Каля трэці краін-сябраў NATO (9 з 30) пазытыўна адгукнуліся на яе заяўку на ўступленьне ў Паўночнаатлянтычны альянс па паскоранай працэдуры.
2 кастрычніка прэзыдэнты Чэхіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Польшчы, Румыніі і Славакіі выступілі з сумеснай заявай.
У заяве яны асудзілі «спробы Расеі незаконна анэксаваць украінскія тэрыторыі» і заклікалі членаў NATO павялічыць дапамогу Ўкраіне для яе супрацьстаяньня расейскаму ўварваньню.
«Мы яшчэ раз заяўляем аб падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Мы не прызнаем і ніколі не будзем прызнаваць спробаў Расеі анэксаваць якую-небудзь украінскую тэрыторыю. Мы рашуча падтрымліваем рашэньне бухарэсцкага саміту NATO ў 2008 годзе адносна будучага сяброўства Ўкраіны. Мы падтрымліваем Украіну ў яе абароне ад уварваньня Расеі, патрабуем ад Расеі неадкладнага выхаду з усіх акупаваных тэрыторый і заклікаем усіх чальцоў Альянсу значна павялічыць ваенную дапамогу Ўкраіне», — гаворыцца ў заяве.
Прэзыдэнты падкрэсьлілі, што «ўсе, хто зьдзяйсьняе агрэсіўныя злачынствы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці».
У заяве, апублікаванай на сайце прэзыдэнта Літвы, указваецца, што лідэры краін, якія выступілі з заявай, «наведалі Кіеў падчас вайны і на свае вочы бачылі наступствы расейскай агрэсіі» і ня могуць маўчаць «перад абліччам грубага парушэньня Расейскай Фэдэрацыяй міжнароднага права».
30 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указы аб «далучэньні» да Расейскай Фэдэрацыі (фактычна анэксіі) часткова акупаваных тэрыторыяў Запароскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласьцей.
Украіна і Захад асудзілі такія незаконныя дзеяньні Крамля. Кіеў, Вашынгтон, а таксама Брытанія і Канада абвясьцілі аб новых санкцыях супраць РФ.
У той жа дзень прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Кіеў падае заяўку на ўступленьне ў NATO па паскоранай працэдуры. NATO адказала, што для гэтага патрэбная згода ўсіх 30 чальцоў Паўночнаатлянтычнага альянсу.