Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясьне» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам Джорджа і Амаль Клуні


Аліна Стэфановіч (у цэнтры) побач з заснавальнікамі Фонду «Клуні за справядлівасьць», сужанцамі Джорджам і Амаль Клуні
Аліна Стэфановіч (у цэнтры) побач з заснавальнікамі Фонду «Клуні за справядлівасьць», сужанцамі Джорджам і Амаль Клуні

Прэмію ў намінацыі «Справядлівасьць для абаронцаў дэмакратыі» прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзьняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам «Клуні за справядлівасьць», у намінацыі «Справядлівасьць для абаронцаў дэмакратыі».

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем сябраў „Вясны“ былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачаньнях, абодва лідэры арганізацыі ў турме», — цытуе арганізатараў праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Гэтыя людзі былі гатовыя трапіць у турму, бо верылі настолькі цьвёрда, змагаліся за незалежнасьць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканалу CBS напярэдадні ўручэньня прэміі.

Аліна Стэфановіч
Аліна Стэфановіч

Прэмію прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзьняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. У прамове яна адзначыла:

«Больш за два дзесяцігодзьдзі мы з мужам і нашы адважныя калегі змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі. Як лідэр „Вясны“ менавіта ён павінен быў стаяць тут сёньня і атрымліваць гэтую выдатную ўзнагароду. Ён ня можа гэтага зрабіць, бо ён за кратамі. Мне ўдалося выехаць зь Беларусі, каб выратаваць нашых дзяцей, і для мяне вялікі гонар прыняць гэтую ўзнагароду ад імя „Вясны“».

Аліна на цырымоніі таксама зачытала ліст ад свайго мужа.

Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар судзьдзі Албі Сакса, вядомага сваім гераічным імкненьнем пакончыць з апартгэйдам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасьць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.

Фонд «Клуні за справядлівасьць» заснаваны ў 2016 годзе Джорджам і Амаль Клуні для падтрыманьня правасудзьдзя ў залях суду, аўдыторыях і супольнасьцях па ўсім сьвеце.

У сьвяточнай цырымоніі ў Нью-Ёрку ўзялі ўдзел сьпевакі і сьпявачкі, акторы, актрысы, бізнэсмэны і мадэлі — у тым ліку, Джулія Робэртс, Мэрыл Стрып, Джон Олівэр, Дуа Ліпа, Джон Красінскі, Сіндзі Кроўфард.

«Вясна» заявіла, што ня спыніць працу

У верасьні Сьледчы камітэт выставіў больш жорсткія абвінавачаньні старшыню «Вясны» Алесю Бяляцкаму, яго намесьніку Валянціну Стэфановічу і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімеру Лабковічу.

Больш за год праваабаронцаў трымалі пад вартай як абвінавачаных паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў), але зараз справу паводле гэтага артыкула спынілі. Ім выставілі абвінавачаньні паводле арт. 228 (кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 КК (навучаньне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці).

«З абурэньнем адзначаем, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч больш за год правялі ў зьняволеньні, без сустрэчаў і тэлефонных размоваў з сваімі сем‘ямі паводле абвінавачаньня, ад якога Сьледчы камітэт цяпер цалкам адмовіўся, — гаворыцца у заяве «Вясны». — Абвінавачаньні нашым калегам, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем праваабарончай дзейнасьці, аказаньнем дапамогі ахвярам палітычна матываванага перасьледу, сталі наступствам пазбаўленьня рэгістрацыі „Вясны“ і адмовы ў паўторнай рэгістрацыі, што Камітэт правоў чалавека ААН двойчы ацаніў як парушэньне права на свабоду аб’яднаньняў».

У дакумэнце адзначана, што супраць праваабаронцы «Вясны» Зьмітра Салаўёва, які атрымаў міжнародную абарону за мяжой, пачатае так званае «спэцыяльнае вядзеньне», якое дапускае папярэдняе расьсьледаваньне і суда пры адсутнасьці абвінавачанага.

«Салаўёў стаў ахвярай адвольнага затрыманьня і катаваньняў, а пасьля — адвольнага пазбаўленьня волі, жорсткага, бесчалавечнага, зьняважлівага абыходжаньня, адмовы надаць мэдычную дапамогу ў сувязі з атрыманымі траўмамі ў лютым 2021 году, пасьля чаго ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, асьцерагаючыся далейшага адвольнага перасьледу і адмовы ў правасудзьдзі», — падкрэсьлілі праваабаронцы.

«Чарговая атака таталітарнага рэжыму», як сказана ў заяве, адбылася ў форме выракаў каардынатарцы валянтэрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і валянтэру Андрэю Чапюку, якім прысудзілі адпаведна 15 і 6 гадоў калёніі, а таксама ўтрыманьня ў папраўчай калёніі юрыста гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леаніда Судаленкі. Пад арыштам застаюцца праваабаронцы Ўладзімер Целяпун і Анастасія Лойка.

«Завочнае вядзеньне ў крымінальных справах канчаткова пазбаўляе абвінавачаных асноўных правоў, адпаведных міжнародным абавязаньням Беларусі, у тым ліку права на абарону, і закладае падставы для вынясеньня несправядлівага прысуду», — канстатавалі праваабаронцы.

Прадстаўнікі «Вясны» запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і заявілі, што ня спыняць сваёй праваабарончай дзейнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG