Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар ААН: Анэксія Данецкай, Луганскай, Запароскай, Херсонскай вобласьцяў незаконная і ня будзе мець юрыдычнай сілы


Антонію Гутэрыш
Антонію Гутэрыш

Антонію Гутэрыш заявіў назваў магчымую анэксію Расеяй ўкраінскіх тэрыторыяў «небясьпечнай эскаляцыяй» і заявіў, што дзеяньні Масквы ставяць пад пагрозу пэрспэктывы ўсталяваньня міру ў рэгіёне.

Калі Расея працягне рэалізацыю сваіх плянаў анэксіі чатырох рэгіёнаў Украіны, гэта будзе азначаць «небясьпечную эскаляцыю», якая паставіць пад пагрозу пэрспэктывы ўсталяваньня міру ў рэгіёне, заявіў у чацьвер Генэральны сакратар ААН.

«Усякае рашэньне аб далучэньні Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў Украіны ня будзе мець юрыдычнай сілы і заслугоўвае асуджэньня», — заявіў журналістам генэральны сакратар Антонію Гутэрыш.
Пастаяннае прадстаўніцтва Расеі пры ААН абвінаваціла Гутэрыша ў парушэньні Статуту арганізацыі.

«Мы шкадуем з прычыны заявы Генэральнага сакратара ААН, — гаворыцца ў заяве расейскай місіі. — Наконт сытуацыі вакол Украіны Генэральны сакратар ААН пасьлядоўна дэманструе такі ж выбіральны падыход, як і краіны калектыўнага Захаду, літаральна ставячы сябе зь імі ў адзін шэраг».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пятніцу павінен падпісаць дакумэнты, якія абвяшчаюць анэксію Расеяй чатырох вобласьцяў Украіны, бо Масква сьпяшаецца зафіксаваць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, якія ўкраінскае войска пагражае ануляваць на полі бою.

Гэты крок прывядзе да афіцыйнай анэксіі 15% тэрыторыі Ўкраіны, яго рэалізацыя пацьвярджае, што Пуцін не адмовіўся ад вядзеньня вайны супраць Украіны, нягледзячы на сур’ёзныя ваенныя правалы, якія Расея пацярпела ў верасьні ў выніку кантранаступу ўкраінцаў.

Гутэрыш сказаў, што псэўдарэфэрэндумы праводзіліся ва ўмовах расейскай акупацыі і па-за праўнымі і канстытуцыйнымі рамкамі Ўкраіны.

«Усякае рашэньне Расеі аб працягу яе дзеяньняў паставіць пад яшчэ большую пагрозу пэрспэктывы міру, — сказаў Гутэрыш. — Гэта падоўжыць драматычныя наступствы для сусьветнай эканомікі, асабліва ў краінах, якія разьвіваюцца, і абмяжуе нашы здольнасьці дастаўляць жыцьцёва важную дапамогу ва Ўкраіну і за яе межамі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG