Пасьля расейскай спробы анэксіі 4 абласьцей ва Ўкраіне зафіксавалі найбольшую падтрымку ўступу ў NATO

Плякат у Кіеве. Архіўнае фота
Плякат у Кіеве. Архіўнае фота

Украінскія сацыёлягі заявілі пра найвышэйшую за ўсю гісторыю апытаньняў падтрымку грамадзянамі ўступу Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны Альянс (NATO).

Паводле вынікаў апытаньня, якое правяла сацыялягічная група «Рэйтынг», на рэфэрэндуме гэтую ініцыятыву падтрымалі б 83% апытаных, супраць былі б 4% і не галасавалі б 9%.

Сацыёлягі нагадалі, што сёлета ў чэрвені ўступ Украіны ў NATO падтрымлівалі 76% рэспандэнтаў.

Апроч таго, 86% апытаных паведамілі, што на рэфэрэндуме падтрымалі б уступ Украіны ў Эўразьвяз, супраць гэтага выказаліся 3% і не галасавалі б 7% рэспандэнтаў.

Сацыялягічная група «Рэйтынг» 1–2 кастрычніка апытала па тэлефонах 2000 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых ва ўсіх абласьцях, апроч часова акупаваных тэрыторый Крыму і Данбасу. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці складае ня больш за 2,2%.

30 верасьня, калі Расея заявіла аб анэксіі чатырох акупаваных абласьцей Украіны, украінскія ўлады падпісалі заяўку аб уступе ў NATO паводле паскоранай працэдуры.

Трэць краін-сябраў NATO — 9 краін Эўропы і Канада (10 з 30) — пазытыўна адгукнуліся на заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Паўночнаатлянтычны альянс.

​
XS
SM
MD
LG