Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны» перакваліфікавалі абвінавачаньні. Ім пагражае да 12 гадоў турмы


Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч
Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1 ужо год і два месяцы. Іх трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (нявыплата падаткаў).

Стала вядома, што праваабаронцам зьмянілі абвінавачаньні на больш жорсткія.

Цяпер Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Ўладзімеру Лабковічу пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Крымінальную справу ў дачыненьні Стэфановіча, і, як мяркуецца, Бяляцкага, Лабковіча і іншых «вясноўцаў» паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (нявыплата падаткаў) спынілі.

Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны «не зарэгістравалі арганізацыі, якой кіруюць, у вызначаным парадку ў якасьці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасьці падаткаплатніка, і не падалі адпаведных зьвестак у падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў зьвесткі аб ажыцьцёўленых выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнаньня арганізацыі падатковым агентам».

Але нікога зь фігурантаў ня вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачаньні. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу і фінансаваньні групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Вядома, што прэтэнзіі ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачаньні за нявыплату падаткаў, але цяпер дзеяньні праваабаронцаў перакваліфікавалі. Тром палітзьняволеным цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў турмы.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка бачыць у гэтым «павышэньне ставак» рэжымам.

«Рэжым павышае стаўкі, выстаўляючы адно за другім абвінавачаньні, — адно недарэчнейшае за другое. Спачатку нашых калегаў пратрымалі ў турме больш за год па абвінавачаньні, ад якога нават цяпер, падчас глыбокага прававога крызісу, ім давялося адмовіцца. Але на сьвет зьявілася новае — больш недарэчнае і больш жорсткае абвінавачваньне, якім кваліфікавалі парушэньні пры перамяшчэньні празь мяжу грошай на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і падтрымку дзейнасьці ПЦ „Вясна“.

Пакідаючы за дужкамі пытаньне пра тое, як і наколькі гэта ўсё адпавядае фактам і пацьвярджаецца адпаведнымі доказамі, хочацца атрымаць ад уладаў адказ на даўняе пытаньне: якім чынам магла выконваць нейкія фармальнасьці арганізацыя, адвольна (па высновах Камітэту правоў чалавека ААН) пазбаўленая рэгістрацыі?»

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG