Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джордж Клуні назваў вясноўцаў сапраўднымі героямі». Як «Вясьне» ўручалі прэмію «За справядлівасьць»


Аліна Стэфановіч падчас цырымоніі ўзнагароды з Джорджам Клуні і ягонай жонкай Амаль (у цэнтры)
Аліна Стэфановіч падчас цырымоніі ўзнагароды з Джорджам Клуні і ягонай жонкай Амаль (у цэнтры)

Праваабарончы цэнтар «Вясна» 30 верасьня атрымаў прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную фондам Клуні «За справядлівасьць». Лідэры «Вясны» за кратамі, таму на ўрачыстую цырымонію ў Нью-Ёрк запрасілі жонку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча Аліну.

Фонд Клуні «За справядлівасьць» быў заснаваны ў 2016 годзе славутым амэрыканскім акторам Джорджам Клуні і ягонай жонкай Амаль Клуні для пашырэньня правасудзьдзя ў залях суду, аўдыторыях і розных супольнасьцях па ўсім сьвеце.

Прэмія The Albie Awards 2022, названая па імені судзьдзі Албі Сакса з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, уручаецца ня толькі з мэтай узнагародзіць і прызнаць заслугі пэўных людзей і арганізацый, але і прыцягнуць увагу да сытуацыі, якая ўсё яшчэ патрабуе вырашэньня.

«„Вясна“ заплаціла высокую цану за сваю працу»

Сёлета ў цэнтар увагі Фонду «Клуні за справядлівасьць» трапілі сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі і непасрэдна сябры праваабарончага цэнтру «Вясна». Сама намінацыя, у якой узнагародзілі беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», называецца «Для абаронцаў дэмакратыі». Прычым арганізатары падкрэсьлілі, што ўручаюць яе за ўсю дзейнасьць «Вясны» за шмат гадоў працы.

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў і вядзе адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму Лукашэнкі... „Вясна“ заплаціла высокую цану за сваю працу: сем сяброў затрымалі па сфабрыкаваных абвінавачваньнях, абодва лідэры арганізацыі знаходзяцца ў турме», — адзначылі арганізатары.

З прычыны таго, што шасьцёра вясноўцаў дагэтуль знаходзяцца за кратамі (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Леанід Судаленка, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк), атрымаць узнагароду запрасілі жонку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча Аліну Стэфановіч.

Кожнага намінанта прадстаўлялі знакамітасьці: Джулія Робэртс, Мішэль Абама, Оскар Айзэк

Урачыстая цырымонія праходзіла ў найлепшых галівудзкіх традыцыях, была чырвоная дывановая дарожка, па якой трэба было ісьці, расказала Аліна.

«Гэта ўсё адбывалася ў Нью-ёрскай публічнай бібліятэцы. Былі пытаньні ад прэсы, шматлікія фатаздымкі, шмат гасьцей — Мэрыл Стрып, Джулія Робэртс, Джон Олівэр, Дуа Ліпа, Джон Красінскі, Сіндзі Кроўфард. Мы спачатку размаўлялі, быў невялічкі банкет, потым прайшлі ў галоўную залю.

Вядомы брытанскі комік Джон Олівэр вёў гэту цырымонію. Кожнага намінанта прадстаўлялі знакамітасьці. Да прыкладу, праваабаронцаў з Кеніі, якія выйгралі ў намінацыі „За правы жанчын“, прадстаўляла Джулія Робэртс. Яшчэ адных намінантаў прадстаўляла Мішэль Абама.

Мне непасрэдна ўручаў прэмію Оскар Айзэк, вядомы амэрыканскі актор. Ён праявіў вельмі вялікую цікавасьць да Беларусі, відавочна, зрабіў сваё ўласнае дасьледаваньне перад цырымоніяй. І сапраўды я была вельмі ўражаная, наколькі добра гэтыя людзі — акторы, бізнэсоўцы, палітыкі — ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі, наколькі яна хвалюе іх, як яны перажываюць за тое, што адбываецца ў далёкай краіне», — дзеліцца ўражаньнямі Аліна Стэфановіч.

«Вясноўцаў Джордж Клуні назваў сапраўднымі героямі»

«Гэтыя людзі з гатоўнасьцю трапілі ў турму, таму што верылі настолькі цьвёрда, змагаліся за незалежнасьць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканалу CBS напярэдадні цырымоніі.

Аліна Стэфановіч зачытала ліст мужа Валянціна Стэфановіча, дзе ён піша пра найглыбейшы за ўсю найноўшую гісторыю крызіс правоў чалавека, калі тысячы палітвязьняў утрымліваюцца ў турмах, пазбаўленыя волі толькі за тое, што выказвалі сваю думку, патрабавалі справядлівых выбараў, выконвалі свае журналісцкія абавязкі і аб’ектыўна асьвятлялі тое, што адбываецца ў краіне.

«На жаль, і ў ХХІ стагодзьдзі беларусы вымушаныя змагацца за, здавалася б, такую простую рэч — дэмакратыю. Сёньня, калі аўтакратыі Расеі і Беларусі імкнуцца вярнуцца да звыклага ім двупалярнага сьвету і навязаць іншым народам сваю „асаблівую цывілізацыю“, нават праз разьвязваньне войнаў, праца праваабаронцаў набывае асаблівае значэньне, бо правы чалавека — гэта культура міру, а не вайны», — падкрэсьліў у сваім звароце Валянцін Стэфановіч.

І завяршыў ён аптымістычнымі словамі клясыка Максіма Багдановіча:

«Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня», — зачытала ліст мужа Аліна.

Беларусы — рэкардсмэны на колькасьці зваротаў у Камітэт правоў чалавека ААН

Жонка праваабаронцы Валянціна Стэфановіча прызнаецца, што ёй было цікава паразмаўляць ня толькі са знакамітасьцямі, але і зь юрыстамі, якія працуюць у Камітэце правоў чалавек ААН і разглядаюць шматлікія скаргі, што пішуць беларусы, бо ім няма куды больш скардзіцца.

«На жаль, ні Эўрапейскі суд у правах чалавека, ні іншыя прававыя мэханізмы беларусам недасяжныя. Мы мелі доўгую размову, чаму менавіта ў КЧП ААН зьвяртаецца столькі беларусаў — яны рэкардсмэны ў зьвяртаньні ў гэтую інстытуцыю.

Мне здаецца, гэта былі ня тыя людзі, якія сустрэліся і пагаварылі на кухні, — іхны ўплыў значна большы. Таму я маю на іх спадзеў. Тым больш сытуацыя ў Беларусі завязаная на сытуацыі ў рэгіёне, гэта такі адзін клубок праблем, і я думаю, што вырашацца яны таксама будуць разам. Відавочна, што тыя людзі, што сабраліся на цырымонію ўручэньня прэміі The Albie Awards, могуць паўплываць на такія рашэньні», — перакананая Аліна Стэфановіч.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG