Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН вынесьлі праект рэзалюцыі, які абвяшчае расейскія псэўдарэфэрэндумы ва Ўкраіне і спробы анэксіі «незаконнымі»


77-я сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. Ілюстрацыйнае фота
77-я сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. Ілюстрацыйнае фота

Дакумэнт заклікае краіны сьвету не прызнаваць зьмены статусу чатырох украінскіх вобласьцяў.

Рада Бясьпекі ААН заплянавала на пятніцу галасаваньне рэзалюцыі, якая асуджае Расею за яе «незаконныя так званыя рэфэрэндумы» ў чатырох украінскіх вобласьцях і абвяшчае, што яны «ня маюць сілы».

Праект рэзалюцыі, прапанаваны ЗША і Альбаніяй, заклікае ўсе краіны не прызнаваць зьмены статусу Луганскай, Данецкай, Хэрсонскай і Запароскай вобласьцяў Украіны.

Дакумэнт пацьвярджае прыхільнасьць ААН да сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласьці і незалежнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах.

Крэмль аб’явіў аб плянах далучыць падкантрольныя Расеі тэрыторыі чатырох вобласьцяў, і Расея, пэўна, накладзе вэта на праект рэзалюцыі.

Амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд раней на тыдні заявіла, што калі гэта адбудзецца, ЗША і Альбанія вынесуць рэзалюцыю на галасаваньне ў Генэральнай Асамблеі ААН, дзе права вэта няма.

Праект рэзалюцыі, атрыманы Associated Press, патрабуе ад Расеі «ўстрымлівацца ад дзеяньняў, накіраваных на частковае або поўнае разбурэньне нацыянальнага адзінства і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны».

Ён таксама патрабуе вываду ўсіх расейскіх войскаў з Украіны.

Між тым Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што разглядае «ўсе варыянты» у адказ на пляны Расеі анэксаваць новыя ўкраінскія тэрыторыі.

«Разглядаюцца ўсе варыянты, калі ідзецца аб дадатковых выдатках для Расеі ў адказ на яе злачынствы, працяг ўварваньня ва Ўкраіну і, вядома ж, на яе нядаўнія паведамленьні аб фікцыйных рэфэрэндумах і намаганьнях, зьвязаных з анэксіяй», — заявіў намесьнік прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту Вэдант Патэль.

«Мы надалей будзем выкарыстоўваць розныя інструмэнты і вагары, якія маем, для прыцягненьня Расеі да адказнасьці і будзем падтрымліваць украінскі народ, — дадаў Патэль. — Мы ніколі не прызнаем гэтыя тэрыторыі як расейскія. Яны заўсёды будуць украінскімі і ў складзе Ўкраіны».

Эўрапейскія лідэры асудзілі заяву Масквы аб тым, што яна далучыць да Расеі чатыры акупаваныя ўкраінскія вобласьці пасьля арганізаваных Крамлём фальшывых «рэфэрэндумаў».

Эўрапейскія лідэры паабяцалі ніколі не прызнаваць гэты крок.

Ян Ліпаўскі, прэмʼер-міністар Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, адпрэчыў «аднабаковую анэксію» падчас «цалкам сфальсыфікаванай працэдуры, якая ня мае легітымнасьці».

Падчас выступу ў чэскай грамадзкай тэлевізіі Ліпаўскі асудзіў рэфэрэндумы, назваўшы іх «тэатральнай пастаноўкай». Паводле яго, чатыры вобласьці застануцца тэрыторыяй Украіны.

Прэмʼер-міністар Італіі Марыё Драгі ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім заявіў, што яго краіна ніколі не прызнае незаконныя рэфэрэндумы, паведаміў офіс Драгі.

Прэмʼер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн напісала ў Twitter, што яе краіна «ніколі не прызнае ніякіх спробаў анэксіі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG