Украіна афіцыйна прызнала, што апошні абмен палоннымі з Расеяй ажыцьцяўляўся на мяжы зь Беларусьсю

Украінскія вайскоўцы, вернутыя з палону пры абмене на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю
Украінскія вайскоўцы, вернутыя з палону пры абмене на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў аб складанай лягістыцы, якую распрацавалі, каб пасьпяхова правесьці найбольшы з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абмен палоннымі з Расеяй.

Паводле яго, адначасова з Расеі вылецелі адразу два самалёты — у Саудаўскую Арабію з 10 іншаземцамі, якія ваявалі на баку Ўкраіны, і ў Турэччыну — зь пяцьцю камандзірамі батальёну «Азоў».

«Крыху пазьней распачалася працэдура вяртаньня 200 нашых герояў і гераінь, якая адбывалася на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю», — паведаміў Дзьмітро Лубінец 28 верасьня на брыфінгу ў Кіеве.

У той жа час Дзьмітро Лубінец не ўдакладніў, ці залучаліся да перамоў аб лягістыцы абмену прадстаўнікі ўлады Беларусі.

Свабода паведамляла, што ўпершыню абмен палоннымі між Расеяй і Ўкраінай праходзіў праз тэрыторыю Беларусі. Да гэтага часу ўсе абмены ажыцьцяўляліся праз акупаваны Крым і Запароскую вобласьць. Аднак афіцыйна гэтую інфармацыю адмовіліся пацьвердзіць у Дзяржаўнай памежнай службе, Службе бясьпекі і Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

У ноч на 22 верасьня стала вядома пра найбольшы за ўвесь час з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абмен палоннымі між Расеяй і Ўкраінай. Абмен ажыцьцяўляўся ў розных лякацыях.

Гэта была 28-я па ліку апэрацыя па абмене палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў Украіны і Расеі. Украіна абмяняла прарасейскага палітыка, кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука і яшчэ 55 расейскіх палонных на 215 абаронцаў Украіны.

​
XS
SM
MD
LG