на галасаваньні не прысутнічаў. Частка чальцоў парлямэнту заявілі, што хворыя. А прагаласавала больш дэпутатаў, чым прысутнічала ў залі. За анэксію Данецкай вобласьці налічылі 413 галасоў, Луганскай — 412, Запароскай — 409, Херсонскай — 411. У залі ж прысутнічалі 408 дэпутатаў.
Старшыня платы Вячаслаў Валодзін зьвярнуўся «да калег з Данбасу і Наваросіі» і папрасіў іх не лічыць галасы. «Адназначна выказана аднадушная падтрымка. Потым, як правіла, дэпутаты пішуць заяву, што [быў] тэхнічны збой або нехта не пасьпеў», — сказаў ён.
Згодна з дакумэнтамі, Данецкая і Луганская вобласьці Ўкраіны прынятыя ў склад Расеі як Данецкая і Луганская народныя рэспублікі, у адміністрацыйных межах 2014 году. Межы Херсонскай і Запароскай абласьцей у дакумэнтах ня вызначаныя. Частка Мікалаеўскай вобласьці анэксаваная ў складзе Херсонскай.
Да 1 чэрвеня 2023 году ў рэгіёнах плянуецца стварыць падразьдзяленьні фэдэральных органаў улады, на працягу шасьці месяцаў — утварыць гарадзкія і муніцыпальныя акругі. Узброеныя сілы і вайсковыя фармаваньні, створаныя сэпаратыстамі або акупацыйнымі ўладамі, прапануецца ўключыць у склад расейскай арміі і іншых родаў войскаў, піша сайт Думы.
Дамовы прадугледжваюць, што грамадзян Украіны, якія жывуць на анэксаваных тэрыторыях, Масква будзе лічыць грамадзянамі Расеі, калі на працягу месяца яны не заявяць аб сваім нежаданьні атрымліваць пашпарт. Згодна зь лёгікай прынятага рашэньня Расея будзе лічыць сваімі грамадзянамі нават жыхароў тэрыторый, якія ніколі не кантралявала, напрыклад амаль 750 тысяч даваенных жыхароў гораду Запарожжа.
Кіеў і краіны Захаду загадзя абвясьцілі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць анэксію. З пункту гледжаньня расейскага заканадаўства ў Расеі цяпер 89 суб’ектаў фэдэрацыі. Зь іх шэсьць не прызнаюцца пераважнай большасьцю краін сьвету. Акрамя анэксаваных сёньня, гэта анэксаваныя ў 2014 годзе Крым і Севастопаль.