Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступ у NATO паводле паскоранай працэдуры


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 28 верасьня 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 28 верасьня 2022

Пра гэта ўкраінскі прэзыдэнт заявіў па выніках пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Заяўку падпісалі кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук, прэм'ер-міністар Дзяніс Шмыгаль і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пакуль прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступаў з нагоды незаконнай анэксіі чатырох абласьцей Украіны і заклікаў Украіну сесьці за стол перамоваў і спыніць баявыя дзеяньні, у большасьці абласьцей Украіны абвяшчалася паветраная трывога ў сувязі з пагрозай абстрэлаў расейскімі войскамі. У тым ліку ў Запароскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях.

Цырымонія, зьвязаная зь незаконнай анэксіяй Расеяй частак чатырох акупаваных расейскімі войскамі абласьцей Украіны, адбылася 30 верасьня ў Крамлі. На ёй выступіў Пуцін.

Гэтай цырымоніі папярэднічала выданьне ўказаў Пуціна аб прызнаньні незалежнасьці часткова акупаваных Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны.

Як ва Ўкраіне адрэагавалі на гэтыя падзеі? Сабралі першыя рэакцыі.

Зяленскі склікаў стаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага і РНБА

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі склікаў стаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага. На ёй заслухалі справаздачы камандуючых войскамі на апэратыўных кірунках, а таксама абмеркавалі актуальную сытуацыю на тых участках фронту, дзе цяпер адбываюцца найбольш інтэнсіўныя баі. Асобна, як паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта, удзельнікі стаўкі прааналізавалі імаверныя дзеяньні расейцаў найбліжэйшым часам.

Адразу пасьля пасяджэньня Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што разгледзелі плян далейшага вызваленьня ўкраінскіх тэрыторый і апрацавалі пытаньне аб забесьпячэньні Ўзброеных сіл Украіны зброяй і боепрыпасамі на найбольш гарачых кірунках.

Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступ у NATO паводле паскоранай працэдуры

«Мы кантралюем сытуацыю. Усё будзе Ўкраіна», — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле ўкраінскіх СМІ, увечары чакаецца выступ Уладзіміра Зяленскага.

30 верасьня, паводле Сяргея Нікіфарава, прэсавага сакратара ўкраінскага прэзыдэнта, адбылося пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.

На пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны абмеркавалі шляхі супрацьдзеяньня спробам краіны-агрэсаркі анэксаваць украінскія тэрыторыі. У той жа час гэтыя крокі ў прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны не ўдакладнялі.

Сярод іншых тэм абмеркавалі ўзмацненьне і пашырэньне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку Ўкраіны, павелічэньне вайскова-тэхнічнай дапамогі, узмацненьне санкцый супраць Расеі, а таксама актывізацыю стратэгіі ядзернага стрымліваньня Расеі з боку краін эўраатлянтычнай прасторы.

Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, коратка адрэагаваў у сваім тэлеграм-канале на выступ Уладзіміра Пуціна і ягоную спробу анэксіі ўкраінскіх тэрыторый.

«Мы працуем далей і вызваляем украінскія тэрыторыі. І не зьвяртаем увагу на тых, каму час піць таблеткі. Армія працуе, Украіна — адзіная. Толькі наперад, Украіна!», — напісаў ён.

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка разьмясьціў у сваім тэлеграм-канале фатаздымак, на якім Уладзімір Пуцін разам з кіраўнікамі акупацыйных уладаў чатырох абласьцей Украіны, і падпісаў яго: «Фота для трыбуналу ў Гаазе».

Пазьней ён дадаў: «Пуцін прымае ў склад Расеі „рэспублікі“. Ну, Узброеныя сілы Ўкраіны дадуць найлепшы камэнтар гэтага фарсу. Чакаем».

Антон Герашчанка, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны, заявіў, што за рашэньне аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторый заходнія краіны павінны разарваць з Расеяй усе гандлёвыя дачыненьні і актывізаваць дапамогу Ўкраіне ўзбраеньнем.

«Незалежна ад таго, што заявіў сёньня крывавы дыктатар, кат народаў — Пуцін, Украіна прадоўжыць змагацца! На зямлі, у паветры, на вадзе і пад вадой», — напісаў Антон Герашчанка ў сваім тэлеграм-канале.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG