Лінкі ўнівэрсальнага доступу

La Repubblica: NATO папярэдзіла сваіх чальцоў, што ў мора выйшла расейская падводная лодка са зброяй «суднага дня»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Італьянская газэта сьцьвярджае, што на борце «Белгорода» знаходзяцца восем найноўшых расейскіх супэртарпэдаў «Посейдон».

La Repubblica публікуе інфармацыю пра выхад у мора з аднаго з паўночных партоў Расеі найноўшай субмарыны «Белгород», якая была ўведзеная ў эксплюатацыю ў ліпені 2022 году.

Паводле La Repubblica, гэтая тарпэда была прадстаўленая Крамлём у 2018 годзе як адна з сыстэм, якая верне Расеі стратэгічную перавагу. Тарпэда з магутнай ядзернай боегалоўкай можа непрыкметна прайсьці пад вадой дзесяць тысяч кілямэтраў, а пасьля выбухнуць ля ўзьбярэжжа, выклікаўшы радыяактыўнае цунамі. Заражаная радыяцыяй хваля можа сьцерці з твару зямлі такія мэгаполісы, як Нью-Ёрк ці Лос-Анджэлес.

Зрэшты, экспэрты кажуць, што такога ж эфэкту можна дабіцца і зь міжкантынэнтальнымі балістычнымі ракетамі, якія існуюць з 1960-х гадоў.

Італьянскія журналісты спасылаюцца на справаздачу выведкі NATO, якая была адпраўленая у апошнія дні найбольш важным саюзным камандаваньням, і ў якой паведамлялася аб перамяшчэньні атамнай падводнай лодкі «Белгород».

Лодка знаходзіцца ў паўночных шыротах і, як мяркуюць у NATO, яе місія можа заключацца ў тым, каб упершыню выпрабаваць супэртарпэду «Посейдон», якую часта называюць «зброяй Апакаліпсісу».

Гэтую тарпэду цяжка перахапіць з дапамогай радараў, бо яна рухаецца амаль бяз гуку. Злучаныя Штаты маюць сетку спадарожнікаў з інфрачырвонымі датчыкамі для таго, каб адсочваць вылет расейскіх ракет, бо пры іх адбываецца моцны выкід цяпла з рухавікоў. Але спадарожнікі ня бачаць таго, што адбываецца ў марскіх глыбінях. Супэртарпэда «Посейдон» была спраектаваная так, каб выпраменьваць вельмі мала цяпла і бясшумна рухацца пад вадой з хуткасьцю больш за сто кілямэтраў на гадзіну.

Падводная лодка К-329 «Белгород», піша газэта, лічыцца прататыпам новай канцэпцыі вайны, задуманай пуцінскімі адміраламі ў апошнія гады, пасьля вяртаньня напружанасьці ў адносінах з ЗША.

Ня маючы буйных авіяносцаў і крэйсэраў, каб скласьці канкурэнцыю ВМС ЗША, расейцы, паводле La Repubblica, засяродзіліся на падводных апаратах. «Белгород» мае 184 мэтры ў даўжыню і 15 мэтраў у шырыню, ён можа перамяшчацца пад вадой з хуткасьцю каля шасьцідзесяці кілямэтраў за гадзіну. Лодка мае вялікую аўтаномію, яна можа знаходзіцца пад вадой прыкладна 120 дзён без неабходнасьці ўсплываньня на паверхню.

Прапэлеры К-329 «Белгород» таксама лічацца інавацыйнымі, таму што яны прызначаныя для абароны ад санараў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG